§ 15-2. ПРАБЛЕМА СЯМ’І Ў XXI СТАГОДДЗІ

Сямейная палітыка. Сямейная палітыка праводзіцца пераважна ў развітых краінах, але падыходы да яе не ўсюды аднолькавыя. Адрозненні ў падыходах да сямейнай палітыкі тлумачацца традыцыямі і сучаснымі ўяўленнямі аб узаемадзеянні дзяржавы і сям’і. На падставе гэтага ў свеце вылучаюць некалькі яе рэжымаў.

Ліберальны рэжым заключаецца ў тым, што дапамога сем’ям ажыццяўляецца па «рэшткавым» прынцыпе — толькі тым, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу. Астатнія члены грамадства вырашаюць свае праблемы з дапамогай рыначных сродкаў і механізмаў. Гэтая мадэль пераважае ў англамоўных краінах.

Сацыяльна-дэмакратычны рэжым, наадварот, аддае перавагу ўніверсалізму. Ён грунтуецца на прынцыпе салідарнасці ўсіх членаў грамадства, згодна з якім дапамогі і паслугі павінны даставацца ўсім на роўных умовах. Такі рэжым характэрны для Швецыі і іншых скандынаўскіх краін, а таксама Нідэрландаў.

Карпаратывісцкі рэжым таксама імкнецца да ўніверсалізму. Але ў ім дадатковыя даброты размяркоўваюцца прапарцыянальна ўнёску індывідаў у нацыянальную эканоміку. Такія рэжымы склаліся ў краінах, якія некалькі пазней здзейснілі «вялікі скачок» у эканамічным развіцці (Германія, Японія). Гістарычна да гэтага тыпу адносіцца і Францыя.

Міжземнаморскі рэжым, які ўключае краіны Паўднёвай Еўропы, характарызуецца вельмі моцнай ідэалогіяй сямейнай падтрымкі як асновы ў жыцці людзей.