Печатать книгуПечатать книгу

§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

icon
Успамінаем. Што ўяўляе з сябе жывая прырода? Пералічыце прыкметы, характэрныя для жывых арганізмаў. Якія кампаненты ўтвараюць прыродныя комплексы? Для чаго ствараюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў біясферы? Якая роля раслін і жывёл у біясферы? Як захаваць прыродную разнастайнасць Зямлі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 26 Апрель 2024, 09:01

Роля раслін і жывёл як элементаў біясферы і іх значэнне для гаспадарчай дзейнасці чалавека. Біёта — аснова функцыянавання біясферы, яе галоўная пераўтваральная сіла. Яна валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі (мал. 83).

img
Мал. 83. Асноўныя ўласцівасці біёты

Жывыя арганізмы выконваюць важную ролю ў разбурэнні горных парод і ўтварэнні глеб. Яны ўдзельнічаюць у перамяшчэнні і назапашванні ў вадзе, донных ападках і глебе вугляроду, кіслароду, кальцыю, фосфару, серы, ёду, жалеза, марганцу і шматлікіх іншых хімічных элементаў. На аснове рэшткаў адмерлых арганізмаў утвораны многія мінералы і горныя пароды. Напрыклад, мел, вапняк, торф, каменны вугаль, фосфар, нафта, мармур, даламіт, ракушачнік і інш. У выніку ўзаемадзеяння раслін, жывёл і асяроддзя іх пражывання ўзнікаюць прыродныя комплексы.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як у выніку ўзаемадзеяння раслін, жывёл і асяроддзя іх існавання ўзнікаюць прыродныя комплексы?

Расліннасць выконвае важную ролю ў жыцці людзей. Яна забяспечвае іх харчаваннем, служыць крыніцай валакна, будаўнічага матэрыялу, энергіі, лекаў і г. д. Выконвае лячэбна-аздараўленчыя і эстэтычныя функцыі. Расліннасць выкарыстоўваецца як абарона ад забруджвання навакольнага асяроддзя ў гарадах: зялёныя насаджэнні ўлоўліваюць з паветра радыеактыўныя рэчывы, таксічныя газы, узбагачаюць асяроддзе кіслародам, паглынаюць цяжкія металы з глебы.

Павышаны ўзровень П1

З усіх наяўных на зямным шары тыпаў расліннага покрыва найбольшую значнасць маюць лясы. Яны ўдзельнічаюць у глабальных кругаваротах вады, вугляроду і кіслароду, фарміраванні клімату.

Экватарыяльныя лясы з’яўляюцца важным рэзервуарам біялагічнай разнастайнасці. У гэтых лясах, якія займаюць усяго 6 % плошчы сушы, захоўваецца 50 % відаў жывёл і раслін свету (мал. 84). Уклад лясоў у сусветныя рэсурсы не толькі колькасна значны, але і ўнікальны. Лясы — гэта крыніца драўніны, паперы, лекаў, фарбаў, каўчуку, пладоў і інш. (мал. 85, 86).

img
Мал. 84. Трапічныя лясы ў басейне р. Амазонка
img
Мал. 85. Сасновы лес у Беларусі
img
Мал. 86. Тайга ў Расіі

Жывёлы маюць велізарнае гаспадарчае значэнне. Дзікія жывёлы і прадукты іх жыццядзейнасці выкарыстоўваюцца ў розных галінах эканомікі. Паляванне, марскі промысел і рыбалоўства служаць істотнай крыніцай папаўнення бялковай ежы, забяспечваюць сыравінай футравую, гарбарную, парфумерную і фармакалагічную прамысловасць.

Павышаны ўзровень П2

Многіх звяроў і птушак разводзяць на спецыяльных фермах і ў зверагаспадарках. Кожны від жывёл з’яўляецца незаменным носьбітам генетычнага фонду. Дзікая фаўна выкарыстоўваецца для вывядзення новых і паляпшэння наяўных парод свойскіх жывёл. Вынікі вывучэння жывёл выкарыстоўваюцца для стварэння рознага роду тэхнічных сістэм (мал. 87).

img
Мал. 87. Значэнне жывёльнага свету ў прыродзе і жыцці чалавека

icon Клуб географаў-знаўцаў. Даследаванне будовы скуры дэльфінаў дазволіла інжынерам сканструяваць новую абалонку падводных лодак, якая значна павялiчыла iх хуткасць.

Біясфера — адкрытая сістэма, здольная да самарэгуляцыі і эвалюцыі. Яна вылучаецца вялікай разнастайнасцю і ўстойлівасцю. Але інтэнсіўнасць эвалюцыі біясферы рэзка ўзрасла са з’яўленнем чалавека. Ён стаў галоўнай сілай, што змяняе біясферу. Змяняюцца фізічны і хімічны склад паветра, вады, глеба, верхняя частка зямной кары, рэльеф. Чалавек стварае новыя пароды жывёл і гатункі раслін, канструюе новыя спалучэнні генаў. Куды пойдзе эвалюцыя біясферы — на шкоду або на карысць усяму жывому — залежыць ад памкненняў чалавецтва. Таму сваю дзейнасць чалавецтву неабходна скіраваць на падтрыманне раўнавагі паміж грамадствам, якое развіваецца, і навакольным асяроддзем, захаванне прыроднай разнастайнасці Зямлі.

Біёта — крыніца харчовых і тэхнічных рэсурсаў. Чалавек прама ці ўскосна выкарыстоўвае расліны:

  • • у якасці прадуктаў харчавання;
  • • крыніцы сыравіны для прамысловасці;
  • • як лекавыя сродкі;
  • • у дэкаратыўных мэтах;
  • • для захавання і паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя.

Харчовыя расліны. Да харчовых належаць расліны, якія выкарыстоўваюцца непасрэдна ў ежу, і тыя, якія служаць сыравінай для кандытарскай, піваварнай і лікёра-гарэлачнай прамысловасці. Калісьці дзікарослыя харчовыя расліны мелі велізарную ролю ў жыцці чалавека. У далейшым некаторыя з іх сталі культывавацца. Найбольшае значэнне як харчовыя расліны маюць дзікарослыя ягадныя і пладовыя, арэханосы; дзікарослыя віды гародніны — крапіва, шчаўе, менш выкарыстоўваюцца рэзкія і вострыя на смак — дзікарослая цыбуля, каперсы і г. д.

Тэхнічнае выкарыстанне раслін і прадуктаў з іх ажыццяўляецца па некалькіх асноўных кірунках. Найбольш шырока прымяняюцца драўніна і валакністыя часткі раслін. Драўніна выкарыстоўваецца пры вырабе будаўнічых і іншых канструкцый, мэблі, а таксама ў вытворчасці паперы. Сухая перагонка драўніны дазваляе атрымаць значную колькасць арганічных рэчываў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў прамысловасці і побыце. У многіх краінах драўніна — адзін з асноўных відаў паліва.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У сусветным гандлі вялікім попытам карыстаюцца разнастайныя афарбаваныя гатункі драўніны, якія выкарыстоўваюць для атрымання мэблевай і дэкаратыўнай фанеры. Гэта чырвонае дрэва, напрыклад, махагоні, якое здабываецца ў Паўднёвай Амерыцы; зялёнае дрэва, якое таксама сустракаецца ў Паўднёвай Амерыцы; чорнае дрэва, якое пастаўляецца краінамі Афрыкі і Усходняй Азіі; ці́кавае дрэва — насельнік трапічных лясоў Усходняй Азіі і г. д.

Нягледзячы на шырокае распаўсюджванне сінтэтычных валокнаў, раслінныя валокны з бавоўніку, лёну, канапель і джуту захавалі вялікае значэнне пры вытворчасці многіх тканін.

Лекавыя расліны. Многія расліны ўтрымліваюць хімічныя рэчывы, якія аказваюць фізіялагічнае дзеянне на арганізм чалавека. Гэта дазваляе выкарыстоўваць іх у якасці лекавых сродкаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Вітаміны — арганічныя злучэнні, якія валодаюць вялікай біялагічнай актыўнасцю, удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і ўваходзяць у склад ферментных сістэм. Для вітамінавай прамысловасці штогод нарыхтоўваецца некалькі тысяч тон пладоў шыпшыны, абляпіхі, рабіны, парэчак — найважнейшых вітамінных раслін.

Не менш за 1000 відаў раслін разводзяць з дэкаратыўнымі мэтамі: альбо з-за прыгожых кветак, альбо з-за эфектнай зеляніны.

Існаванне і нармальнае функцыянаванне ўсіх экалагічных сістэм біясферы, часткай якой з’яўляецца і чалавек, у значнай ступені вызначаецца раслінамі. Расліны, якія ўжо выкарыстоўваюцца чалавекам або якія могуць быць выкарыстаны ім у будучыні, складаюць раслінныя рэсурсы. Раслінныя рэсурсы належаць да катэгорыі аднаўляльных. Часцей за ўсё раслінныя рэсурсы падзяляюць на рэсурсы прыроднай флоры і рэсурсы культываваных раслін. Па аб’ёме і значнасці ў жыцці чалавецтва яны істотна адрозніваюцца.

iconПаразважаем. Пры якіх умовах аднаўляльныя раслінныя рэсурсы могуць стаць неаднаўляльнымі?

Жыццё сучаснага чалавека і развіццё цывілізацыі немагчымыя без выкарыстання культываваных раслін. Амаль усе культурныя расліны, колькасць якіх дасягае зараз прыкладна 1500 відаў, адносяцца да пакрытанасенных. Да сярэдзіны XX ст. культываваныя расліны займалі 1,5 млрд га, г. зн. каля 10 % усёй паверхні сушы зямнога шара.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, вызначыце раёны паходжання асноўных культываваных раслін.

Жывёлы прыносяць вялікую карысць, задавальняючы розныя патрэбы чалавека. Ведаючы асаблівасці асобных прадстаўнікоў жывёльнага свету і іх ролю ў прыродзе, чалавек ахоўвае карысныя для сябе віды і павялічвае іх колькасць. А таксама абмяжоўвае размнажэнне непажаданых прадстаўнікоў жывёльнага свету.

Значэнне жывёл у народнай гаспадарцы. Прадукты харчавання жывёльнага паходжання шырока выкарыстоўваюць ва ўсім свеце. Для іх атрымання людзі разводзяць і выводзяць новыя пароды буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, коз, птушак. Таксама займаюцца пчалярствам, пушной зверагадоўляй і г. д. Ад жывёл атрымліваюць воўну, мяса, яйкі, малако, скуру, мех, пяро, пух, мёд, воск і інш. Гэтая прадукцыя з’яўляецца сыравінай для харчовай і лёгкай прамысловасці.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Дзікія жывёлы менш пераборлівыя, больш цягавітыя, жыццяздольныя і прадукцыйныя, чым свойскія. Павышаная прадукцыйнасць тлумачыцца тым, што розныя віды дзікіх капытных у стане больш поўна выкарыстоўваць раслінныя рэсурсы, не вытоптваючы пашы. Пры гэтым таварны выхад мяса ў буйной рагатай жывёлы і авечак у сярэднім складае 44–50 % ад вагі цела, а ў ласёў, казуль, дзікіх казлоў, бараноў — 53–63 %.

iconСвет і Беларусь. Да рэсурсных відаў жывёл на тэрыторыі Беларусі адносяцца: 21 від млекакормячых, 30 відаў птушак, 39 відаў рыб, 1 від паўзуноў, 1 від малюскаў. Асноўнымі паляўнічымі відамі млекакормячых з’яўляюцца: дзік, лось, казуля, алень, заяц-русак і бяляк, бабёр, андатра, воўк, лісіца. З названых відаў больш за ўсё здабываецца зайца-русака, лісіцы, зайца-беляка. З птушак найбольшае рэсурснае значэнне ў Беларусі мае група вадаплаўных птушак — крыжанкі, лысухі, шылахвосткі, шыраканоскі. Іншай важнай для гаспадарчага выкарыстання групай птушак з’яўляецца баравая дзічына — глушэц, рабчык, цецярук, слонка.
Асноўнымі прамысловымі відамі рыб з’яўляюцца: шчупак, плотка, лешч, гусцяра, акунь і інш. Значную долю ва ўловах займаюць лешч і гусцяра. Асноўную рыбную прадукцыю ў Беларусі даюць азёры — 58 % вылаўленай рыбы, 23,5 % прыпадае на долю рэк і каля 17% — на вадасховішчы. На тэрыторыі рэспублікі рэсурснае значэнне мае звычайная гадзюка і вінаградны слімак.

Значэнне жывёл у медыцыне. Некаторыя рэчывы жывёльнага паходжання з’яўляюцца лекавымі прэпаратамі. Змяіны яд уваходзіць у склад сагравальных мазяў. Пчаліным воскам лечаць гаймарыт, трафічныя язвы, вугры, запаленне дзясен, фурункулы, мазалі, бародаўкі і іншыя скурныя захворванні. У фармакалогіі на аснове пчалінага воску вырабляюць мазі, эмульсіі, пластыры. Таксама выкарыстоўваюць тлушчы і экстракты печані рыб і іншых жывёл. Жывёлы могуць быць донарамі. Свіней пароды мініпіг вырошчваюць для атрымання сістэм стрававання і ўсмоктвання, сардэчна-сасудзiстых сістэм. Часам самі жывёлы выкарыстоўваюцца для лячэння людзей.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія віды тэрапіі з прамым удзелам жывёл выкарыстоўваюцца для лячэння хворых дзяцей?

iconКлуб географаў-знаўцаў. Вывучэнне абмену рэчываў у бурага мядзведзя прывяло да распрацоўкі эфектыўнай дыеты для хворых на ныркі; вывучэнне некаторых васьміногаў дазволіла выявіць механізмы ўзроставых змяненняў у арганізме жывёл; адкрыццё здольнасці аднаго з відаў планктону канцэнтраваць прадукты ўрану ў 10 тыс. разоў больш у параўнанні з іх канцэнтрацыяй у навакольным асяроддзі адкрывае новы шлях для біялагічнай ачысткі радыеактыўных адходаў.

Значэнне жывёл у сельскай гаспадарцы. Жывёлы, напрыклад дажджавыя чарвякі, насякомыя, падземныя млекакормячыя і прасцейшыя, выконваюць значную ролю ў працэсах глебаўтварэння. У раскладанні арганікі ўдзельнічаюць жукі-гнаявікі. Гной утвараецца шляхам раскладання экскрэментаў жывёл і шырока выкарыстоўваецца ў якасці ўгнаенняў. Некаторыя птушкі знішчаюць сельскагаспадарчых шкоднікаў. Насякомыя і птушкі дапамагаюць апыляць расліны, рассейваць насенне і г. д. Коні, вярблюды, які, туры, быкі, мулы, аслы, сабакі, сланы выкарыстоўваюцца ў якасці ўючных жывёл для перавозкі людзей і грузаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Дзікія жывёлы складаюць генафонд жывёлагадоўлі. У некаторых выпадках павялічыць прадукцыйнасць свойскіх жывёл можна толькі скрыжаваннем іх з дзікімі. Напрыклад, шляхам скрыжавання бараноў-мерыносаў, якія маюць цудоўную воўну, з дзікім бараном-архарам атрыманы архарамерыносы, якія захавалі воўну пародзістых авечак, але сталі значна буйнейшымі і мацнейшымі.

Акрамя таго, жывёлы выкарыстоўваюцца пры пошуку карысных выкапняў, для прагназавання надвор’я і землетрасенняў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Мікраарганізмы выступаюць індыкатарамі наяўнасці на дне вадаёмаў жалезамарганцавых, нікелевых і іншых руд. У працэсе ўтварэння металаў удзельнічаюць дафніі, малюскі, губкі. Індыкатарам наяўнасці карысных выкапняў можа быць прасторавае размеркаванне некаторых прамысловых рыб. Напрыклад, асятровыя рыбы ў межах Каспійскага мора канцэнтруюцца ў раёнах радовішчаў нафты і газу.
Калі сабака ўзмоцнена капае зямлю — да дажджу, ляжыць скруціўшыся — да холаду, ляжыць выцягнуўшыся — да цяпла. Адчувальныя да атмасферных змен насякомыя і павукі. Сапраўднымі барометрамі з’яўляюцца рыбы. Многія рыбы перад навальніцай усплываюць на паверхню. Большасць рыб перад дажджом перастае харчавацца. Медуза за шмат гадзін ведае пра набліжэнне шторму. За некалькі дзён да землетрасенняў глыбакаводныя рыбы падымаюцца да паверхні, акварыумныя рыбы мітусяцца па акварыуме.

Але жывёльны свет аказвае і негатыўны ўплыў на чалавека і яго гаспадарчую дзейнасць. Многія віды насякомых, прасцейшых, плоскіх і круглых чарвякоў, членістаногіх і некаторыя іншыя з’яўляюцца ўзбуджальнікамі небяспечных хвароб чалавека і свойскіх жывёл (малярыя, сонная хвароба, амёбная дызентэрыя, аскарыдоз, кароста і інш.). Некаторыя жывёлы выступаюць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў захворванняў — чумы, тыфу, энцэфаліту, тулярэміі і інш. Сельскагаспадарчыя расліны пакутуюць ад шкодных насякомых, грызуноў і г. д. Мучныя кляшчы, хрушчакі, зерняеды, шубныя і іншыя молі, тэрміты псуюць харчовыя запасы, футра, шэрсць, мэблю, драўляныя збудаванні.

Біялагічная і прыродная разнастайнасць Зямлі і праблема іх захавання. Біялагічная разнастайнасць — сукупнасць усіх форм жывых арганізмаў, якія насяляюць нашу планету. Гэта багацце і разнастайнасць жыцця і яго працэсаў. Яна ўключае разнастайнасць жывых арганізмаў, іх генетычных адрозненняў і месцаў пасялення. Біялагічная разнастайнасць дзеліцца на тры катэгорыі: сярод прадстаўнікоў аднаго віду (генетычная разнастайнасць), паміж рознымі відамі і паміж экасістэмамі.

На ландшафтным узроўні заканамернасці біялагічнай разнастайнасці вызначаюцца занальнымі прыроднымі ўмовамі, мясцовымі асаблівасцямі клімату, рэльефу, глеб, а таксама гісторыяй развіцця тэрыторыі.

Найбольшай відавой разнастайнасцю адрозніваюцца (у парадку змяншэння): вільготныя экватарыяльныя лясы, каралавыя рыфы, сухія трапічныя лясы, вільготныя лясы ўмеранага пояса, акіянічныя астравы, ландшафты міжземнаморскага клімату, бязлесныя (саванныя, стэпавыя) ландшафты.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце раёны з ландшафтамі, якія вылучаюцца найбольшай відавой разнастайнасцю.

У сувязі з узмацненнем антрапагеннага змянення біялагічнай разнастайнасці праблема яе захавання набыла глабальны характар.

Згодна з ацэнкай біялагічнай разнастайнасці экспертамі Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), знішчэнне пагражае больш за 30 тыс. відаў жывёл і раслін. За апошнія 400 гадоў зніклі 484 віды жывёл і 654 віды раслін.

icon Клуб географаў-знаўцаў. За апошнія 400 гадоў асноўнымі непасрэднымі прычынамі знікнення відаў жывёл былі: інтрадукцыя новых відаў, якая суправаджалася выцясненнем або знішчэннем мясцовых відаў (39 % усіх страчаных відаў жывёл); разбурэнне ўмоў існавання жывёл, прамое адабранне і дэградацыя заселеных імі тэрыторый (36 %); некантралюемае паляванне (23 %); іншыя прычыны (2 %).

icon Свет і Беларусь. Якія віды раслін і жывёл у Рэспубліцы Беларусь знаходзяцца на мяжы знікнення?

Сучаснае паскарэнне зніжэння біялагічнай разнастайнасці абумоўлена некалькімі галоўнымі прычынамі (мал. 88).

img
Мал. 88. Галоўныя прычыны зніжэння біялагічнай разнастайнасці

Асноўныя прычыны неабходнасці захавання біялагічнай разнастайнасці. Усе віды (якімі б шкоднымі ці непрыемнымі яны ні былі б для чалавека) маюць права на існаванне. Гэта палажэнне запісана ў Сусветнай хартыі прыроды, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН. Біялагічная разнастайнасць — гэта аснова эвалюцыі жыццёвых форм. Зніжэнне відавой і генетычнай разнастайнасці падрывае далейшае ўдасканаленне форм жыцця на Зямлі. Эканамічная мэтазгоднасць захавання біяразнастайнасці абумоўлена выкарыстаннем дзікай біёты для задавальнення розных патрэб грамадства. Напрыклад, для селекцыі хатніх раслін і свойскіх жывёл, вырабу лекаў, забеспячэння насельніцтва харчаваннем, палівам, энергіяй, драўнінай і г. д.

icon Прыродная разнастайнасць — сукупнасць прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, прыродных комплексаў, якія сфарміраваліся ў працэсе развіцця жыцця на Зямлі.

Існуе шмат спосабаў абароны прыроднай разнастайнасці. Найбольш эфектыўны і адносна эканамічны спосаб — стварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ).

Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі ў свеце, іх тыпы і значэнне. У адпаведнасці з класіфікацыяй Сусветнага саюза аховы прыроды вылучаюць 8 відаў ААПТ (мал. 89).

img
Мал. 89. Віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторый

Першыя пяць катэгорый звычайна ўключаюць у статыстыку па ААПТ.

Ёсць яшчэ дзве дадатковыя катэгорыі.

Біясферныя запаведнікі. Ствараюцца з мэтай захавання біялагічнай разнастайнасці. Уключаюць некалькі канцэнтрычных зон рознай ступені выкарыстання: ад зоны поўнай недаступнасці (звычайна ў цэнтральнай частцы запаведніка) да зоны разумнай, але досыць інтэнсіўнай эксплуатацыі (мал. 90–92).

img
Мал. 90. Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Беларусь
img
Мал. 91. Нарачанскі нацыянальны парк, Беларусь
img
Мал. 92. Бярэзінскі біясферны запаведнік, Беларусь

Месцы сусветнай спадчыны. Ствараюцца для аховы ўнікальных прыродных і культурных аб’ектаў сусветнага значэння. Кіраванне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канвенцыяй па сусветнай спадчыне.

Усяго ў свеце налічваецца каля 147 тыс. ахоўных тэрыторый, іх колькасць пастаянна павялічваецца. Ахоўныя тэрыторыі займаюць плошчу ў 19,3 млн км2, або 13 % паверхні сушы.

Павышаны ўзровень П3

Мэта, якую ставіць перад сусветнай грамадскасцю Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, — дамагчыся пашырэння асабліва ахоўных тэрыторый да 17 % сушы і да 10 % марской акваторыі Зямлі.

icon Свет і Беларусь. На тэрыторыі Беларусі (на 01.01.2020 г.) прадстаўлены запаведнікі (1), нацыянальныя паркі (4), заказнікі (381) і помнікі прыроды (911). Іх плошча складае каля 1,87 млн га, або 9 % тэрыторыі краіны. У тым ліку запаведнікі і нацыянальныя паркі займаюць плошчу каля 475,5 тыс. га, або 2,3 % тэрыторыі Беларусі.

icon Паразважаем. Чаму форма асабліва ахоўных тэрыторый з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам аховы прыроднай разнастайнасці?

Пашырэнне колькасці і плошчы ахоўных тэрыторый супярэчыць выкарыстанню зямлі для іншых мэт. Таму для аховы прыроднай разнастайнасці на заселеных чалавекам тэрыторыях неабходна выкарыстоўваць розныя прыёмы. Напрыклад, захаванне прыродных пераўвільготненых зямель, кіраванне папуляцыямі дзікіх відаў і месцамі іх пражывання і інш. Эфектыўныя спосабы абароны прыроднай разнастайнасці — міжнародныя канвенцыі і шматлікія рэгіянальныя і двухбаковыя пагадненні, якія рэгулююць канкрэтныя пытанні яе захавання.

Сучасны стан і перспектывы развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) па мацерыкам і краінам. У цяперашні час ААПТ ёсць амаль ва ўсіх краінах свету. Пры гэтым у кожнай дзяржаве існуе спецыфічны набор катэгорый ААПТ. Розныя рэгіёны характарызуюцца неаднолькавай колькасцю і адноснай плошчай ААПТ. Па абсалютнай колькасці ААПТ лідзіруюць Еўропа і Паўночная Амерыка, па адноснай плошчы — дзяржавы Карыбскага басейна.

img
Мал. 92-1. Пірэнейскі запаведнік, Францыя

У Еўропе ААПТ існуюць на фоне густазаселеных і практычна цалкам асвоеных ландшафтаў. У многіх еўрапейскіх краінах ААПТ займаюць даволі вялікія плошчы (мал. 92-1). Але ў іх структуры пераважаюць ААПТ, у якіх дапускаюцца шматлікія віды гаспадарчай дзейнасці. У Еўропе мяркуецца стварыць адзіную экалагічную сетку ААПТ «EECONET». Яна павінна звязаць асобныя ААПТ у цэласную сістэму без уліку дзяржаўных меж, галоўным чынам шляхам стварэння «зялёных калідораў». Нягледзячы на агульнаеўрапейскі падыход, у розных частках Еўропы ёсць выяўленая рэгіянальная і нацыянальная спецыфіка арганізацыі ААПТ.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Еўропы.

У Паўночнай Амерыцы ААПТ займаюць каля 18 % тэрыторыі. У Канадзе налічваецца больш за 2500 ААПТ. Яны займаюць каля 10 % тэрыторыі краіны. Паводле канадскага федэральнага зялёнага плана, гэтая лічба павінна ўзрасці да 12 %. Сетка канадскіх ААПТ уключае нацыянальныя і прыродныя паркі, нацыянальныя прыродныя тэрыторыі, рэгіянальныя паркі, экалагічныя рэзерваты, прыродаахоўныя тэрыторыі ў прыватным валоданні і інш. Пры гэтым іх назвы і метады кіравання даволі істотна мяняюцца ад правінцыі да правінцыі.

img
Мал. 92-2. Нацыянальны парк «Елаўстоўн», Злучаныя Штаты Амерыкі

У ЗША ААПТ займаюць каля 20 % тэрыторыі краіны. Але, у адпаведнасці з амерыканскім заканадаўствам, да ахоўных прыродных аб’ектаў належаць нацыянальныя могілкі, гістарычныя палі бітваў, прэзідэнцкі Белы дом і інш. У цэлым сетка амерыканскіх ахоўных прыродных тэрыторый адрозніваецца вялікай складанасцю і спецыфікай складнікаў іх прыродных аб’ектаў і асаблівасцямі кіравання (мал. 92-2). Адзначым, што ў ЗША вельмі развіта сетка экалагічных няўрадавых арганізацый і дабрачынных фондаў, якія ініцыююць арганізацыю прыродаахоўных праектаў там, дзе ўрадавыя структуры не ў стане гэтага зрабіць.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Арганізацыя «The Nature Conservancy» выкупляе землі з вялікай біялагічнай разнастайнасцю. У цяперашні час пад кіраваннем гэтай арганізацыі толькі ў ЗША знаходзіцца больш за 1600 рэзерватаў агульнай плошчай амаль паўмільёна гектараў. Усе яны створаны і выкарыстоўваюцца для аховы рэдкіх відаў і прыродных згуртаванняў у навуковых і адукацыйных мэтах.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Паўночнай Амерыкі.

Даволі высокім узроўнем развіцця ААПТ вылучаюцца многія краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Тут ААПТ займаюць каля 15 % тэрыторыі. Сетка ААПТ у гэтым рэгіёне пачала актыўна фарміравацца ў 70-я гг. XX ст. У адрозненне ад Еўропы, у многіх краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі рэзервацыя зямель мела апераджальны характар. Сярод ААПТ тут пераважаюць нацыянальныя паркі і ахоўныя прыродныя тэрыторыі з кіруемымі рэсурсамі. У Бразіліі асаблівая ўвага аддаецца ахове вільготных трапічных лясоў Амазоніі.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.

img
Мал. 92-3. Нацыянальны парк «Вялікі Бар’ерны рыф», Аўстралія

Аўстралія і Акіянія вылучаюцца добра развітай сістэмай ААПТ (каля 15 % тэрыторыі). Большая частка прыродных аб’ектаў, якія маюць патрэбу ў рэжыме аховы, тут уключана ў рэгіянальную сетку ААПТ. У Аўстраліі ААПТ адрозніваюцца не толькі нацыянальнай асаблівасцю, але і спецыфікай у асобных штатах. Вялікае значэнне ў Аўстраліі маюць марскія рэзерваты, у тым ліку марскія нацыянальныя паркі. Сярод апошніх вылучаецца знакаміты парк "Вялікі Бар’ерны рыф", створаны ў 1979 г. (мал. 92-3). Новая Зеландыя знаходзіцца сярод краін свету, у якіх адносная плошча ААПТ значна пераўзыходзіць сярэднесусветны ўзровень (каля чвэрці тэрыторыі краіны). Агульная колькасць ААПТ перавышае 8,5 тыс., што цалкам вытлумачальна, бо 3/4 відаў астраўной флоры — эндэмікі.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Аўстраліі і Акіяніі.

Для прыроды Азіі характэрна вялікая кантраснасць. Тут суседнічаюць практычна непарушаныя ландшафты з землямі, гісторыя асваення якіх налічвае некалькі тысячагоддзяў. У Азіі ААПТ займаюць каля 7 % яе тэрыторыі. Сярод азіяцкіх краін вылучаецца невялікі Бутан, размешчаны ў цяжкадаступнай частцы Усходніх Гімалаяў. Пры агульнай плошчы дзяржавы 47 тыс. км2, ААПТ займаюць больш за 20 % тэрыторыі краіны.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Азіі.

img
Мал. 92-4. Нацыянальны парк «Кіліманджара», Кенія

У Афрыцы ААПТ займаюць менш за 10 %. Уласціва заўважная тэрытарыяльная кантраснасць у размеркаванні ААПТ. Яны займаюць даволі вялікія плошчы на поўдні і ўсходзе кантынента. У Цэнтральнай і Заходняй Афрыцы ААПТ значна менш. Сярод ААПТ пераважаюць нацыянальныя паркі (мал. 92-4). У некаторых краінах вялікае значэнне маюць кіруемыя прыродныя і рэсурсныя рэзерваты.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Афрыкі.

З улікам асаблівасцей задач, рэжыму і статусу ў Расіі вылучаюцца наступныя катэгорыі ААПТ: дзяржаўныя прыродныя запаведнікі, у тым ліку біясферныя; нацыянальныя паркі; прыродныя паркі; дзяржаўныя прыродныя заказнікі; помнікі прыроды; дэндралагічныя паркі і батанічныя сады. Усяго ў Расіі па стане на 1 студзеня 2017 г. налічвалася каля 12 тыс. ААПТ федэральнага, рэгіянальнага і мясцовага значэння, агульная плошча якіх складае 232,5 млн га (з улікам марской акваторыі), што складае 13,6 % ад плошчы тэрыторыі Расіі.

Федэральнае значэнне маюць 296 ААПТ, у тым ліку 103 дзяржаўныя прыродныя запаведнікі, 49 нацыянальных паркаў і 59 дзяржаўных прыродных заказнікаў, а таксама 17 помнікаў прыроды. Агульная плошча ААПТ федэральнага значэння складае 62,4 млн га (з улікам марскіх акваторый) або 48,2 млн га (без акваторый). На долю 10 568 ААПТ рэгіянальнага значэння прыходзіцца 88,7 % ад агульнай колькасці ААПТ і 58,6 % ад сумарнай плошчы. Агульная плошча 1 071 ААПТ мясцовага значэння складае 49,7 млн га.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У склад 11 аб’ектаў Сусветнай прыроднай спадчыны, што знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, уваходзяць 13 запаведнікаў, 7 нацыянальных паркаў, 3 федэральныя заказнікі, некалькі помнікаў прыроды і буферныя зоны запаведнікаў.

У Беларусі ААПТ займаюць 9 % тэрыторыі краіны. ААПТ уключаны адзін запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, заказнікі і помнікі прыроды. Усяго на 1 студзеня 2020 г. у Беларусі функцыянуе 1297 ААПТ агульнай плошчай 1870,1 тыс. га. У тым ліку плошча нацыянальных паркаў і запаведніка складае 417 615 га, або 2,0 % тэрыторыі рэспублікі.

iconСвет і Беларусь. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Беларусі.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Расіі.

iconПаразважаем. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце асноўныя ААПТ Расіі.

Разам з агульнымі рысамі тэрытарыяльнай аховы прыроды ў большасці краін ёсць нацыянальныя асаблівасці, звязаныя са спецыфікай прыроды, гісторыяй іх развіцця і традыцыямі мясцовага насельніцтва.

icon Падвядзём вынікі. Біёта — аснова … біясферы, яе галоўная … сіла. Жывыя арганізмы выконваюць важную ролю ў разбурэнні горных … і … глеб. Расліннасць забяспечвае людзей …, служыць крыніцай …, будаўнічага …, …, … і г. д. Найбольшую значнасць сярод усіх … расліннасці зямнога шара маюць … . Дзікія жывёлы і … іх жыццядзейнасці выкарыстоўваюцца ў розных галінах … . Біялагічная разнастайнасць — сукупнасць усіх форм … …, якія насяляюць нашу планету.

icon Праверым свае веды. 1. Якія ўласцівасці характэрны для біёты? 2. Якая роля раслін і жывёл у гаспадарчай дзейнасці чалавека? 3. Што робіць чалавек для аховы прыроднай разнастайнасці?

icon Ад простага да складанага. 1. Якія прыродныя ландшафты больш за ўсё зменены чалавекам і чаму? 2. Чаму неабходна захаваць прыродную разнастайнасць?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, вызначыце, якія расліны і жывёлы назаўсёды зніклі ў Беларусі, а якім рацыянальнае прыродакарыстанне дапамагло аднавіцца. 2. Прапануйце праект стварэння асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі ў вашай мясцовасці.

icon

Web-ресурсы.
Сайт Міжнароднай арганізацыі па ахове прыроды.

Канвенцыя аб біялагічнай разнастайнасці.

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь.

Сусветны фонд прыроды. Жывая прырода.

Міжнародны саюз аховы прыроды. Ахоўныя раёны.

Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.