§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

Біёта — крыніца харчовых і тэхнічных рэсурсаў. Чалавек прама ці ўскосна выкарыстоўвае расліны:

  • • у якасці прадуктаў харчавання;
  • • крыніцы сыравіны для прамысловасці;
  • • як лекавыя сродкі;
  • • у дэкаратыўных мэтах;
  • • для захавання і паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя.

Харчовыя расліны. Да харчовых належаць расліны, якія выкарыстоўваюцца непасрэдна ў ежу, і тыя, якія служаць сыравінай для кандытарскай, піваварнай і лікёра-гарэлачнай прамысловасці. Калісьці дзікарослыя харчовыя расліны мелі велізарную ролю ў жыцці чалавека. У далейшым некаторыя з іх сталі культывавацца. Найбольшае значэнне як харчовыя расліны маюць дзікарослыя ягадныя і пладовыя, арэханосы; дзікарослыя віды гародніны — крапіва, шчаўе, менш выкарыстоўваюцца рэзкія і вострыя на смак — дзікарослая цыбуля, каперсы і г. д.

Тэхнічнае выкарыстанне раслін і прадуктаў з іх ажыццяўляецца па некалькіх асноўных кірунках. Найбольш шырока прымяняюцца драўніна і валакністыя часткі раслін. Драўніна выкарыстоўваецца пры вырабе будаўнічых і іншых канструкцый, мэблі, а таксама ў вытворчасці паперы. Сухая перагонка драўніны дазваляе атрымаць значную колькасць арганічных рэчываў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў прамысловасці і побыце. У многіх краінах драўніна — адзін з асноўных відаў паліва.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У сусветным гандлі вялікім попытам карыстаюцца разнастайныя афарбаваныя гатункі драўніны, якія выкарыстоўваюць для атрымання мэблевай і дэкаратыўнай фанеры. Гэта чырвонае дрэва, напрыклад, махагоні, якое здабываецца ў Паўднёвай Амерыцы; зялёнае дрэва, якое таксама сустракаецца ў Паўднёвай Амерыцы; чорнае дрэва, якое пастаўляецца краінамі Афрыкі і Усходняй Азіі; ці́кавае дрэва — насельнік трапічных лясоў Усходняй Азіі і г. д.

Нягледзячы на шырокае распаўсюджванне сінтэтычных валокнаў, раслінныя валокны з бавоўніку, лёну, канапель і джуту захавалі вялікае значэнне пры вытворчасці многіх тканін.

Лекавыя расліны. Многія расліны ўтрымліваюць хімічныя рэчывы, якія аказваюць фізіялагічнае дзеянне на арганізм чалавека. Гэта дазваляе выкарыстоўваць іх у якасці лекавых сродкаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Вітаміны — арганічныя злучэнні, якія валодаюць вялікай біялагічнай актыўнасцю, удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і ўваходзяць у склад ферментных сістэм. Для вітамінавай прамысловасці штогод нарыхтоўваецца некалькі тысяч тон пладоў шыпшыны, абляпіхі, рабіны, парэчак — найважнейшых вітамінных раслін.

Не менш за 1000 відаў раслін разводзяць з дэкаратыўнымі мэтамі: альбо з-за прыгожых кветак, альбо з-за эфектнай зеляніны.

Існаванне і нармальнае функцыянаванне ўсіх экалагічных сістэм біясферы, часткай якой з’яўляецца і чалавек, у значнай ступені вызначаецца раслінамі. Расліны, якія ўжо выкарыстоўваюцца чалавекам або якія могуць быць выкарыстаны ім у будучыні, складаюць раслінныя рэсурсы. Раслінныя рэсурсы належаць да катэгорыі аднаўляльных. Часцей за ўсё раслінныя рэсурсы падзяляюць на рэсурсы прыроднай флоры і рэсурсы культываваных раслін. Па аб’ёме і значнасці ў жыцці чалавецтва яны істотна адрозніваюцца.

iconПаразважаем. Пры якіх умовах аднаўляльныя раслінныя рэсурсы могуць стаць неаднаўляльнымі?

Жыццё сучаснага чалавека і развіццё цывілізацыі немагчымыя без выкарыстання культываваных раслін. Амаль усе культурныя расліны, колькасць якіх дасягае зараз прыкладна 1500 відаў, адносяцца да пакрытанасенных. Да сярэдзіны XX ст. культываваныя расліны займалі 1,5 млрд га, г. зн. каля 10 % усёй паверхні сушы зямнога шара.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, вызначыце раёны паходжання асноўных культываваных раслін.