§ 15-2. ПРАБЛЕМА СЯМ’І Ў XXI СТАГОДДЗІ

Змены ў сямейнай структуры насельніцтва. Асноўнай тэндэнцыяй трансфармацыі сямейнай структуры насельніцтва з’яўляецца памяншэнне сярэдняга памеру сям’і. Так, калі ў 1975 г. сярэдні памер сям’і складаў 4,5 чал., то ў цяперашні час ён паменшыўся і складае 3 чал.

Самыя вялікія сем’і характэрны для краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Паўднёва-Заходняй Азіі — 4 чал. у сярэднім, што на 1,5 чал. больш, чым у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Гэта звязана з рэлігійна-культурнымі традыцыямі, функцыяй дзяцей як дадатковай працоўнай сілы і крыніцы даходу.

iconСвет і Беларусь. Калі паглядзець на статыстыку разводаў у Рэспубліцы Беларусь, то ў 2000 г. распадалася каля 70 % сямей, у 2018 г. — 54 %. Больш за ўсё разводаў прыпадае на Віцебскую вобласць (595 на тысячу сямей), далей ідуць Мінская, Магілёўская, Гомельская, Гродзенская вобласці і горад Мінск. Менш за ўсё разводаў у Брэсцкай вобласці (503 на тысячу сямей). Асноўнымі прычынамі разводу з’яўляюцца злоўжыванне алкаголем, сямейна-бытавыя канфлікты, у тым ліку гвалт, незадаволенасць бытавымі ўмовамі, адсутнасць жылля, здрада. У апошнія гады з’явілася яшчэ адна прычына: нежаданне мужа або жонкі мець дзяцей. У чым прычына значнага скарачэння колькасці шлюбаразводных працэсаў за дадзены перыяд?

Разам з гэтым з прычыны індывідуалізацыі і свядомай адмовы ад дзетараджэння ў Еўропе сярэдні памер сям’і знізіўся з 3,7 чал. у 1975 г. да 2,5 чал. у 2017 г., у Паўночнай Амерыцы і Акіяніі з 3,5 і 3,7 чал. у 1975 г. да 2,6 чал. у 2017 г.

Амаль чвэрць сямей у свеце складаецца з аднаго чалавека. Істотнай асаблівасцю трансфармацыі сучаснай сямейнай структуры з’яўляецца рост колькасці няпоўных сямей, доля якіх у свеце складае 9 %.