Печатать книгуПечатать книгу

§ 16. ПРАБЛЕМА СТАРЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

icon
Успамінаем. Якія існуюць тыпы ўзроставай структуры насельніцтва? У якіх краінах доля маладых узростаў найбольшая? Што такое дэмаграфічнае старэнне насельніцтва?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму штогод павялічваецца колькасць насельніцтва пажылога ўзросту? Да якіх эканамічных наступстваў прыводзіць павелічэнне колькасці пажылога насельніцтва? Чаму эканамістам і дэмографам неабходна працаваць разам над вырашэннем праблемы старэння насельніцтва?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 16. ПРАБЛЕМА СТАРЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 26 Апрель 2024, 18:12

Перадумовы старэння насельніцтва свету. Пачынаючы з другой паловы ХХ ст. у свеце назіраецца скарачэнне штогадовых тэмпаў росту насельніцтва, якія не намнога перавышаюць 1 %. Развіццё медыцыны прывяло да скарачэння смяротнасці насельніцтва да рэкордна нізкіх значэнняў (7 ‰) і павелічэння працягласці жыцця да максімальна высокіх значэнняў (72,5 года) у сярэднім па свеце. Дадзеныя змяненні адбываліся на фоне зніжэння нараджальнасці насельніцтва з 19 ‰ да 7,5 ‰. Гэтыя працэсы адносяцца да перадумоў старэння насельніцтва свету (мал. 101).

img
Мал. 101. Перадумовы старэння насельніцтва свету

Асноўнай эканамічнай перадумовай старэння насельніцтва выступае агульны рост узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця свету. Гэта знайшло адлюстраванне ў павелічэнні сярэднедушавога даходу да 17 948 дол.

Дынаміка ўзроставай структуры насельніцтва свету і рэгіёнаў. Перадумовы старэння аказалі моцны ўплыў на змяненне ўзроставай структуры насельніцтва свету. У выніку скарачэння нараджальнасці назіраецца зніжэнне долі насельніцтва ва ўзросце 0–14 гадоў (мал. 102). Пад уплывам росту працягласці жыцця насельніцтва, скарачэння смяротнасці і росту даходаў адбылося небывалае ў гісторыі чалавецтва павелічэнне колькасці і долі насельніцтва старэйшых узростаў ва ўзросце 60+ гадоў (мал. 103).

img
Мал. 102. Дынаміка колькасці і долі насельніцтва ўзроставай групы 0–14 гадоў у структуры насельніцтва свету
img
Мал. 103. Дынаміка колькасці і долі насельніцтва ўзроставай групы 60+ гадоў у структуры насельніцтва свету

У сувязі з гэтым у свеце адбыліся: 1) змена тыпаў узнаўлення насельніцтва; 2) пераход ад прагрэсіўнага да стацыянарнага і рэгрэсіўнага тыпаў узроставай структуры; 3) незваротнае старэнне, якое эксперты ААН называюць «трыумфам развіцця чалавецтва».

icon Паразважаем. Растлумачце, чаму эксперты ААН назвалі старэнне насельніцтва «трыумфам развіцця чалавецтва».

Паміж рэгіёнамі існуюць вялікія адрозненні ў дынаміцы ўзроставай структуры насельніцтва. Так, у краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі ўжо ў 1950 г. назіраліся прыкметы дэмаграфічнага старэння. Тут доля насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў складала 12 %. Аднак і ў Еўропе, і ў Паўночнай Амерыцы яшчэ захоўвалася адносна высокая доля дзяцей у структуры насельніцтва — каля 30 %.

icon Паразважаем. Успомніце, якія існуюць шкалы старэння.

Аўстралія як эканамічна развітая краіна знаходзілася ў гэты час «на парозе старасці». Доля яе насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў дасягнула 11 %. Астатнія рэгіёны свету — Афрыка, Паўднёвая Амерыка і Азія — характарызаваліся маладой узроставай структурай, у якой больш за 40 % складалі дзеці, і старэння насельніцтва там не адбывалася.

Да 2020 г. узроставая структура насельніцтва свету істотна змянілася. Ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Афрыкі, адбываецца старэнне. Самымі дэмаграфічна пастарэлымі з’яўляюцца краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі. У іх насельніцтва старэйшых узростаў складае 26 % і 23 % адпаведна. Афрыка ўяўляе ў ХХІ ст. той унікальны рэгіён свету, дзе ва ўзроставай структуры насельніцтва змяненняў практычна не адбылося. Доля дзяцей тут па-ранейшаму ў сярэднім складае 40 % (табл. 4).

Табліца 4. Дынаміка долі насельніцтва ўзроставых груп 0–14 гадоў і 60+ гадоў па рэгіёнах свету, %

Рэгіёны 1950 2020
0–14 гадоў 60+ гадоў 0–14 гадоў 60+ гадоў
Еўропа 26 12 16 26
Азія 36 7 23 26
Паўночная Амерыка 27 12 18 23
Паўднёвая Амерыка 40 6 24 13
Афрыка 41 5 40 6
Аўстралія і Акіянія 30 11 24 18

Адрозненні ў дынаміцы полаўзроставай структуры развітых краін і краін, якія развіваюцца, можна прасачыць на малюнку 104.

img
Мал. 104. Дынаміка полаўзроставай структуры развітых краін і краін, якія развіваюцца, млн чал.

icon Паразважаем. Успомніце, якія існуюць тыпы полаўзроставых пірамід. Вызначыце тып піраміды рэгіёнаў свету ў 2020 г.

icon Свет і Беларусь. Які тып полаўзроставай структуры і піраміды характэрны для Рэспублікі Беларусь?

Сутнасць праблемы старэння насельніцтва. Сучасны стан праблемы старэння насельніцтва характарызуецца некалькімі асноўнымі тэндэнцыямі.

icon Паразважаем. Якія краіны з’яўляюцца самымі старымі па долі насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў?

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны, дзе адзначаецца дэмаграфічнае старэнне насельніцтва, і краіны з вялікай доляй маладога насельніцтва.

Па-першае, гэта беспрэцэдэнтныя маштабы старэння. У цяперашні час каля 1 млрд чал. у свеце знаходзяцца ва ўзросце 60+ гадоў, гэта значыць практычна кожны сёмы. Па-другое, пажылое насельніцтва штогод павялічваецца больш чым у два разы хутчэй, чым усё насельніцтва свету — 2,6 % супраць 1,1 %. Па-трэцяе, адбываецца хуткае павелічэнне сярэдняга ўзросту жыхароў свету. Калі ў 1950 г. ён складаў 23 гады, то ў 2019 г. — 31 год. Па-чацвёртае, з-за адрозненняў у працягласці жыцця мужчын і жанчын пры старэнні павялічваецца дыспрапорцыя паміж імі ў бок колькаснай перавагі жанчын. На 100 жанчын ва ўзросце 60+ гадоў прыходзіцца 83 мужчыны. Па-пятае, на гэтым фоне расце колькасць удоў. Ва ўзросце 60+ гадоў на 100 жанчын у свеце налічваецца ў сярэднім 48 замужніх, на 100 мужчын — 80 жанатых.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У ХХI ст. у свеце ўтварыліся два цэнтры старэння. Краіны, якія развіваюцца, фарміруюць цэнтр старэння свету. Калі ў 1980 г. у іх пражывала 56 % асоб ва ўзросце 60+ гадоў, то ў 2017 г. — больш за 67 %. Развітыя краіны ўтвараюць цэнтр надзвычай пастарэлай узроставай структуры насельніцтва. У іх 25 % насельніцтва знаходзіцца ва ўзросце 60+ гадоў (мал. 105). Аднак да 2050 г. гэта будзе ўжо амаль кожны трэці жыхар, або 32,9 %, і ўстойлівы сацыяльна-эканамічны рост будзе забяспечвацца «старэючымі» эканомікамі.

img
Мал. 105. Доля насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў па краінах свету, %

Наступствы дэмаграфічнага старэння. Праблема старэння насельніцтва выклікае шэраг наступстваў дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага характару. Напрыклад, яна прыводзіць да змяненняў структуры спажывання старэючага грамадства, а значыць, да змяненняў структуры вытворчасці. У старэючым грамадстве адбываюцца змяненні ў структуры аховы здароўя ў бок развіцця герыятрыі — падрыхтоўкі ўрачоў, што лечаць хваробы пажылых людзей.

Адным з наступстваў старэння з’яўляюцца таксама змяненні ў структуры занятасці насельніцтва, якія без замяшчальнай міграцыі могуць выклікаць дэфіцыт асобных спецыялістаў эканамічнай галіны. У цэлым пад уплывам старэння трансфармуецца грамадства, што непазбежна адбіваецца на ўсіх баках яго жыцця і на эканамічным развіцці.

icon Свет і Беларусь. Якія наступствы дэмаграфічнага старэння могуць быць адчувальныя ў нашай краіне праз 20 гадоў?

img
Мал. 106. Першы ў свеце Міжнародны план дзеянняў па праблемах старэння

Міжнароднае рэгуляванне праблемы старэння насельніцтва. Міжнародная палітыка ў галіне старэння мае вялікую гісторыю. Яна пачалася ў 1982 г. з прыняцця першага ў гісторыі Міжнароднага плана дзеянняў па праблемах старэння на Сусветнай асамблеі па праблемах старэння ў Вене (мал. 106).

icon Клуб географаў-знаўцаў. Венскі план змяшчаў рэкамендацыі ў сямі сферах у адносінах да пажылых людзей: 1) ахова здароўя і харчаванне; 2) абарона інтарэсаў пажылых спажыўцоў; 3) жыллёвыя ўмовы і асяроддзе пражывання; 4) сям’я; 5) сацыяльнае забеспячэнне; 6) гарантаванне даходаў; 7) занятасць і адукацыю.

img
Мал. 107. Міжнародны Мадрыдскі план дзеянняў па праблемах старэння

У 2002 г. на другой Сусветнай асамблеі па праблемах старэння ў Мадрыдзе быў прыняты асноўны дакумент у галіне старэння — Мадрыдскі план дзеянняў па праблемах старэння (МПДПС) (мал. 107). Ім кіруюцца ўрады ўсіх краін свету ў цяперашні час. Галоўная мэта гэтага плана заключаецца ў пабудове грамадства ўсіх узростаў і ва ўключэнні старэючага насельніцтва ў працэс развіцця на ўсіх узроўнях.

Кіруючыся прынцыпамі Мадрыдскага плана, Еўрапейская эканамічная камісія ААН ініцыявала ў далейшым правядзенне чатырох канферэнцый з прыняццем Дэкларацый у галіне старэння (мал. 108).

img
Мал. 108. Мэты канферэнцый у галіне старэння Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН

icon Падвядзём вынікі. Да канца ХХ ст. скарачаецца смяротнасць і павялічваецца працягласць жыцця. Скарачэнне нараджальнасці прывяло да зніжэння колькасці насельніцтва ва ўзросце … гадоў. Рост працягласці жыцця спрыяў павелічэнню долі асоб старэй за … гадоў. У цяперашні час самым дэмаграфічна старым рэгіёнам з’яўляецца …, а самым маладым — … . Праблема старэння насельніцтва выклікае наступствы … і … характару.

icon Праверым свае веды. 1. Чаму ва ўсім свеце адбываецца старэнне насельніцтва? 2. Чаму афрыканскі рэгіён з’яўляецца лідарам па долі маладога насельніцтва? 3. У чым праяўляюцца праблемы, звязаныя са старэннем насельніцтва свету?

icon Ад простага да складанага. 1. Да якіх наступстваў прывядзе старэнне насельніцтва ў развітых краінах? 2. Якія меры неабходна прыняць урадам дзяржаў свету, каб прадухіліць наступствы праблемы старэння насельніцтва?

icon Ад тэорыі да практыкі. Распрацуйце праект мер па вырашэнні праблемы старэння насельніцтва ў асобнай краіне (на ваш выбар).

icon

Web-ресурсы.
Матэрыялы па старэнні насельніцтва Аддзела народанасельніцтва ААН.