§ 16. ПРАБЛЕМА СТАРЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

Дынаміка ўзроставай структуры насельніцтва свету і рэгіёнаў. Перадумовы старэння аказалі моцны ўплыў на змяненне ўзроставай структуры насельніцтва свету. У выніку скарачэння нараджальнасці назіраецца зніжэнне долі насельніцтва ва ўзросце 0–14 гадоў (мал. 102). Пад уплывам росту працягласці жыцця насельніцтва, скарачэння смяротнасці і росту даходаў адбылося небывалае ў гісторыі чалавецтва павелічэнне колькасці і долі насельніцтва старэйшых узростаў ва ўзросце 60+ гадоў (мал. 103).

img
Мал. 102. Дынаміка колькасці і долі насельніцтва ўзроставай групы 0–14 гадоў у структуры насельніцтва свету
img
Мал. 103. Дынаміка колькасці і долі насельніцтва ўзроставай групы 60+ гадоў у структуры насельніцтва свету

У сувязі з гэтым у свеце адбыліся: 1) змена тыпаў узнаўлення насельніцтва; 2) пераход ад прагрэсіўнага да стацыянарнага і рэгрэсіўнага тыпаў узроставай структуры; 3) незваротнае старэнне, якое эксперты ААН называюць «трыумфам развіцця чалавецтва».

icon Паразважаем. Растлумачце, чаму эксперты ААН назвалі старэнне насельніцтва «трыумфам развіцця чалавецтва».

Паміж рэгіёнамі існуюць вялікія адрозненні ў дынаміцы ўзроставай структуры насельніцтва. Так, у краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі ўжо ў 1950 г. назіраліся прыкметы дэмаграфічнага старэння. Тут доля насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў складала 12 %. Аднак і ў Еўропе, і ў Паўночнай Амерыцы яшчэ захоўвалася адносна высокая доля дзяцей у структуры насельніцтва — каля 30 %.

icon Паразважаем. Успомніце, якія існуюць шкалы старэння.

Аўстралія як эканамічна развітая краіна знаходзілася ў гэты час «на парозе старасці». Доля яе насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў дасягнула 11 %. Астатнія рэгіёны свету — Афрыка, Паўднёвая Амерыка і Азія — характарызаваліся маладой узроставай структурай, у якой больш за 40 % складалі дзеці, і старэння насельніцтва там не адбывалася.

Да 2020 г. узроставая структура насельніцтва свету істотна змянілася. Ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Афрыкі, адбываецца старэнне. Самымі дэмаграфічна пастарэлымі з’яўляюцца краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі. У іх насельніцтва старэйшых узростаў складае 26 % і 23 % адпаведна. Афрыка ўяўляе ў ХХІ ст. той унікальны рэгіён свету, дзе ва ўзроставай структуры насельніцтва змяненняў практычна не адбылося. Доля дзяцей тут па-ранейшаму ў сярэднім складае 40 % (табл. 4).

Табліца 4. Дынаміка долі насельніцтва ўзроставых груп 0–14 гадоў і 60+ гадоў па рэгіёнах свету, %

Рэгіёны 1950 2020
0–14 гадоў 60+ гадоў 0–14 гадоў 60+ гадоў
Еўропа 26 12 16 26
Азія 36 7 23 26
Паўночная Амерыка 27 12 18 23
Паўднёвая Амерыка 40 6 24 13
Афрыка 41 5 40 6
Аўстралія і Акіянія 30 11 24 18

Адрозненні ў дынаміцы полаўзроставай структуры развітых краін і краін, якія развіваюцца, можна прасачыць на малюнку 104.

img
Мал. 104. Дынаміка полаўзроставай структуры развітых краін і краін, якія развіваюцца, млн чал.

icon Паразважаем. Успомніце, якія існуюць тыпы полаўзроставых пірамід. Вызначыце тып піраміды рэгіёнаў свету ў 2020 г.

icon Свет і Беларусь. Які тып полаўзроставай структуры і піраміды характэрны для Рэспублікі Беларусь?