§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

Біялагічная і прыродная разнастайнасць Зямлі і праблема іх захавання. Біялагічная разнастайнасць — сукупнасць усіх форм жывых арганізмаў, якія насяляюць нашу планету. Гэта багацце і разнастайнасць жыцця і яго працэсаў. Яна ўключае разнастайнасць жывых арганізмаў, іх генетычных адрозненняў і месцаў пасялення. Біялагічная разнастайнасць дзеліцца на тры катэгорыі: сярод прадстаўнікоў аднаго віду (генетычная разнастайнасць), паміж рознымі відамі і паміж экасістэмамі.

На ландшафтным узроўні заканамернасці біялагічнай разнастайнасці вызначаюцца занальнымі прыроднымі ўмовамі, мясцовымі асаблівасцямі клімату, рэльефу, глеб, а таксама гісторыяй развіцця тэрыторыі.

Найбольшай відавой разнастайнасцю адрозніваюцца (у парадку змяншэння): вільготныя экватарыяльныя лясы, каралавыя рыфы, сухія трапічныя лясы, вільготныя лясы ўмеранага пояса, акіянічныя астравы, ландшафты міжземнаморскага клімату, бязлесныя (саванныя, стэпавыя) ландшафты.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце раёны з ландшафтамі, якія вылучаюцца найбольшай відавой разнастайнасцю.

У сувязі з узмацненнем антрапагеннага змянення біялагічнай разнастайнасці праблема яе захавання набыла глабальны характар.

Згодна з ацэнкай біялагічнай разнастайнасці экспертамі Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), знішчэнне пагражае больш за 30 тыс. відаў жывёл і раслін. За апошнія 400 гадоў зніклі 484 віды жывёл і 654 віды раслін.

icon Клуб географаў-знаўцаў. За апошнія 400 гадоў асноўнымі непасрэднымі прычынамі знікнення відаў жывёл былі: інтрадукцыя новых відаў, якая суправаджалася выцясненнем або знішчэннем мясцовых відаў (39 % усіх страчаных відаў жывёл); разбурэнне ўмоў існавання жывёл, прамое адабранне і дэградацыя заселеных імі тэрыторый (36 %); некантралюемае паляванне (23 %); іншыя прычыны (2 %).

icon Свет і Беларусь. Якія віды раслін і жывёл у Рэспубліцы Беларусь знаходзяцца на мяжы знікнення?

Сучаснае паскарэнне зніжэння біялагічнай разнастайнасці абумоўлена некалькімі галоўнымі прычынамі (мал. 88).

img
Мал. 88. Галоўныя прычыны зніжэння біялагічнай разнастайнасці