§ 9. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ВОДЫ СУШЫ

Геаэкалагічныя аспекты воднай гаспадаркі. Эфектыўнае вядзенне воднай гаспадаркі заключаецца ва ўменні захоўваць баланс паміж воднымі рэсурсамі тэрыторыі і попытам на іх, не дапускаючы пры гэтым пагаршэння якасці навакольнага асяроддзя.

icon Водная гаспадарка — вытворчая і прыродаахоўная сістэма, якая забяспечвае насельніцтва і гаспадарку вадой і абараняе навакольнае асяроддзе ад шкоднага ўздзеяння вод.

Як правіла, пры традыцыйнай воднай гаспадарцы патрэба ў вадзе пастаянна павялічваецца. Баланс паміж попытам і прапановай дасягаецца сістэмай мер, якія забяспечваюць павелічэнне падачы вады. Але ён можа быць дасягнуты таксама шляхам рэгулявання попыту на ваду. У некаторых галінах прамысловасці распрацаваны і працягваюць інтэнсіўна ўдасканальвацца схемы замкнёнага або шматразовага водакарыстання. Іх прымяненне дазваляе істотна знізіць аб’ёмы водазабору і беззваротных страт вады, але прымушае ўвесці ў водагаспадарчы баланс яшчэ адну катэгорыю — водаспажыванне. Водаспажыванне — гэта агульны аб’ём вады, якая выкарыстоўваецца галіной гаспадаркі за пэўны адрэзак часу.

У сферы камунальнай гаспадаркі водаспажыванне і водазабор роўныя. Паўторнае выкарыстанне вады ў гэтай галіне не ажыццяўляецца. У прамысловасці водазабор аказваецца нашмат ніжэйшы за водаспажыванне за кошт прымянення замкнёных цыклаў водазабеспячэння.

icon Паразважаем. Як можна паменшыць водаспажыванне ў сферы камунальнай гаспадаркі? Як вы расходуеце ваду для бытавых патрэб?

У сельскай гаспадарцы водаспажыванне можа колькасна перавышаць водазабор з крыніц. У гэтым выпадку для арашэння часта выкарыстоўваюцца арганічныя сцёкі гарадскіх камунальных сістэм або часткова ачышчаныя адпрацаваныя воды прамысловых прадпрыемстваў. Рэгіянальная структура водазабору і водаспажывання можа істотна мяняцца. Яна залежыць ад агульнага ўзроўню эканамічнага развіцця гаспадаркі, яго спецыялізацыі і асаблівасцей прыродных умоў.

img
Мал. 46. Плаціна Гувера на р. Каларада, ЗША

Калі на якой-небудзь тэрыторыі патрэба ў вадзе становіцца большай за велічыню ўстойлівага рачнога сцёку, узнікае неабходнасць яго рэгулявання праз будаўніцтва плацін і стварэнне вадасховішчаў (мал. 46).

У свеце існуе каля мільёна штучных вадасховішчаў рознага памеру. Без іх стварэння немагчыма развіццё арашэння ў многіх раёнах свету. На буйных рэках вадасховішчы паляпшаюць умовы навігацыі. Плаціны затрымліваюць забруджвальныя рэчывы, што пераносіць рака, пераводзячы іх у донныя адклады.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Першыя вадасховішчы з’явіліся на Зямлі больш за 4 тыс. гадоў таму. Іх будавалі з мэтай арашэння і барацьбы з паводкамі. Самым старажытным на Зямлі з’яўляецца вадасховішча з плацінай Садам-эль-Кафара, створанае ў Старажытным Егіпце ў 2950–2750 гг. да н. э. Зараз у свеце эксплуатуецца больш за 60 тыс. вадасховішч і штогод з’яўляецца 300–500 новых. Плошча іх воднага люстэрка прыблізна роўная плошчы дзесяці Азоўскіх мораў.

img
Мал. 47. Брацкая ГЭС на р. Ангара, Расія

Будаўніцтва плацін, вадасховішч, гідраэлектрастанцый складае важную частку воднай стратэгіі краін, якія развіваюцца. Гідраэлектрычныя станцыі не забруджваюць навакольнае асяроддзе і выконваюць важную ролю ў энергетычных сістэмах (мал. 47).

Разам з тым існуе шэраг адмоўных наступстваў будаўніцтва плацін і вадасховішч (мал. 48).

img
Мал. 48. Адмоўныя наступствы будаўніцтва плацін і вадасховішч

icon Свет і Беларусь. Чаму найбольшая колькасць вадасховішч знаходзіцца на тэрыторыі Перадпалескай правінцыі? З якой мэтай яны былі створаны?

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце найбольш буйныя вадасховішчы ў свеце. Выкарыстоўваючы фізічную карту Беларусі, назавіце найбуйнейшыя вадасховішчы нашай краіны.

Калі здараецца вялікі дэфіцыт водных рэсурсаў, узнікае неабходнасць перадачы (перакідання) часткі рачнога сцёку з водазабяспечанага ў водадэфіцытны рэгіён.

Аб’ём найбуйнейшых перакіданняў рачнога сцёку ў свеце вырас з 0,5–1 км3 (15–30 м3) у пачатку ХХ ст. да прыкладна 10 км3 (300 м3) у цяперашні час.

Рэалізацыя праектаў перакідання рачнога сцёку мае шэраг праблем, звязаных з іх высокім коштам, нявызначанасцю геаэкалагічных наступстваў, складанасцю рашэння юрыдычных і палітычных пытанняў.

Павышаны ўзровень П5