§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА
Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі ў свеце, іх тыпы і значэнне. У адпаведнасці з класіфікацыяй Сусветнага саюза аховы прыроды вылучаюць 8 відаў ААПТ (мал. 89).
Першыя пяць катэгорый звычайна ўключаюць у статыстыку па ААПТ.
Ёсць яшчэ дзве дадатковыя катэгорыі.
Біясферныя запаведнікі. Ствараюцца з мэтай захавання біялагічнай разнастайнасці. Уключаюць некалькі канцэнтрычных зон рознай ступені выкарыстання: ад зоны поўнай недаступнасці (звычайна ў цэнтральнай частцы запаведніка) да зоны разумнай, але досыць інтэнсіўнай эксплуатацыі (мал. 90–92).
Месцы сусветнай спадчыны. Ствараюцца для аховы ўнікальных прыродных і культурных аб’ектаў сусветнага значэння. Кіраванне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канвенцыяй па сусветнай спадчыне.
Усяго ў свеце налічваецца каля 147 тыс. ахоўных тэрыторый, іх колькасць пастаянна павялічваецца. Ахоўныя тэрыторыі займаюць плошчу ў 19,3 млн км2, або 13 % паверхні сушы.
Мэта, якую ставіць перад сусветнай грамадскасцю Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, — дамагчыся пашырэння асабліва ахоўных тэрыторый да 17 % сушы і да 10 % марской акваторыі Зямлі.
Свет і Беларусь. На тэрыторыі Беларусі (на 01.01.2020 г.) прадстаўлены запаведнікі (1), нацыянальныя паркі (4), заказнікі (381) і помнікі прыроды (911). Іх плошча складае каля 1,87 млн га, або 9 % тэрыторыі краіны. У тым ліку запаведнікі і нацыянальныя паркі займаюць плошчу каля 475,5 тыс. га, або 2,3 % тэрыторыі Беларусі.
Паразважаем. Чаму форма асабліва ахоўных тэрыторый з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам аховы прыроднай разнастайнасці?
Пашырэнне колькасці і плошчы ахоўных тэрыторый супярэчыць выкарыстанню зямлі для іншых мэт. Таму для аховы прыроднай разнастайнасці на заселеных чалавекам тэрыторыях неабходна выкарыстоўваць розныя прыёмы. Напрыклад, захаванне прыродных пераўвільготненых зямель, кіраванне папуляцыямі дзікіх відаў і месцамі іх пражывання і інш. Эфектыўныя спосабы абароны прыроднай разнастайнасці — міжнародныя канвенцыі і шматлікія рэгіянальныя і двухбаковыя пагадненні, якія рэгулююць канкрэтныя пытанні яе захавання.