Печатать книгуПечатать книгу

§ 10-1. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

icon
Успамінаем. Якія прыродныя рэсурсы дае нам Сусветны акіян? Што з’яўляецца асноўнай крыніцай забруджвання вод Сусветнага акіяна? Якія сучасныя віды гаспадарчай дзейнасці чалавека, звязаныя з Сусветным акіянам, з’явіліся ў другой палове XX — пачатку XXI стст.?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Для чаго неабходна ацэнка прыродных рэсурсаў Сусветнага акіяна? Як антрапагенная дзейнасць уплывае на геаэкалагічны стан мораў? Чаму марскія ўзбярэжжы маюць вялікае значэнне для чалавецтва?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 10-1. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СУСВЕТНАГА АКІЯНА
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 17:05

Геаэкалагічныя аспекты выкарыстання прыродных рэсурсаў Сусветнага акіяна. Для рацыянальнага выкарыстання, абгрунтавання парадку першачарговасці распрацоўкі прыродных рэсурсаў неабходная іх комплексная ацэнка. Выкарыстанне марскіх рэсурсаў эканамічна абгрунтавана, калі затраты на вытворчасць параўнальнай прадукцыі меншыя, чым на сушы. Але пры абсалютным дэфіцыце таго ці іншага рэсурсу на сушы яго прамысловае асваенне ў акіяне можа быць мэтазгодным, нават калі затраты будуць большыя, чым на сушы. Ацэнка марскіх рэсурсаў неабходная для вызначэння эфектыўнасці буйных мерапрыемстваў па іх асваенні і пераўтварэнні прыроднага асяроддзя. Бо іх рэалізацыя звязана з непазбежнымі стратамі часткі прыродных багаццяў і пагаршэннем умоў жыцця людзей.

iconПаразважаем. Ці можа чалавек выкарыстоўваць рэсурсы Сусветнага акіяна, не наносячы шкоду яго прыроднаму асяроддзю?

Рэгіянальныя і лакальныя геаэкалагічныя праблемы акіянаў, унутраных мораў і марскіх узбярэжжаў. Рэжым унутраных мораў адрозніваецца запаволеным водаабменам з Сусветным акіянам, а для мораў-азёр (Каспійскага і Аральскага) яго поўнай адсутнасцю. Асаблівасці ўнутраных мораў залежаць ад працэсаў, якія адбываюцца на шырокіх прасторах басейнаў гэтых вадаёмаў.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце найбольш буйныя ўнутраныя моры Сусветнага акіяна.

Да ўнутраных мораў, якія перажываюць найбольшую антрапагенную нагрузку, належаць Балтыйскае, Міжземнае, Чорнае, Азоўскае, Белае моры, а таксама найбуйнейшае возера свету — Каспійскае мора.

img
Мал. 56-1. Балтыйскае мора, Паланга, Літва

Балтыйскае мора. Гэта найбуйнейшы вадаём свету з саланаватай вадой (мал. 56-1). Яго плошча 370 тыс. км2, аб’ём вады 21 тыс. км3, плошча басейна — 1,7 млн км2. Агульны рачны сцёк у мора складае каля 450 км3. З захаду, праз Дацкія пралівы, у Балтыку паступае салёная і багатая кіслародам вада з Атлантыкі. Гэта адбываецца нерэгулярна, у выніку моцных заходніх вятроў. У басейне мора пражывае каля 120 млн чалавек, пераважна ў яго паўднёвай і паўднёва-ўсходняй частках, з іх 80 млн чал. жывуць у прыбярэжнай зоне. Эканамічная дзейнасць на ўзбярэжжы і ў басейне павялічвае забруджванне марской вады. Яго непасрэднымі прычынамі з’яўляюцца скіды побытавых, прамысловых і сельскагаспадарчых сцёкаў. Гэта прыводзіць да эўтрафікацыі мора, зніжэння канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе, назапашвання таксічных рэчываў у харчовых ланцугах, змяншэння рыбных рэсурсаў, колькасці вадаплаўных птушак і марскіх жывёл. Правільная стратэгія рэгулявання стану Балтыйскага мора заключаецца ў развіцці супрацоўніцтва паміж усімі краінамі яго басейна.

img
Мал. 56-2. Міжземнае мора, Капры, Італія

У Міжземнае мора (мал. 56-2) у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека штогод паступае за 2,5 млн т арганічных рэчываў, 0,8 млн тон азоту, 0,5 млн т нафты і нафтавых рэшткаў, 0,3 млн т фосфару, 60 тыс. т мыйных сродкаў, 27 тыс. т металаў (цынку, хрому, свінцу і ртуці), 12 тыс. т фенолаў.

Інтэнсіўнаму забруджванню ў Міжземным моры падвяргаюцца прыбярэжныя раёны Італіі. Тры чвэрці берагоў гэтай краіны працягласцю 7500 км забруджаны адходамі нафтаперагонных заводаў і іншых прамысловых прадпрыемстваў. Марскія воды ў вусці ракі Тыбр з-за паступлення камунальна-побытавых і прамысловых сцёкаў трохмільённага горада Рыма ўтрымліваюць хваробатворных бактэрый у 200 разоў больш за дапушчальную норму.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце зоны ўзбярэжжа акіянаў з найбольш высокай шчыльнасцю насельніцтва.

Марскія ўзбярэжжы — гэта частка паверхні Зямлі, дзе ўзаемадзейнічаюць суша, акіян і атмасфера ва ўмовах значнага антрапагеннага ціску. Пад марскімі ўзбярэжжамі звычайна разумеецца прастора, умоўна абмежаваная изагіпсай 200 м над узроўнем мора і ізабатай 200 м ніжэй за ўзровень мора. Антрапагенныя пераўтварэнні прыродна-гаспадарчых сістэм марскіх узбярэжжаў належаць да найбольш інтэнсіўных у свеце. Чым бліжэй да сярэдняй мяжы падзелу паміж вадой акіяна і сушай, тым большая шчыльнасць выкарыстання зямлі і, адпаведна, вышэйшая дэградацыя зямель берагавой паласы. Канфліктная сітуацыя на ўзбярэжжах узнікае і з прычыны развіцця турызму, які патрабуе чыстай вады і чыстага ўзбярэжжа значнай шырыні і працягласці.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія прыродныя і антрапагенныя фактары вызначаюць вялікае гаспадарчае значэнне марскіх узбярэжжаў?

iconКлуб географаў-знаўцаў. Зона ўзбярэжжа мораў займае 18 % паверхні Зямлі, у тым ліку 8 % плошчы Сусветнага акіяна. Тут пражывае каля 60 % насельніцтва свету і размешчаны 2/3 гарадоў свету з насельніцтвам больш за 1,6 млрд чал. У прыбярэжнай зоне фарміруецца каля чвэрці першаснай біялагічнай прадукцыі свету і ажыццяўляецца каля 90 % сусветнага ўлову рыбы. Прыбярэжная зона паглынае 75–90 % сцёку наносаў рэк разам з рэчывамі-забруджвальнікамі. У ёй акумулюецца 90 % сучасных рыхлых адкладаў свету.

Прыбярэжныя экасістэмы маюць найбагацейшую ў свеце біялагічную разнастайнасць. Прыкладна палова з іх знаходзіцца пад пагрозай парушэння і нават разбурэння.

icon Падвядзём вынікі. Ацэнка ... рэсурсаў неабходная для вызначэння эфектыўнасці буйных мерапрыемстваў па іх асваенні і пераўтварэнні ... асяроддзя. Найбольшую антрапагенную нагрузку адчуваюць ... моры. Найбольш інтэнсіўным антрапагенным пераўтварэнням падвяргаюцца прыродна-гаспадарчыя сістэмы марскіх ... . Прыбярэжныя ... экасістэмы валодаюць вялікай ... разнастайнасцю.

icon Праверым свае веды. 1. Як ажыццяўляецца ацэнка прыродных рэсурсаў Сусветнага акіяна? 2. Якое значэнне для гаспадарчай дзейнасці чалавека маюць марскія ўзбярэжжы? 3. Прывядзіце прыклады рэгіянальных і лакальных геаэкалагічных праблем Сусветнага акіяна.

icon Ад простага да складанага. 1. Чым небяспечна антрапагеннае забруджванне акіянаў і мораў? 2. Для якіх новых відаў гаспадарчай дзейнасці чалавек выкарыстоўвае акіянічныя і марскія ўзбярэжжы?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Дайце параўнальную ацэнку геаэкалагічных праблем двух мораў. 2. Падрыхтуйце калаж «Станоўчыя і адмоўныя прыклады гаспадарчай дзейнасці чалавека на марскіх узбярэжжах».

icon

Web-рэсурсы.
Сайт ААН. Сусветны акіян і марское права.

Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Моры і берагі Еўропы.