§ 11. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БІЯСФЕРЫ

Сучасныя ландшафты Зямлі значна пераўтвораны ў выніку дзейнасці чалавека. Існуе 96 занальных тыпаў ландшафтаў, якія выдзяляюцца на раўнінах, з іх 40 тыпаў зніклі або былі карэнным чынам зменены. Усяго каля 60 % тэрыторыі свету пераўтворана чалавекам. На 20–30 % плошчы сушы чалавек змяніў ландшафты практычна цалкам. На тэрыторыях з высокай шчыльнасцю насельніцтва натуральныя экасістэмы амаль не захаваліся. Яны на 40–80 % заняты сельскагаспадарчымі землямі, населенымі пунктамі, дарогамі, прамысловымі збудаваннямі. На астатняй частцы сустракаюцца другасныя лясы, дэградзіраваныя землі і водагаспадарчыя сістэмы.

Павышаны ўзровень П2

img
Мал. 59. Ледніковая пустыня, Антарктыда
img
Мал. 60. Тундра, Расія
img
Мал. 61. Лясы ўмеранага пояса, Расія
img
Мал. 62. Нацыянальны парк «Ёсеміці», ЗША

У цяперашні час на зямной паверхні можна вылучыць дзве галоўныя групы ландшафтаў. Прыродныя першасныя ландшафты, якія адпавядаюць іх геаграфічным занальным тыпам. Яны не падпалі пад прамы ўплыў гаспадарчай дзейнасці або падвяргаюцца невялікім эпізадычным уздзеянням, што не выклікаюць якасных змяненняў натуральных працэсаў. Гэта ландшафты ледніковых пустынь, некаторыя трапічныя пустыні, большая частка тундры і высакагорных раёнаў, а таксама лясоў умеранага пояса Паўночнага паўшар’я (мал. 59–61). Да прыродных ландшафтаў адносяцца запаведнікі і іншыя асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (мал. 62).

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны, дзе ў найбольшай ступені захаваліся прыродныя першасныя ландшафты.

Да другой групы належаць прыродна-антрапагенные ландшафты, у рознай ступені трансфармаваныя гаспадарчай дзейнасцю. У залежнасці ад глыбіні змены прыроды яны падзяляюцца на другасна-прыродныя, антрапагенна-змененыя і тэхнагенныя.

icon Свет і Беларусь. На Беларусі каля 90 % тэрыторыі займаюць прыродна-антрапагенныя ландшафты. Прывядзіце прыклады моцна, сярэдне і слаба змененых ландшафтаў.

Другасна-прыродныя ландшафты сфарміраваліся на месцы першасных прыродных ландшафтаў у выніку гаспадарчай дзейнасці сярэдняй інтэнсіўнасці.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Прыкладамі другасна-прыродных ландшафтаў з’яўляюцца драбналістыя (бярозавыя і асінавыя) лясы УсходнеЕўрапейскай раўніны (мал. 63), ксерафітныя хмызнякі і лясы міжземнаморскага тыпу, дэградзіраваныя стэпы і саванны і многія іншыя. Агульнае для гэтых ландшафтаў — значнае змяненне чалавекам расліннасці, глеб, мікраклімату і іншых прыродных кампанентаў.

Да антрапагенна-змененых адносяцца ландшафты з высокай ступенню ўздзеяння гаспадарчай дзейнасці чалавека. У іх антрапагенная трансфармацыя вылучалася большай хуткасцю, чым змена прыродных умоў. Гэтыя ландшафты развіваюцца як прыродныя сістэмы, але вельмі моцна залежаць ад дзейнасці чалавека.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Прыклады антрапагенна-змененых ландшафтаў — сельскагаспадарчыя палі, плантацыі, пашы, агароды, сады, лесагаспадарчыя тэрыторыі, паркі і г. д. (мал. 64, 65).

img
Мал. 63. Бярозавы гай, Расія
img
Мал. 64. Сельскагаспадарчыя ландшафты, Францыя
img
Мал. 65. Чайныя плантацыі, Шры-Ланка
img
Мал. 66. Гарадскі ландшафт, Вільнюс, Літва

Тэхнагенныя ландшафты — гэта прыродныя тэрыторыі, найбольш глыбока ператвораныя чалавекам (мал. 66). У тэхнагенных ландшафтах трансфармаваны практычна ўсе прыродныя кампаненты — рэльеф, расліннасць, глебы, сцёк, мясцовы клімат. Да гэтай групы ландшафтаў належаць гарады (жылыя кварталы, вуліцы і плошчы, месцы адпачынку, прамысловыя зоны, шляхі зносін і сістэмы жыццезабеспячэння); месцы здабычы і перапрацоўкі мінеральных рэсурсаў (кар’еры, шахты, нафтавыя промыслы і інш.); ландшафты гідратэхнічных збудаванняў (плаціны, вадасховішчы, каналы, помпавыя станцыі і г. д.).

Агульнай геаэкалагічнай асаблівасцю ландшафтаў свету з’яўляецца пагаршэнне іх стану.