Печатать книгуПечатать книгу

§ 15. ПРАБЛЕМА ДЭМАГРАФІЧНАЙ НАГРУЗКІ

Павышаны ўзровень §15-1

icon
Успамінаем. Якія фактары ўплываюць на рост і скарачэнне колькасці насельніцтва? Назавіце фактары, што вызначаюць дынаміку колькасці насельніцтва ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца.
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму ў цяперашні час неабходна аналізаваць дынаміку дэмаграфічных працэсаў? Якія праблемы ўзнікаюць у сувязі з ростам колькасці насельніцтва краін? Якія праблемы выклікае скарачэнне колькасці насельніцтва краін?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 15. ПРАБЛЕМА ДЭМАГРАФІЧНАЙ НАГРУЗКІ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 22:24
img
Мал. 93. Дынаміка штогадовых тэмпаў росту колькасці насельніцтва свету, %

Нераўнамернасць росту колькасці насельніцтва свету. Дынаміка колькасці насельніцтва свету характарызуецца запаволеннем штогадовых тэмпаў росту. Так, калі ў сярэдзіне ХХ ст. яны складалі 2,1 %, то ў 2015–2020 гг. скараціліся да 1,1 % (мал. 93).

З канца ХХ ст. у свеце назіраецца павелічэнне адрозненняў у дынаміцы колькасці насельніцтва паміж рэгіёнамі і краінамі. Пры агульным запаволенні тэмпаў росту насельніцтва на карце свету ХХI ст. захоўваюцца краіны з высокімі паказчыкамі. У гэтую групу ўваходзяць толькі краіны, якія развіваюцца. Колькасць насельніцтва ў іх штогод павялічваецца ў сярэднім на 1,3 %. У той жа час эканамічна развітыя краіны і краіны з пераходнай эканомікай утвараюць групу з мінімальнымі тэмпамі росту насельніцтва і з адмоўнай дынамікай колькасці. Насельніцтва ў іх штогод павялічваецца ўсяго на 0,3 % (мал. 94).

Найбольш высокія тэмпы росту насельніцтва характэрныя для рэгіёнаў з перавагай краін, якія развіваюцца (мал. 95). Напрыклад, у Бахрэйне колькасць насельніцтва ў сярэднім павялічваецца на 4,31 % у год. Гэта самы высокі паказчык у свеце.

img
Мал. 94. Дынаміка штогадовых тэмпаў росту колькасці насельніцтва ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца, %
img
Мал. 95. Штогадовыя тэмпы росту колькасці насельніцтва па рэгіёнах свету, %, 2015–2020 гг.

icon Паразважаем. Што такое дэмаграфічны пераход? Колькі тэорый дэмаграфічнага пераходу існуе? У чым асаблівасць тэорыі Трэцяга дэмаграфічнага пераходу?

icon Клуб географаў-знаўцаў. Сярод краін, якія развіваюцца і маюць найбольш высокія тэмпы росту колькасці насельніцтва, можна вылучыць дзве групы. Першую групу ўтвараюць найбольш адсталыя краіны Афрыкі, дзе асноўным фактарам росту выступае нізкі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця. Напрыклад, у Нігеры штогадовы рост насельніцтва складае 3,8 %, у Экватарыяльнай Гвінеі — 3,7 %, ва Угандзе — 3,6 %, у Анголе — 3,3 %, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга — 3,2 %. Да другой групы адносяцца краіны, дзе асноўным фактарам хуткага росту насельніцтва з’яўляецца рэлігійны. У прыватнасці, мусульманскія краіны. Так, напрыклад, у Амане рост насельніцтва ў год складае 3,6 %, у Катары — 2,3 %, у Кувейце — 2,2 % (мал. 96).

img
Мал. 96. Штогадовыя тэмпы росту/змяншэння колькасці насельніцтва па краінах свету, %, 2015–2020 гг.

Высокія тэмпы росту колькасці насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, становяцца праблемай іх сацыяльна-эканамічнага развіцця. Хуткі рост колькасці насельніцтва адбываецца ў асноўным з-за высокай нараджальнасці. Пры нізкім узроўні жыцця ў краінах узнікаюць сур’ёзныя наступствы росту колькасці насельніцтва (мал. 97, табл. 3).

img
Мал. 97. Наступствы хуткага росту колькасці насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца

Табліца 3. Паказчыкі чалавечага развіцця ў краінах, якія развіваюцца і маюць найбольш высокія тэмпы росту насельніцтва, 2018 г. (паводле ацэнак ААН)

Краіна Доля насельніцтва, якое жыве за мяжой беднасці — 1,90 дол. у дзень, % ВУП на душу насельніцтва (па ППЗ), дол. Сярэдняя працягласць навучання, гадоў
Нігер 44,5 932 2
Уганда 41,7 1807 6
Ангола 30,1 5725 5
ДР Конга 76,6 827 6

icon Клуб географаў-знаўцаў. У краінах, якія развіваюцца і маюць высокія тэмпы росту насельніцтва, сярэдняя колькасць гадоў навучання не перавышае 5, а ў некаторых — значна меншая (напрыклад, Буркіна-Фасо — 1,6 года, Нігер — 2 гады, Бурундзі — 3 гады). Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва таксама характарызуецца самымі нізкімі значэннямі ў свеце. Пры сярэднесусветным ВУП на душу насельніцтва ў 2018 г. 15 745 дол. у год у Бурундзі ён складаў 660 дол., у Нігеры — 932, ва Угандзе — 1807 дол.

У некаторых развітых краінах назіраецца супрацьлеглая сітуацыя: колькасць насельніцтва штогод скарачаецца. Прычынамі гэтага выступаюць асаблівасці яго ўзроставай структуры, а менавіта старэнне, нізкая нараджальнасць, устаноўкі сем’яў на маладзетнасць і бяздзетнасць і інш. Гэта характэрна для Японіі, Італіі, Партугаліі, Грэцыі. Аднак максімальныя значэнні адзначаюцца ў былых сацыялістычных краінах. Напрыклад, у Літве — 1,48 %, Латвіі — 1,15 %, Балгарыі і Румыніі — па 0,7 % у год. Адмоўная дынаміка колькасці насельніцтва мае шэраг негатыўных наступстваў для дзяржаў (мал. 98).

img
Мал. 98. Наступствы скарачэння колькасці насельніцтва ў развітых краінах

Дэмаграфічны выбух і дэпапуляцыя ў свеце. На ранніх стадыях развіцця чалавецтва, у аграрную эпоху высокая нараджальнасць ураўнаважвалася высокай смяротнасцю (з-за голаду, хвароб і эпідэмій). У выніку рост колькасці насельніцтва характарызаваўся нізкімі штогадовымі тэмпамі.

Пасля Другой сусветнай вайны дасягненні медыцыны ў краінах, якія развіваюцца, прывялі да надзвычай хуткага росту колькасці насельніцтва — дэмаграфічнага выбуху.

icon Дэмаграфічны выбух — рэзкае, з «выбуховым» характарам павелічэнне колькасці насельніцтва з прычыны пераходу грамадства ад традыцыйнага да сучаснага тыпу ўзнаўлення насельніцтва.

Дэмаграфічны выбух адрозніваецца высокім натуральным прыростам насельніцтва, перш за ўсё за кошт зніжэння смяротнасці пры практычна нязменным паказчыку нараджальнасці (або павольным яго зніжэнні). Гэты працэс пачаўся ў свеце з 1950-х гг. З пазіцый Першага дэмаграфічнага пераходу дэмаграфічны выбух характэрны для заканчэння яго другой фазы.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, прывядзіце прыклады краін з высокімі штогадовымі тэмпамі росту колькасці насельніцтва.

icon Паразважаем. Назавіце асноўныя тыпы ўзнаўлення насельніцтва.

Агульны каэфіцыент натуральнага прыросту насельніцтва ў перыяд дэмаграфічнага выбуху складае больш за 25 ‰. У цяперашні час такія значэнні назіраюцца ў найменш развітых краінах, а менавіта ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Напрыклад, у некаторых з іх — Нігеры, Анголе, Малі — гэты паказчык перавышае 30 ‰. Пры дэмаграфічным выбуху захоўваецца таксама высокі штогадовы рост колькасці насельніцтва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адным з паказчыкаў, якія характарызуюць дэмаграфічны выбух, з’яўляецца сумарны каэфіцыент нараджальнасці. Ён паказвае сярэднюю колькасць дзяцей, якіх нарадзіла адна жанчына за ўсё жыццё. У краінах дэмаграфічнага выбуху дадзены каэфіцыент складае 4,5 і больш. Напрыклад, у Нігеры ён роўны 6,9, у Самалі — 6,1, у Чадзе — 5,9 (мал. 99).

img
Мал. 99. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці па краінах свету, колькасць дзяцей на адну жанчыну, 2018 г.

У развітых краінах адбываецца Другі дэмаграфічны пераход. Яго асноўныя прыкметы аб’ядноўвае працэс, які называецца дэпапуляцыяй.

icon Дэпапуляцыя — памяншэнне абсалютнай колькасці насельніцтва якой-небудзь краіны або тэрыторыі ці звужанае яго ўзнаўленне, пры якім колькасць наступных пакаленняў меншая за папярэднія.

Асноўнай прычынай дэпапуляцыі з’яўляецца нізкая нараджальнасць. Гэта, у сваю чаргу, з часам прыводзіць да старэння насельніцтва, перавышэння колькасці памерлых над колькасцю народжаных і да натуральнага змяншэння насельніцтва.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, прывядзіце прыклады краін з высокімі тэмпамі адмоўнай дынамікі колькасці насельніцтва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Натуральнае змяншэнне насельніцтва характэрна пераважна для развітых краін і краін з пераходнай эканомікай. Гэта Японія, Германія, краіны Паўднёвай Еўропы (Італія, Грэцыя, Партугалія і інш.) і постсацыялістычныя краіны (Балгарыя, Украіна, Латвія, Літва і інш.). Максімальныя значэнні натуральнага змяншэння насельніцтва назіраюцца ў Балгарыі (6,4 ‰) і Украіне (5,6 ‰)

icon Свет і Беларусь. Якія дэмаграфічныя працэсы характэрныя для Рэспублікі Беларусь? Успомніце агульныя каэфіцыенты нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва ў нашай краіне.

Дэпапуляцыя мае шэраг негатыўных наступстваў. Яна змяняе не толькі колькасць насельніцтва, але і прапорцыі паміж узроставымі групамі. Урады краін, дзе назіраецца дэпапуляцыя, з-за немагчымасці хуткага росту нараджальнасці вымушаныя кампенсаваць змяншэнне насельніцтва прытокам яго звонку, гэта значыць рэгуляваць іміграцыю. Дэпапуляцыя патрабуе рэформ пенсійнай сістэмы.

Праблема дэмаграфічнай нагрузкі. Змяненне ўзроставай структуры насельніцтва ў выніку высокага штогадовага росту альбо скарачэння колькасці насельніцтва прыводзіць да павелічэння колькасці і долі насельніцтва дапрацаздольнага і пасляпрацаздольнага ўзросту. Гэтыя працэсы выклікаюць павелічэнне дэмаграфічнай нагрузкі на працаздольнае насельніцтва.

icon Дэмаграфічная нагрузка — абагульненая колькасная характарыстыка ўзроставай структуры насельніцтва, якая адлюстроўвае нагрузку з боку непрацуючай яго часткі на частку, якая працуе.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Для ацэнкі ўздзеяння змянення ўзроставага складу насельніцтва на сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства выкарыстоўваюцца паказчыкі дэмаграфічнай нагрузкі. Звычайна ўжываюць наступныя: 1) дэмаграфічная нагрузка дзецьмі, што разлічваецца як колькасць дзяцей да 15 гадоў на 100 чал. працаздольнага ўзросту (15–64 гады); 2) дэмаграфічная нагрузка пажылымі людзьмі, што разлічваецца як колькасць людзей 65 гадоў і старэйшых на 100 чал. працаздольнага ўзросту (15–64 гады); 3) агульная дэмаграфічная нагрузка, якая ўяўляе сабой суму двух папярэдніх паказчыкаў.

img
Мал. 100. Дынаміка агульнай дэмаграфічнай нагрузкі ў свеце, на 100 чал. працаздольнага ўзросту

Даныя аб дэмаграфічнай нагрузцы выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы мерапрыемстваў па сацыяльным забеспячэнні насельніцтва і рацыянальным выкарыстанні працоўных рэсурсаў. У цэлым па свеце агульная дэмаграфічная нагрузка ўзрастала да 1970-х гг. Затым, дасягнуўшы свайго найбольшага значэння — 75 чал. непрацаздольнага ўзросту на 100 чал. працаздольнага ўзросту — у 1970-х гг., пачала зніжацца аж да 2010 г. (мал. 100). У цяперашні час у выніку старэння насельніцтва агульная дэмаграфічная нагрузка стала павялічвацца.

icon Свет і Беларусь. Разлічыце агульную дэмаграфічную нагрузку ў Рэспублі цы Беларусь, калі вядома, што насельніцтва ва ўзросце ад 0 да 14 гадоў складае 1690 тыс. чал., працаздольнае насельніцтва — 5433 тыс. чал., насельніцтва, старэйшае за працаздольны ўзрост, — 2351 тыс. чал.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Найбольшай велічыні агульная дэмаграфічная нагрузка дасягала ў найменш развітых краінах у сярэдзіне 1980-х гг. — больш за 92 дзіцяці і пажылых людзей на 100 чал. працаздольнага ўзросту. Павышэнне дэмаграфічнай нагрузкі тады тлумачылася ростам ліку народжаных. Зніжэнне нараджальнасці выклікала памяншэнне дэмаграфічнай нагрузкі дзецьмі і агульнай дэмаграфічнай нагрузкі. У далейшым рост дэмаграфічнай нагрузкі паскорыцца, і да 2050 г. яе велічыня паднімецца да 58 на 100 чал. працаздольнага ўзросту.

Праблема дэмаграфічнай нагрузкі мае рознае значэнне. Станоўчае — калі нагрузка дзецьмі перавышае нагрузку пажылымі людзьмі і, наадварот, адмоўнае — у выпадку перавагі нагрузкі пажылымі. У найменш развітых краінах асноўным наступствам праблемы застаецца высокая нагрузка дзецьмі пры пастаянным нізкім узроўні развіцця. У развітых краінах працэсы старэння робяць актуальнымі правядзенне рэформ пенсійнай сістэмы і паляпшэнне сістэмы сацыяльнай абароны дадзенай катэгорыі насельніцтва.

Дэмаграфічная палітыка і яе асаблівасці ў розных рэгіёнах і краінах. Для вырашэння дэмаграфічных праблем урадамі краін распрацоўваецца дэмаграфічная палітыка.

Павышаны ўзровень П1

icon Дэмаграфічная палітыка — дзейнасць дзяржавы, накіраваная на рэгуляванне працэсаў узнаўлення насельніцтва.

Упершыню ў свеце палітыка ў галіне народанасельніцтва была распрацаваная ў 1994 г. на Міжнароднай канферэнцыі па народанасельніцтве і развіцці ў Каіры.

Павышаны ўзровень П2

Асноўныя напрамкі міжнароднай дэмаграфічнай палітыкі Аддзела народанасельніцтва ААН звязаныя з рэгуляваннем колькасці насельніцтва, узроставай структуры насельніцтва, нараджальнасці, смяротнасці, рэпрадуктыўным здароўем і планаваннем сям’і.

Павышаны ўзровень П3

Разам з тым развітыя краіны і краіны, якія развіваюцца, маюць розныя прыярытэты ў галіне дэмаграфічнай палітыкі. Палітыка развітых краін накіравана на вырашэнне праблемы старэння насельніцтва і прыняцце адпаведных мер сацыяльнай падтрымкі, а таксама на захаванне рэпрадуктыўнага здароўя падлеткаў.

icon Свет і Беларусь. Якія меры дэмаграфічнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь, на ваш погляд, найбольш паспяховыя ў цяперашні час?

Ключавымі напрамкамі палітыкі краін, якія развіваюцца, з’яўляюцца скарачэнне падлеткавай нараджальнасці, захаванне рэпрадуктыўнага здароўя і абарона рэпрадуктыўных правоў жанчын, процідзеянне гвалту ў адносінах да жанчын і інш.

Павышаны ўзровень П4

Шляхі вырашэння дэмаграфічнай праблемы. Дэмаграфічная палітыка і яе асаблівасці ў розных рэгіёнах і краінах. Дэмаграфічная палітыка з’яўляецца састаўной часткай агульнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Яна ўключае сістэму мэт і сродкаў для іх дасягнення і ахоплівае наступныя сферы жыццядзейнасці грамадства: 1) уздзеянне на ўзнаўленне насельніцтва; 2) уздзеянне на працэс сацыялізацыі падрастаючых пакаленняў; 3) рэгуляванне рэзерваў рынку працы і працоўнай сілы; 4) рэгуляванне міграцый і тэрытарыяльнай структуры карэннага і прышлага насельніцтва і інш.

Меры дэмаграфічнай палітыкі аб’ядноўваюцца ў тры групы:

  • эканамічныя: аплатныя адпачынкі і розныя дапамогі пры нараджэнні дзяцей; дапамогі на дзяцей, падатковыя і жыллёвыя льготы і г. д.;
  • адміністрацыйна-прававыя: заканадаўчыя акты, якія рэгламентуюць шлюбы, разводы, становішча дзяцей у сем’ях, аліментныя абавязкі, ахову мацярынства і дзяцінства, аборты і выкарыстанне сродкаў кантрацэпцыі, умовы занятасці і рэжым працы жанчын-маці, і т. п.;
  • выхаваўчыя і прапагандысцкія, якія фарміруюць грамадскую думку, нормы і стандарты дэмаграфічных паводзін, пэўны дэмаграфічны клімат у грамадстве.

iconСвет і Беларусь. Якія напрамкі дэмаграфічнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь?

Каірская канферэнцыя зрабіла акцэнт на змяненні курсу палітыкі з кіравання колькасцю насельніцтва на правы чалавека і магчымасці свабоднага выбару. На ёй упершыню былі сфармуляваны азначэнні рэпрадуктыўнага здароўя і рэпрадуктыўных правоў. У Праграме дзеянняў рэпрадуктыўнае здароўе вызначаецца як «стан поўнага фізічнага, разумовага і сацыяльнага дабрабыту, а не проста адсутнасць хвароб ва ўсіх пытаннях, якія тычацца рэпрадуктыўнай сістэмы». Рэпрадуктыўныя правы азначаюць права мужчын і жанчын быць інфармаванымі і мець доступ да бяспечных, эфектыўных, даступных і прымальных метадаў планавання сям’і.

У краінах сучаснага свету вылучаюцца два тыпы дэмаграфічнай палітыкі, дыяметральна супрацьлеглыя па сваіх адносінах да дзетараджэння: стымулюючая і стрымальная нараджальнасць.

У краінах першага тыпу дэмаграфічная палітыка нацэлена на павышэнне натуральнага прыросту насельніцтва. Гэта краіны, якія імкнуцца перавесці звужанае ўзнаўленне ў простае або нават у пашыранае. Гэта краіны, якія змагаюцца з дэпапуляцыяй і з відавочнымі прыкметамі старэння насельніцтва (мал.100-1).

Дэмаграфічная палітыка стымулявання нараджальнасці праводзіцца галоўным чынам з дапамогай эканамічных мер, такіх як аднаразовыя пазыкі маладажонам, дапамогі пры нараджэнні кожнага дзіцяці, штомесячныя дапамогі на дзяцей, аплатныя адпачынкі і інш. Прыкладамі краін, якія праводзяць актыўную дэмаграфічную палітыку, могуць служыць Францыя або Японія.

img
Мал. 100-1. Погляды ўрадаў краін на палітыку ў галіне нараджальнасці, паводле даных ААН, 2015 г.

Большасць краін другога тыпу ажыццяўляюць дэмаграфічную палітыку, накіраваную на скарачэнне натуральнага прыросту насельніцтва. Найбольш яркім прыкладам у гэтых адносінах з’яўляюцца дзве самыя вялікія па колькасці насельніцтва краіны свету — Кітай і Індыя.

Дэмаграфічная палітыка ў Кітаі. У канцы 1970-х гг. колькасць насельніцтва Кітая перавысіла 1 млрд чалавек, гэты лік практычна падвоіўся з 1949 г., што стала разглядацца кіраўніцтвам краіны як перашкода эканамічнаму прагрэсу.

У адпаведнасці з ідэямі Мао Цзэдуна вялікая колькасць насельніцтва трактавалася як базавая канкурэнтная перавага, якая забяспечвае маштабнае развіццё эканомікі ва ўмовах тэхналагічнага адставання. Аднак харчовыя праблемы 1960-х гг. паставілі пытанне аб неабходнасці зніжэння колькасці насельніцтва.

У пачатку 1970-х гг. была прапанаваная дзяржаўная праграма «пазней — радзей — менш», якая заахвочвала познія шлюбы — не раней 28 гадоў для мужчын і 25 гадоў для жанчын (у сельскіх раёнах — 25 і 23 гады), чатырохгадовыя перапынкі паміж нараджэннем дзяцей, рэгулявала іх колькасць у сем’ях — не больш як двое ў гарадах і трое — у сельскай мясцовасці.

Мэтай палітыкі «адна сям’я — адно дзіця» было абмежаванне нараджальнасці, для таго каб колькасць насельніцтва КНР да 2000 г. не перавысіла 1,2 млрд чалавек. Улады ўвялі забарону сямейным парам у гарадах мець больш за адно дзіця (за выключэннем выпадкаў мнагаплодной цяжарнасці). Другое дзіця дазвалялася мець толькі прадстаўнікам нацыянальных меншасцей і сельскім жыхарам, калі першынцам была дзяўчынка.

У краіне прапагандаваліся познія шлюбы і познія роды, была ўведзеная сістэма штрафаў і заахвочванняў, прымяняліся меры прымусовай стэрылізацыі. Вынікам абмежавальных мер стала зніжэнне сярэдняй колькасці дзяцей, народжаных адной жанчынай, з 5,8 да 1,8.

Афіцыйная прапаганда тлумачыла перавагі такой сямейнай палітыкі, а органы аховы здароўя адкрывалі спецыяльныя ўстановы па планаванні дзетараджэння пад лозунгам «Адно дзіця — не мала, двое дзяцей — у самы раз» (一个孩子不少,两个孩子正好 — yige haizi bushao, liangge haizi zhenghao).

Палітыка аднадзетнасці стварыла кітайскі феномен «схаваных» або «утоеных» дзяцей, г. зн. дзяцей, якія не зарэгістраваны ў афіцыйных органах, а таму не маюць «hukоu» — дакумента, які дае доступ да дзяржаўных сацыяльных, адукацыйных, медыцынскіх паслуг. Па перапісе 2010 г., такіх «незаконных» дзяцей было 13 млн, хоць рэальна больш, паколькі не ўсе паведамілі пра іх, асцерагаючыся парушэння ананімнасці. У некаторых сельскіх паселішчах іх доля дасягала 50 %, у асноўным гэта дзяўчынкі.

Наступствы дзяржаўнай палітыкі аднадзетнасці праявіліся даволі хутка. Дзеці 1980-х гг. нараджэння аказаліся першым і адзіным за ўсю гісторыю кітайскай цывілізацыі «адзінокім пакаленнем», якое не мае братоў і сясцёр. Гэта спрыяла хуткаму дэмаграфічнаму старэнню (老龄 化 — laolinghua). За тры дзесяцігоддзі такой дэмаграфічнай палітыкі сярэдні ўзрост насельніцтва Кітая павялічыўся з 22,4 да 34,5 года і пры захаванні тэндэнцыі можа вырасці да 53,4 года да 2050 г.

У 2000-я гг. абмежавальныя меры былі некалькі аслабленыя. У 2007 г. дазвол на другое дзіця атрымалі бацькі, якія самі былі адзінымі дзецьмі ў сям’і. Акрамя таго, нацыянальным меншасцям было дазволена мець двух дзяцей у горадзе і трох — у сельскай мясцовасці, а для народаў колькасцю менш за 100 тыс. чал. былі знятыя ўсе абмежаванні па колькасці дзяцей. Новыя правілы ўводзіліся паэтапна, па рэгіёнах. У 2013 г. права на другое дзіця атрымалі сем’і, у якіх хаця б хтосьці адзін, муж або жонка, з’яўляецца адзіным дзіцем у сям’і.

У 2013 г. кітайская Нацыянальная камісія па здароўі і планаванні сям’і заявіла, што палітыка «адна сям’я — адно дзіця» «прадухіліла» нараджэнне прыкладна 400 млн чалавек. У выглядзе штрафаў з 1980 г. урадам было сабрана каля 2 трлн юаняў (каля 314 млн дол.).

Негатыўныя наступствы палітыкі «аднаго дзіцяці» праявіліся ў 2013 г., калі ўпершыню было зафіксавана скарачэнне працаздольнага насельніцтва. Таму ў 2015 г. у Кітаі было прынятае рашэнне аб поўнай адмене дэмаграфічнай палітыкі «адна сям’я — адно дзіця». З 1 студзеня 2016 г. урад дазволіў усім сем’ям мець двух дзяцей, была абвешчана лінія «адна сям’я — двое дзяцей». Новая палітыка двухдзетнасці фармальна была прынятая па эканамічных прычынах, звязаных са скарачэннем колькасці занятых, што выклікала імклівае старэнне насельніцтва, паскоранае аднадзетнасцю.

icon Падвядзём вынікі. Тэмпы росту колькасці насельніцтва свету запавольваюцца. Аднак найбольшым ростам колькасці насельніцтва адрозніваюцца краіны, якія … . У краінах, якія развіваюцца, на фоне высокага росту колькасці насельніцтва адбываецца … . У процівагу дэмаграфічнаму выбуху, характэрнаму для краін, якія развіваюцца, у развітых краінах ідзе працэс … . Дэмаграфічны выбух і дэпапуляцыя садзейнічаюць павелічэнню агульнай дэмаграфічнай … на працаздольнае насельніцтва. Дзяржава рэгулюе працэсы ўзнаўлення насельніцтва з дапамогай … палітыкі.

icon Праверым свае веды. 1. Што такое дэмаграфічны выбух? Для якіх краін ён характэрны? 2. Што такое дэпапуляцыя? Якія дзяржавы знаходзяцца ў стадыі дэпапуляцыі? 3. Што такое дэмаграфічная нагрузка? Якія прычыны выклікаюць яе павелічэнне?

icon Ад простага да складанага. 1. Якія перадумовы прывялі да дэмаграфічнага выбуху ў краінах, размешчаных на поўдзень ад Сахары? 2. Абапіраючыся на асноўныя напрамкі міжнароднай дэмаграфічнай палітыкі ААН, вызначыце, якія мерапрыемствы праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь па гэтых напрамках.

icon Ад тэорыі да практыкі. Прааналізуйце ўзаемасувязь паказчыкаў эканамічнага развіцця краіны і змянення колькасці яе насельніцтва. Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць гэтую ўзаемасувязь.

icon

Web-ресурсы.
Матэрыялы па дэмаграфічнай палітыцы Аддзела народанасельніцтва ААН.

Павышаны ўзровень §15-2