§ 10-1. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Рэгіянальныя і лакальныя геаэкалагічныя праблемы акіянаў, унутраных мораў і марскіх узбярэжжаў. Рэжым унутраных мораў адрозніваецца запаволеным водаабменам з Сусветным акіянам, а для мораў-азёр (Каспійскага і Аральскага) яго поўнай адсутнасцю. Асаблівасці ўнутраных мораў залежаць ад працэсаў, якія адбываюцца на шырокіх прасторах басейнаў гэтых вадаёмаў.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце найбольш буйныя ўнутраныя моры Сусветнага акіяна.

Да ўнутраных мораў, якія перажываюць найбольшую антрапагенную нагрузку, належаць Балтыйскае, Міжземнае, Чорнае, Азоўскае, Белае моры, а таксама найбуйнейшае возера свету — Каспійскае мора.

img
Мал. 56-1. Балтыйскае мора, Паланга, Літва

Балтыйскае мора. Гэта найбуйнейшы вадаём свету з саланаватай вадой (мал. 56-1). Яго плошча 370 тыс. км2, аб’ём вады 21 тыс. км3, плошча басейна — 1,7 млн км2. Агульны рачны сцёк у мора складае каля 450 км3. З захаду, праз Дацкія пралівы, у Балтыку паступае салёная і багатая кіслародам вада з Атлантыкі. Гэта адбываецца нерэгулярна, у выніку моцных заходніх вятроў. У басейне мора пражывае каля 120 млн чалавек, пераважна ў яго паўднёвай і паўднёва-ўсходняй частках, з іх 80 млн чал. жывуць у прыбярэжнай зоне. Эканамічная дзейнасць на ўзбярэжжы і ў басейне павялічвае забруджванне марской вады. Яго непасрэднымі прычынамі з’яўляюцца скіды побытавых, прамысловых і сельскагаспадарчых сцёкаў. Гэта прыводзіць да эўтрафікацыі мора, зніжэння канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе, назапашвання таксічных рэчываў у харчовых ланцугах, змяншэння рыбных рэсурсаў, колькасці вадаплаўных птушак і марскіх жывёл. Правільная стратэгія рэгулявання стану Балтыйскага мора заключаецца ў развіцці супрацоўніцтва паміж усімі краінамі яго басейна.

img
Мал. 56-2. Міжземнае мора, Капры, Італія

У Міжземнае мора (мал. 56-2) у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека штогод паступае за 2,5 млн т арганічных рэчываў, 0,8 млн тон азоту, 0,5 млн т нафты і нафтавых рэшткаў, 0,3 млн т фосфару, 60 тыс. т мыйных сродкаў, 27 тыс. т металаў (цынку, хрому, свінцу і ртуці), 12 тыс. т фенолаў.

Інтэнсіўнаму забруджванню ў Міжземным моры падвяргаюцца прыбярэжныя раёны Італіі. Тры чвэрці берагоў гэтай краіны працягласцю 7500 км забруджаны адходамі нафтаперагонных заводаў і іншых прамысловых прадпрыемстваў. Марскія воды ў вусці ракі Тыбр з-за паступлення камунальна-побытавых і прамысловых сцёкаў трохмільённага горада Рыма ўтрымліваюць хваробатворных бактэрый у 200 разоў больш за дапушчальную норму.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце зоны ўзбярэжжа акіянаў з найбольш высокай шчыльнасцю насельніцтва.

Марскія ўзбярэжжы — гэта частка паверхні Зямлі, дзе ўзаемадзейнічаюць суша, акіян і атмасфера ва ўмовах значнага антрапагеннага ціску. Пад марскімі ўзбярэжжамі звычайна разумеецца прастора, умоўна абмежаваная изагіпсай 200 м над узроўнем мора і ізабатай 200 м ніжэй за ўзровень мора. Антрапагенныя пераўтварэнні прыродна-гаспадарчых сістэм марскіх узбярэжжаў належаць да найбольш інтэнсіўных у свеце. Чым бліжэй да сярэдняй мяжы падзелу паміж вадой акіяна і сушай, тым большая шчыльнасць выкарыстання зямлі і, адпаведна, вышэйшая дэградацыя зямель берагавой паласы. Канфліктная сітуацыя на ўзбярэжжах узнікае і з прычыны развіцця турызму, які патрабуе чыстай вады і чыстага ўзбярэжжа значнай шырыні і працягласці.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія прыродныя і антрапагенныя фактары вызначаюць вялікае гаспадарчае значэнне марскіх узбярэжжаў?

iconКлуб географаў-знаўцаў. Зона ўзбярэжжа мораў займае 18 % паверхні Зямлі, у тым ліку 8 % плошчы Сусветнага акіяна. Тут пражывае каля 60 % насельніцтва свету і размешчаны 2/3 гарадоў свету з насельніцтвам больш за 1,6 млрд чал. У прыбярэжнай зоне фарміруецца каля чвэрці першаснай біялагічнай прадукцыі свету і ажыццяўляецца каля 90 % сусветнага ўлову рыбы. Прыбярэжная зона паглынае 75–90 % сцёку наносаў рэк разам з рэчывамі-забруджвальнікамі. У ёй акумулюецца 90 % сучасных рыхлых адкладаў свету.

Прыбярэжныя экасістэмы маюць найбагацейшую ў свеце біялагічную разнастайнасць. Прыкладна палова з іх знаходзіцца пад пагрозай парушэння і нават разбурэння.