§ 15. ПРАБЛЕМА ДЭМАГРАФІЧНАЙ НАГРУЗКІ

Праблема дэмаграфічнай нагрузкі. Змяненне ўзроставай структуры насельніцтва ў выніку высокага штогадовага росту альбо скарачэння колькасці насельніцтва прыводзіць да павелічэння колькасці і долі насельніцтва дапрацаздольнага і пасляпрацаздольнага ўзросту. Гэтыя працэсы выклікаюць павелічэнне дэмаграфічнай нагрузкі на працаздольнае насельніцтва.

icon Дэмаграфічная нагрузка — абагульненая колькасная характарыстыка ўзроставай структуры насельніцтва, якая адлюстроўвае нагрузку з боку непрацуючай яго часткі на частку, якая працуе.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Для ацэнкі ўздзеяння змянення ўзроставага складу насельніцтва на сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства выкарыстоўваюцца паказчыкі дэмаграфічнай нагрузкі. Звычайна ўжываюць наступныя: 1) дэмаграфічная нагрузка дзецьмі, што разлічваецца як колькасць дзяцей да 15 гадоў на 100 чал. працаздольнага ўзросту (15–64 гады); 2) дэмаграфічная нагрузка пажылымі людзьмі, што разлічваецца як колькасць людзей 65 гадоў і старэйшых на 100 чал. працаздольнага ўзросту (15–64 гады); 3) агульная дэмаграфічная нагрузка, якая ўяўляе сабой суму двух папярэдніх паказчыкаў.

img
Мал. 100. Дынаміка агульнай дэмаграфічнай нагрузкі ў свеце, на 100 чал. працаздольнага ўзросту

Даныя аб дэмаграфічнай нагрузцы выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы мерапрыемстваў па сацыяльным забеспячэнні насельніцтва і рацыянальным выкарыстанні працоўных рэсурсаў. У цэлым па свеце агульная дэмаграфічная нагрузка ўзрастала да 1970-х гг. Затым, дасягнуўшы свайго найбольшага значэння — 75 чал. непрацаздольнага ўзросту на 100 чал. працаздольнага ўзросту — у 1970-х гг., пачала зніжацца аж да 2010 г. (мал. 100). У цяперашні час у выніку старэння насельніцтва агульная дэмаграфічная нагрузка стала павялічвацца.

icon Свет і Беларусь. Разлічыце агульную дэмаграфічную нагрузку ў Рэспублі цы Беларусь, калі вядома, што насельніцтва ва ўзросце ад 0 да 14 гадоў складае 1690 тыс. чал., працаздольнае насельніцтва — 5433 тыс. чал., насельніцтва, старэйшае за працаздольны ўзрост, — 2351 тыс. чал.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Найбольшай велічыні агульная дэмаграфічная нагрузка дасягала ў найменш развітых краінах у сярэдзіне 1980-х гг. — больш за 92 дзіцяці і пажылых людзей на 100 чал. працаздольнага ўзросту. Павышэнне дэмаграфічнай нагрузкі тады тлумачылася ростам ліку народжаных. Зніжэнне нараджальнасці выклікала памяншэнне дэмаграфічнай нагрузкі дзецьмі і агульнай дэмаграфічнай нагрузкі. У далейшым рост дэмаграфічнай нагрузкі паскорыцца, і да 2050 г. яе велічыня паднімецца да 58 на 100 чал. працаздольнага ўзросту.

Праблема дэмаграфічнай нагрузкі мае рознае значэнне. Станоўчае — калі нагрузка дзецьмі перавышае нагрузку пажылымі людзьмі і, наадварот, адмоўнае — у выпадку перавагі нагрузкі пажылымі. У найменш развітых краінах асноўным наступствам праблемы застаецца высокая нагрузка дзецьмі пры пастаянным нізкім узроўні развіцця. У развітых краінах працэсы старэння робяць актуальнымі правядзенне рэформ пенсійнай сістэмы і паляпшэнне сістэмы сацыяльнай абароны дадзенай катэгорыі насельніцтва.