Печатать книгуПечатать книгу

§ 15-2. ПРАБЛЕМА СЯМ’І Ў XXI СТАГОДДЗІ

icon
Успамінаем. З курса грамадазнаўства ўспомніце, што такое шлюб і сям’я. Якія сем’і з’яўляюцца шматдзетнымі? Якія мадэлі сем’яў характэрны для развітых краін і краін, якія развіваюцца?
icon
Вывучаем, каб ведаць. У чым праблема сямейна-шлюбных адносін у XXI ст.? У чым заключаюцца асаблівасці сямейна-шлюбных адносін у развітых краінах і краінах, якія развіваюцца? Што такое «сямейная палітыка»?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 15-2. ПРАБЛЕМА СЯМ’І Ў XXI СТАГОДДЗІ
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 18:44

Дэмаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя перадумовы праблемы сям’і. З канца ХХ — пачатку XXI ст. для большасці эканамічна развітых рэгіёнаў свету актуальнай з’яўляецца праблема трансфармацыі сямейнай структуры насельніцтва. Гэтая праблема цесна ўзаемазвязана з крызісам інстытута сям’і і ўласціва таксама краінам з пераходнай эканомікай — былым сацыялістычным краінам.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у сямейна-шлюбных адносінах сталі праяўляцца негатыўныя тэндэнцыі — скарачэнне колькасці шлюбаў, скарачэнне працягласці першага шлюбу, рост колькасці разводаў, амаладжэнне разводаў і інш. У сувязі з гэтым заканамерным стала памяншэнне памераў сям’і і распаўсюджанне яе новых форм.

iconСвет і Беларусь. Якія тэндэнцыі сямейна-шлюбных адносін характэрны ў цяперашні час для Рэспублікі Беларусь?

Новыя з’явы ў сямейнай структуры насельніцтва тлумачацца тэорыяй Другога дэмаграфічнага пераходу. Таму асноўнымі перадумовамі праблемы сям’і выступаюць дэмаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя (мал.100-1).

img
Мал. 100-1. Перадумовы праблемы сям’і

Геаграфія шлюбнасці і разводнасці насельніцтва ў свеце. З канца ХХ ст. па цяперашні час для шлюбнасці насельніцтва свету характэрна яе зніжэнне. Гэта абумоўлена Другім дэмаграфічным пераходам.

iconПаразважаем. Успомніце асноўныя характарыстыкі Другога дэмаграфічнага пераходу.

Паводле даных за 2017 г., агульны каэфіцыент шлюбнасці насельніцтва свету складаў 4,8 ‰. За перыяд 1960-2017 гг. ён знізіўся ў два разы.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Сямейнае права ў Расіі з’явілася ў часы праўлення Пятра I. Адзін з першых яго ўказаў абвяшчаў прынцып добраахвотнасці ўступлення ў шлюб: сваякі асоб, якія ўступалі ў шлюб, абавязаны былі прыносіць прысягу ў тым, што не прымушалі жаніха і нявесту да шлюбу. У 1714 г. Пётр І увёў адукацыйны цэнз для дваран, якія ўступалі ў шлюб, патрабуючы пры вянчанні даведкі аб веданні арыфметыкі і геаметрыі. А ў 1722 г. ён сфарміраваў статут, па якім забаранялася жаніць «дурняў, якія ні да навукі, ні да службы не прыдатныя».

Найбольш хуткімі тэмпамі шлюбнасць зніжаецца ў Еўропе. Менш развітыя рэгіёны Афрыкі і Азіі характарызуюцца процілеглай тэндэнцыяй — ростам колькасці шлюбаў, што абумоўлена значнай доляй маладога насельніцтва. Самы высокі ўзровень шлюбнасці адзначаецца ў цяперашні час у Азіі (8,1 ‰), самы нізкі — у Амерыцы (5,2 ‰) (мал.100-2).

img
Мал. 100-2. Агульны каэфіцыент шлюбнасці насельніцтва па краінах свету, 2016, ‰

У разрэзе краін самымі высокімі паказчыкамі шлюбнасці насельніцтва характарызуюцца краіны Паўночнай Афрыкі і некаторыя краіны Азіі. Напрыклад, у Фіджы агульны каэфіцыент шлюбнасці складае 9,8 ‰, Егіпце — 9,6 ‰, ва Узбекістане і на Багамах — па 9,5 ‰ (мал. 100-3).

img
Мал. 100-3. Першыя пяць краін з максімальнымі паказчыкамі шлюбнасці насельніцтва, 2017 г., ‰

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з максімальнымі паказчыкамі шлюбнасці.

Краіны свету адрозніваюцца па працягласці шлюбаў. Так, самымі доўгімі шлюбы лічацца ў Італіі, Канадзе, Францыі, ЗША і Аўстраліі (мал. 100-4).

img
Мал. 100-4. Першыя пяць краін з самымі працяглымі шлюбамі, 2017 г., гадоў

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з мінімальнымі паказчыкамі разводнасці.

Разводнасць насельніцтва свету, паводле даных за 2017 г., складала 2,1 ‰ і характарызуецца ростам. За перыяд 1960-2017 гг. агульны каэфіцыент разводнасці, як і агульны каэфіцыент шлюбнасці, павялічыўся ў два разы.

Ва ўсіх рэгіёнах свету зафіксаваны рост разводнасці з максімальнымі тэмпамі ў Аўстраліі і Акіяніі (больш чым у 5 разоў, пераважна за кошт астраўных тэрыторый, якія належаць ЗША) і мінімальнымі — у Лацінскай Амерыцы (у 1,6 раза). Толькі ў Азіі агульны каэфіцыент разводнасці трымаецца на ўзроўні 1970-х гг. і складае 1,5 ‰ (мал. 100-5).

img
Мал. 100-5. Агульны каэфіцыент разводнасці насельніцтва па краінах свету, 2016 г., ‰

У разрэзе краін самымі высокімі паказчыкамі разводнасці насельніцтва характарызуюцца краіны Усходняй Еўропы — Расія (4,7 ‰), Малдова (3,7 ‰) і Беларусь (3,4 ‰) (мал. 100-6).

img
Мал. 100-6. Першыя пяць краін з максімальнымі паказчыкамі разводнасці насельніцтва, 2017 г., ‰

Самымі нізкімі паказчыкамі разводнасці насельніцтва характарызуюцца краіны некалькіх рэгіёнаў (Азіі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы), дзе асноўнымі фактарамі дэмаграфічнага развіцця выступаюць рэлігійны і культурныя традыцыі. Напрыклад, у Катары і Гватэмале агульны каэфіцыент разводнасці складае 0,4 ‰, Перу — 0,5 ‰, Ірландыі — 0,6 ‰.

Рэлігійны фактар аказвае істотны ўплыў на разводнасць насельніцтва. Першае месца па ўзроўні разводнасці займае хрысціянства ў цэлым, другое асобна займае каталіцызм, трэцяе — будызм (мал. 100-7).

img
Мал. 100-7. Узровень разводнасці насельніцтва ў залежнасці ад рэлігіі, 2017 г., %

Цікавым з’яўляецца пытанне, з-за чаго ў свеце часцей за ўсё разводзяцца людзі. Паводле даных экспертаў ААН, асноўныя прычыны разводаў у свеце — несумяшчальнасць (44 %), нявернасць/здрада (18 %), алкагалізм/наркаманія (9 %) (мал. 100-8).

img
Мал. 100-8. Прычыны разводаў у свеце, %

Змены ў сямейнай структуры насельніцтва. Асноўнай тэндэнцыяй трансфармацыі сямейнай структуры насельніцтва з’яўляецца памяншэнне сярэдняга памеру сям’і. Так, калі ў 1975 г. сярэдні памер сям’і складаў 4,5 чал., то ў цяперашні час ён паменшыўся і складае 3 чал.

Самыя вялікія сем’і характэрны для краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Паўднёва-Заходняй Азіі — 4 чал. у сярэднім, што на 1,5 чал. больш, чым у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Гэта звязана з рэлігійна-культурнымі традыцыямі, функцыяй дзяцей як дадатковай працоўнай сілы і крыніцы даходу.

iconСвет і Беларусь. Калі паглядзець на статыстыку разводаў у Рэспубліцы Беларусь, то ў 2000 г. распадалася каля 70 % сямей, у 2018 г. — 54 %. Больш за ўсё разводаў прыпадае на Віцебскую вобласць (595 на тысячу сямей), далей ідуць Мінская, Магілёўская, Гомельская, Гродзенская вобласці і горад Мінск. Менш за ўсё разводаў у Брэсцкай вобласці (503 на тысячу сямей). Асноўнымі прычынамі разводу з’яўляюцца злоўжыванне алкаголем, сямейна-бытавыя канфлікты, у тым ліку гвалт, незадаволенасць бытавымі ўмовамі, адсутнасць жылля, здрада. У апошнія гады з’явілася яшчэ адна прычына: нежаданне мужа або жонкі мець дзяцей. У чым прычына значнага скарачэння колькасці шлюбаразводных працэсаў за дадзены перыяд?

Разам з гэтым з прычыны індывідуалізацыі і свядомай адмовы ад дзетараджэння ў Еўропе сярэдні памер сям’і знізіўся з 3,7 чал. у 1975 г. да 2,5 чал. у 2017 г., у Паўночнай Амерыцы і Акіяніі з 3,5 і 3,7 чал. у 1975 г. да 2,6 чал. у 2017 г.

Амаль чвэрць сямей у свеце складаецца з аднаго чалавека. Істотнай асаблівасцю трансфармацыі сучаснай сямейнай структуры з’яўляецца рост колькасці няпоўных сямей, доля якіх у свеце складае 9 %.

Сямейная палітыка. Сямейная палітыка праводзіцца пераважна ў развітых краінах, але падыходы да яе не ўсюды аднолькавыя. Адрозненні ў падыходах да сямейнай палітыкі тлумачацца традыцыямі і сучаснымі ўяўленнямі аб узаемадзеянні дзяржавы і сям’і. На падставе гэтага ў свеце вылучаюць некалькі яе рэжымаў.

Ліберальны рэжым заключаецца ў тым, што дапамога сем’ям ажыццяўляецца па «рэшткавым» прынцыпе — толькі тым, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу. Астатнія члены грамадства вырашаюць свае праблемы з дапамогай рыначных сродкаў і механізмаў. Гэтая мадэль пераважае ў англамоўных краінах.

Сацыяльна-дэмакратычны рэжым, наадварот, аддае перавагу ўніверсалізму. Ён грунтуецца на прынцыпе салідарнасці ўсіх членаў грамадства, згодна з якім дапамогі і паслугі павінны даставацца ўсім на роўных умовах. Такі рэжым характэрны для Швецыі і іншых скандынаўскіх краін, а таксама Нідэрландаў.

Карпаратывісцкі рэжым таксама імкнецца да ўніверсалізму. Але ў ім дадатковыя даброты размяркоўваюцца прапарцыянальна ўнёску індывідаў у нацыянальную эканоміку. Такія рэжымы склаліся ў краінах, якія некалькі пазней здзейснілі «вялікі скачок» у эканамічным развіцці (Германія, Японія). Гістарычна да гэтага тыпу адносіцца і Францыя.

Міжземнаморскі рэжым, які ўключае краіны Паўднёвай Еўропы, характарызуецца вельмі моцнай ідэалогіяй сямейнай падтрымкі як асновы ў жыцці людзей.

icon Падвядзём вынікі. З канца ХХ — пачатку XXI ст. для большасці эканамічна развітых рэгіёнаў свету актуальнай з’яўляецца праблема трансфармацыі сямейнай структуры насельніцтва. Асноўнымі перадумовамі праблемы сям’і выступаюць: ... і ... . Найбольшымі тэмпамі шлюбнасць зніжаецца ў ..., мінімальныя каэфіцыенты разводнасці характэрны для ... . Вылучаюць некалькі рэжымаў сямейнай палітыкі: ..., ..., ... .

icon Праверым свае веды. 1. У чым заключаецца праблема трансфармацыі сямейнай структуры насельніцтва на мяжы XX і XXI ст.? 2. Што прыводзіць да ўзнікнення праблемы сям’і? 3. Як рэлігія ўплывае на рашэнне сямейна-шлюбных адносін?

icon Ад простага да складанага. 1. У чым прычына зніжэння шлюбнасці ў еўрапейскім рэгіёне? 2. Чаму адной з прычын разводаў усё часцей з’яўляецца нежаданне мужа або жонкi мець дзяцей? 3. Якія шляхі вырашэння праблем сям’і вы можаце прапанаваць?

icon Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што вам прапанавалі прыняць удзел у распрацоўцы Кодэкса аб шлюбе і сям’і ў Рэспубліцы Беларусь. Якія змены вы ўнеслі б у існуючы кодэкс?

icon

Web-рэсурсы.
БЕЛАРУСЬ: структура сям’і, сямейныя адносіны, рэпрадуктыўныя паводзіны.

Сайт ААН. Як падтрымліваюць сем’і ў постсавецкіх краінах?