Печатать книгуПечатать книгу

§ 11. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БІЯСФЕРЫ

Павышаны ўзровень §11-1

icon
Успамінаем. Якія межы біясферы? Якая роля жывых арганізмаў у вялікім кругавароце рэчываў? Назавіце асноўныя асаблівасці распаўсюджвання жывых арганізмаў у біясферы.
icon
Вывучаем, каб ведаць. Як біясфера ўзаемадзейнічае з іншымі геасферамі? Якое ўздзеянне на біясферу аказвае чалавек? Як уплывае біёта на гаспадарчую дзейнасць чалавека?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 11. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БІЯСФЕРЫ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 22:52

Роля біясферы ў геаграфічнай абалонцы і яе значэнне для жыцця людзей. Біясфера — адна з геасфер Зямлі, вобласць распаўсюджвання жывога рэчыва. Яна з’яўляецца незаменным асяроддзем жыццядзейнасці чалавека. Біясфера не можа функцыянаваць без цеснага ўзаемадзеяння з атмасферай, гідрасферай і літасферай (мал. 57).

img
Мал. 57. Будова біясферы

Зямля ад іншых планет Сонечнай сістэмы адрозніваецца наяўнасцю біясферы. Газавы склад атмасферы, глабальны кругаварот вады, ключавая роля вугляроду і яго злучэнняў звязаны з дзейнасцю біёты і характэрны толькі для Зямлі. Біёта адыгрывае важную ролю ва ўсіх глабальных прыродных кругаваротах. Працэс фотасінтэзу забяспечвае ўстойлівае ўтварэнне найважнейшага аднаўляльнага прыроднага рэсурсу — першаснай біялагічнай прадукцыі. Без яе немагчыма развіццё сельскай і рыбнай гаспадаркі, лесаводства і іншых відаў гаспадарчай дзейнасці.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. З курсу біялогіі ўспомніце, як утварэнне першаснай біялагічнай прадукцыі ўплывае на гаспадарчую дзейнасць чалавека.

Дзякуючы ўнікальным уласцівасцям біёты біясфера выконвае шэраг важных функцый у геаграфічнай абалонцы (мал. 58).

img
Мал. 58. Асноўныя функцыі біясферы ў геаграфічнай абалонцы

У выніку рэалізацыі гэтых функцый біясфера падтрымлівае стабільнае функцыянаванне геаграфічнай абалонкі, забяспечвае захаванне асяроддзя жыццядзейнасці чалавека, нягледзячы на антрапагеннае ўздзеянне, якое пастаянна нарастае.

Уплыў дзейнасці чалавека на біясферу. Сярод геаэкалагічных праблем біясферы ёсць дзве найбольш сур’ёзныя. Першая праблема абумоўлена зніжэннем ролі біясферы ў падтрыманні стабільнага стану геаграфічнай абалонкі. Другая звязана са значным адабраннем і разбурэннем чалавекам аднаўляльных біялагічных рэсурсаў.

Чалавек як біялагічны від знаходзіцца на вяршыні экалагічнай піраміды. Па законах біялагічнай экалогіі на харчаванне яму «адводзіцца» толькі некалькі працэнтаў вырабленай на сушы першаснай біялагічнай прадукцыі, а гэта каля 10 млрд т у год.

Першасная біялагічная прадукцыя — гэта біямаса, якая вырабляецца прадуцэнтамі (у асноўным раслінамі) за адзінку часу (звычайна год) на адзінку плошчы. Яе велічыня залежыць ад суадносін цяпла і вільгаці, якія паступаюць на зямную паверхню. Чым больш сонечнай энергіі праходзіць на паверхню Зямлі, тым лепшыя ўмовы для сінтэзу першаснай біялагічнай прадукцыі. Але гэта слушна толькі пры наяўнасці аптымальнай колькасці вады.

Павышаны ўзровень П1

icon Клуб географаў-знаўцаў. Найбольшая біялагічная прадукцыйнасць характэрная для вільготных лясоў экватарыяльнага пояса (каля 4000 т/км2 у год). Субтрапічныя лясы вырабляюць каля 2000 т/км2 у год. Саванны трапічнага пояса маюць біяпрадукцыйнасць каля 1500 т/км2 у год, стэпы — каля 900 т/км2 у год, тайга — 700 т/км2 у год, а пустыні — не больш за 200 т/км2 у год.

За кошт выкарыстання раллі, пашы і лясоў чалавек спажывае сельскагаспадарчыя і лясныя прадукты агульнай масай 31 млрд т у год. Змены прыродных ландшафтаў, ператварэнне натуральных экасістэм у антрапагенныя і іншая дзейнасць чалавека паменшылі першасную біялагічную прадукцыю на 27 млрд т. Такім чынам, агульная колькасць біямасы сушы, якую спажывае і разбурае чалавек, складае 58 млрд т у год, або амаль 40 % першаснай біялагічнай прадукцыі сушы.

Спажыванне чалавекам першаснай біялагічнай прадукцыі пераўзыходзіць усе дапушчальныя межы. У канчатковым выніку гэта можа прывесці да катастрафічных змен біясферы і ўсёй геаграфічнай абалонкі.

icon Паразважаем. Чаму чалавецтва, нягледзячы на магчымыя катастрафічныя наступствы, не зніжае спажыванне першаснай біялагічнай прадукцыі?

iconКлуб географаў-знаўцаў. Біялагічная прадукцыйнасць — агульная колькасць арганічнага рэчыва (біямасы), якое вырабляецца папуляцыяй або супольнасцю за адзінку часу на адзінку плошчы. Пры гэтым адрозніваюць першасную біямасу, якая вырабляецца ў працэсе фотасінтэзу аўтатрофамі (зялёнымі раслінамі) і другасную біямасу, атрыманую гетэратрофамі. Першасную прадукцыю наземных экасістэм звычайна ацэньваюць па гадавым прыросце расліннай біямасы (чыстая прадукцыя). Штогадовая першасная прадукцыя біясферы складае 170 109 т, прычым 2/3 яе вырабляецца экасістэмамі сушы.

Сучасныя ландшафты Зямлі значна пераўтвораны ў выніку дзейнасці чалавека. Існуе 96 занальных тыпаў ландшафтаў, якія выдзяляюцца на раўнінах, з іх 40 тыпаў зніклі або былі карэнным чынам зменены. Усяго каля 60 % тэрыторыі свету пераўтворана чалавекам. На 20–30 % плошчы сушы чалавек змяніў ландшафты практычна цалкам. На тэрыторыях з высокай шчыльнасцю насельніцтва натуральныя экасістэмы амаль не захаваліся. Яны на 40–80 % заняты сельскагаспадарчымі землямі, населенымі пунктамі, дарогамі, прамысловымі збудаваннямі. На астатняй частцы сустракаюцца другасныя лясы, дэградзіраваныя землі і водагаспадарчыя сістэмы.

Павышаны ўзровень П2

img
Мал. 59. Ледніковая пустыня, Антарктыда
img
Мал. 60. Тундра, Расія
img
Мал. 61. Лясы ўмеранага пояса, Расія
img
Мал. 62. Нацыянальны парк «Ёсеміці», ЗША

У цяперашні час на зямной паверхні можна вылучыць дзве галоўныя групы ландшафтаў. Прыродныя першасныя ландшафты, якія адпавядаюць іх геаграфічным занальным тыпам. Яны не падпалі пад прамы ўплыў гаспадарчай дзейнасці або падвяргаюцца невялікім эпізадычным уздзеянням, што не выклікаюць якасных змяненняў натуральных працэсаў. Гэта ландшафты ледніковых пустынь, некаторыя трапічныя пустыні, большая частка тундры і высакагорных раёнаў, а таксама лясоў умеранага пояса Паўночнага паўшар’я (мал. 59–61). Да прыродных ландшафтаў адносяцца запаведнікі і іншыя асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (мал. 62).

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны, дзе ў найбольшай ступені захаваліся прыродныя першасныя ландшафты.

Да другой групы належаць прыродна-антрапагенные ландшафты, у рознай ступені трансфармаваныя гаспадарчай дзейнасцю. У залежнасці ад глыбіні змены прыроды яны падзяляюцца на другасна-прыродныя, антрапагенна-змененыя і тэхнагенныя.

icon Свет і Беларусь. На Беларусі каля 90 % тэрыторыі займаюць прыродна-антрапагенныя ландшафты. Прывядзіце прыклады моцна, сярэдне і слаба змененых ландшафтаў.

Другасна-прыродныя ландшафты сфарміраваліся на месцы першасных прыродных ландшафтаў у выніку гаспадарчай дзейнасці сярэдняй інтэнсіўнасці.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Прыкладамі другасна-прыродных ландшафтаў з’яўляюцца драбналістыя (бярозавыя і асінавыя) лясы УсходнеЕўрапейскай раўніны (мал. 63), ксерафітныя хмызнякі і лясы міжземнаморскага тыпу, дэградзіраваныя стэпы і саванны і многія іншыя. Агульнае для гэтых ландшафтаў — значнае змяненне чалавекам расліннасці, глеб, мікраклімату і іншых прыродных кампанентаў.

Да антрапагенна-змененых адносяцца ландшафты з высокай ступенню ўздзеяння гаспадарчай дзейнасці чалавека. У іх антрапагенная трансфармацыя вылучалася большай хуткасцю, чым змена прыродных умоў. Гэтыя ландшафты развіваюцца як прыродныя сістэмы, але вельмі моцна залежаць ад дзейнасці чалавека.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Прыклады антрапагенна-змененых ландшафтаў — сельскагаспадарчыя палі, плантацыі, пашы, агароды, сады, лесагаспадарчыя тэрыторыі, паркі і г. д. (мал. 64, 65).

img
Мал. 63. Бярозавы гай, Расія
img
Мал. 64. Сельскагаспадарчыя ландшафты, Францыя
img
Мал. 65. Чайныя плантацыі, Шры-Ланка
img
Мал. 66. Гарадскі ландшафт, Вільнюс, Літва

Тэхнагенныя ландшафты — гэта прыродныя тэрыторыі, найбольш глыбока ператвораныя чалавекам (мал. 66). У тэхнагенных ландшафтах трансфармаваны практычна ўсе прыродныя кампаненты — рэльеф, расліннасць, глебы, сцёк, мясцовы клімат. Да гэтай групы ландшафтаў належаць гарады (жылыя кварталы, вуліцы і плошчы, месцы адпачынку, прамысловыя зоны, шляхі зносін і сістэмы жыццезабеспячэння); месцы здабычы і перапрацоўкі мінеральных рэсурсаў (кар’еры, шахты, нафтавыя промыслы і інш.); ландшафты гідратэхнічных збудаванняў (плаціны, вадасховішчы, каналы, помпавыя станцыі і г. д.).

Агульнай геаэкалагічнай асаблівасцю ландшафтаў свету з’яўляецца пагаршэнне іх стану.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Асноўныя асаблівасці антрапагеннай трансфармацыі сучасных ландшафтаў і экасістэм (мал. 58-1).

img
Мал. 58-1. Асноўныя асаблівасці антрапагеннай трансфармацыі ландшафтаў і экасістэм

icon Падвядзём вынікі. Біясфера — адна з … Зямлі, вобласць распаўсюджвання … рэчыва. Біёта выконвае важную ролю ва ўсіх глабальных … кругаваротах на Зямлі. Чалавек як біялагічны від знаходзіцца на вяршыні … піраміды. Велічыня біялагічнай прадукцыі залежыць ад суадносін … і …, якія паступаюць на зямную паверхню. У цяперашні час на зямной паверхні можна вылучыць дзве галоўныя групы ландшафтаў: … … і … .

icon Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя функцыі выконвае біясфера ў геаграфічнай абалонцы? 2. У чым праяўляецца ўздзеянне чалавека на біясферу? 3. Якія дзве галоўныя групы ландшафтаў вылучаюць на зямной паверхні?

icon Ад простага да складанага. 1. Якое значэнне мае біясфера для чалавека як біялагічнага віду? 2. У чым сутнасць інфармацыйнай функцыі біясферы?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Падрыхтуйце прэзентацыю аб першасных прыродных ландшафтах. 2. Прывядзіце прыклады змены ландшафтаў сваёй мясцовасці ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека.

icon

Web-ресурсы.
Універсальная навукова-папулярная анлайн-энцыклапедыя «Кругасвет». Біясфера.

Інфармацыйна-аналітычны партал «GeoCenter.Info». Біясфера.

Праграма ААН па навакольным асяроддзі.

Інтэрактыўная карта лясоў Расіі.