Печатать книгуПечатать книгу

§ 9. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ВОДЫ СУШЫ

icon
Успамінаем. Якія прыродныя фактары вызначаюць нераўнамернасць размеркавання рачнога сцёку на Зямлі? Назавіце асноўныя тыпы жыўлення рэк. Як уплываюць паверхневыя і падземныя воды на фарміраванне рэльефу?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Як чалавек уплывае на гідрасферу? Навошта трэба ведаць прасторавае размеркаванне вады на сушы? Як рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы гідрасферы?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 9. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ВОДЫ СУШЫ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 26 Апрель 2024, 19:09

Павышаны ўзровень П1

Уздзеянне розных відаў гаспадарчай дзейнасці чалавека на колькасць і якасць водных рэсурсаў прыводзіць да пагаршэння геаэкалагічнага стану водных аб’ектаў і прылеглых да іх тэрыторый. Гэта праяўляецца ў змене водных запасаў, гідралагічнага рэжыму вадацёкаў і вадаёмаў, а таксама якасці вод. Вытворчая дзейнасць чалавека ўздзейнічае на ўсе асноўныя элементы глабальнага кругавароту вады: ападкі, выпарэнне, сцёк.

На водныя аб’екты ўплываюць адначасова многія антрапагенныя фактары. Па характары ўздзеяння на водныя аб’екты сушы яны падзяляюцца на тры групы (мал. 41). Найбольш істотны ўплыў аказваюць фактары першай групы.

img
Мал. 41. Антрапагенныя фактары, якія ўздзейнічаюць на водныя аб’екты

Павышаны ўзровень П2

Любое гаспадарчае выкарыстанне вод суправаджаецца з’яўленнем адпрацаваных вод або сцёкаў, зменай фізічных і хімічных уласцівасцей вады (мал. 42).

img
Мал. 42. Забруджванне вадаёмаў у выніку гаспадарчай дзейнасці

icon Клуб географаў-знаўцаў. Сельская гаспадарка — асноўны забруджвальнік водных аб’ектаў біягеннымі элементамі. З угнаенняў, унесеных у глебу пры вырошчванні сельскагаспадарчых культур, у ваду трапляе каля 20 % азоту, 25 % фосфару і 30 % калію.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Забруджванне Рэйна, у басейне якога жыве больш за 20 млн чалавек, пачынаецца ў верхнім цячэнні (яшчэ ў Швейцарыі), бо значная частка прамысловых і бытавых сцёкаў размешчаных на ім гарадоў скідаецца без дастатковай ачысткі. Яго воды паступова збіраюць 24 млн т адходаў прамысловай вытворчасці. Калі ў Швейцарыі ён нясе 3,4 кг хларыдаў у секунду, то каля вусця — да 200 кг. Яшчэ 80 гадоў таму Рэйн славіўся рыбалоўным промыслам: у год з яго вылоўлівалася 150 тыс. ласосяў. Зараз калі асобны ласось і трапляе ў гэтую раку, яго мяса ўтрымлівае столькі фенола, што яго немагчыма спажываць у ежу.

Назапашванне біягенных элементаў павялічвае біялагічную прадукцыйнасць вадаёмаў. Гэта прыводзіць да шэрага неспрыяльных геаэкалагічных наступстваў: пагаршэння якасці вады, зніжэння рэкрэацыйнай каштоўнасці вадаёма, памяншэння рыбнай папуляцыі і г. д.

Павышаны ўзровень П3

icon Клуб географаў-знаўцаў. Своеасаблівым біяіндыкатарам чысціні вадаёма з’яўляецца трыснёг. У чыстай вадзе ён дасягае вышыні 4 м, а ў моцна забруджанай не бывае вышэй за 0,5 м. У чыстых вадаёмах расце гарлачык белы, водзяцца ракі, разнастайныя віды рыбы. У забруджаных вадаёмах растуць рагаліснік пагружаны, урэчнік плаваючы і раска. Колькасць кіслароду ў такой вадзе мізэрная. Вада дрэнна пахне. Піць такую ваду і купацца ў ёй нельга.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як уплывае забруджванне гідрасферы на здароўе чалавека?

img
Мал. 43. Водаачышчальныя збудаванні

Для ачысткі адпрацаваных вод выкарыстоўваюць механічныя, хімічныя і біялагічныя метады. Для развядзення 1 м3 ачышчаных сцёкаў неабходна не менш за 8–10 м3 чыстых прыродных вод (мал. 43). Калі скідаюцца неачышчаныя сцёкі, то расход вады павялічваецца ў некалькі разоў.

Разам са звычайным забруджваннем вады, павялічваецца колькасць катастрафічных сітуацый, калі ў раку, возера ці падземныя воды трапляе значны аб’ём высокатаксічных рэчываў, якія наносяць сур’ёзную і доўгатэрміновую шкоду навакольнаму асяроддзю.

Рачныя сістэмы падпадаюць пад найбольшае антрапагеннае ўздзеянне.

icon Свет і Беларусь. У чым праблема малых рэк Беларусі? Чаму асушэнне балот Палесся мае негатыўныя наступствы?

Уплыў розных відаў гаспадарчай дзейнасці чалавека на колькасць і якасць водных рэсурсаў. Па асаблівасцях паверхневага сцёку вылучаюць тры групы рэгіёнаў свету (мал. 40-7).

img
Мал. 40-7. Класіфікацыя рэгіёнаў свету па асаблівасцях паверхневага сцёку
img
Мал. 40-8. Бяссцёкавая вобласць возера Ісык-Куль, Кіргізія

Плошча дзвюх апошніх катэгорый каля 35 млн км2, што складае каля 1/4 плошчы сушы свету. Да іх адносяцца басейн Каспійскага мора, Аральскага мора, возера Лабнор, возера Чад і рака Акаванга ў Афрыцы, возера Ісык-Куль (мал. 40-8) і многія іншыя.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя бяссцёкавыя вобласці свету.

Крыніцы і віды антрапагеннага забруджвання вод сушы. Пад забруджваннем водных рэсурсаў разумеюць любыя змены фізічных, хімічных і біялагічных уласцівасцей вады ў водных аб’ектах у сувязі са скіданнем у іх вадкіх, цвёрдых і газападобных рэчываў, якія робяць ваду небяспечнай для выкарыстання, наносячы шкоду гаспадарцы, здароўю і бяспецы насельніцтва.

Забруджванне паверхневых і падземных вод падзяляецца на некалькі відаў (мал. 41-1) і крыніц (мал. 41-2).

img
Мал. 41-1. Віды забруджвання паверхневых і падземных вод
img
Мал. 41-2. Асноўныя крыніцы забруджвання прыродных вод

Найбольш забруджаныя прамысловыя сцёкі нафтаперапрацоўчай, хімічнай, мылаварнай, цэлюлозна-папяровай, тэкстыльнай, металургічнай, газаздабыўной галін прамысловасці.

iconСвет і Беларусь. Аб’ём сцёкавых вод у Беларусі ў выніку гаспадарчай дзейнасці складае прыкладна 870 млн мна год. З іх каля 70 % сцёкавых вод прыпадае на жыллёва-камунальную гаспадарку.

Уплыў забруджвання вады на чалавека і біёту. Праблема чыстай вады з’яўляецца актуальнай для ўсіх краін. Многія водныя крыніцы настолькі забруджаныя, што сталі згубнымі для расліннага і жывёльнага свету і небяспечнымі для здароўя і жыцця людзей.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Эксперты ААН падлічылі, што з-за адсутнасці чыстай пітной вады і ўмоў для элементарнай гігіены ў краінах Азіі, Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі ад страўнікавых захворванняў пакутуе 1 млрд чалавек і штогод памірае 25 млн чалавек.

Амаль усе прамысловыя сцёкавыя воды забруджаны нафтапрадуктамі. Вялікую небяспеку ўяўляюць фенольныя злучэнні, якія знаходзяцца ў сцёкавых водах хімічных прадпрыемстваў. Сцёкавыя воды прадпрыемстваў па вытворчасці пестыцыдаў, электрахімічнай прамысловасці, фабрык, якія ўзбагачаюць руду, утрымліваюць значную колькасць цынку і медзі. Камунальныя сцёкі, акрамя фекальных вод, змяшчаюць значную колькасць шкодных злучэнняў ад выкарыстання хімічных рэчываў у побыце. Гарадскія паверхневыя сцёкі ўтрымліваюць забруджванні ад выхлапаў гарадскога транспарту і едкія солі, што выкарыстоўваюцца ў гарадах для расставання снегу і лёду. «Цеплавое забруджванне» вады выклікаецца цеплавымі і атамнымі электрастанцыямі, якія выкарыстоўваюць для астуджэння велізарныя аб`ёмы вады, потым вяртаючы яе ў вадаёмы. Радыеактыўныя адходы, якія ўтвараюцца падчас працы з радыеактыўнымі рэчывамі, захоўваюць у спецыяльных сховішчах. У выпадку іх трапляння ў паверхневыя і падземныя воды яны канцэнтруюцца ў раслінных арганізмах і арганізмах жывёл. Забруджванні з атмасферы ў выглядзе кіслотных дажджоў выпадаюць на паверхню Зямлі і наносяць вялікую шкоду флоры і фаўне. Сярод адходаў воднага транспарту найбольшую небяспеку ўяўляе забруджванне нафтапрадуктамі. Хімізацыя сельскай гаспадаркі ў выніку выкарыстання мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі прыводзіць да моцнага забруджвання водных аб’ектаў. Сцёкі жывёлагадоўчых комплексаў таксама з’яўляюцца значнай крыніцай забруджвання.

iconКлуб географаў-знаўцаў. З унесеных угнаенняў у водныя крыніцы трапляе каля 20 % азоту, 25 % фосфару і 30 % калію. У сувязі з гэтым сельская гаспадарка з’яўляецца асноўным забруджвальнікам водных аб’ектаў біягеннымі элементамі. Асабліва небяспечныя адходы свінагадоўчых комплексаў. Адна свінаферма на 100 тыс. галоў па выніках забруджвання раўназначная гораду з насельніцтвам 250 тыс. чалавек.

Эўтрафаванне (эўтрафікацыі) вод — узбагачэнне рэк і азёр біягеннымі элементамі, якое суправаджаецца павышэннем іх біялагічнай прадукцыйнасці. У далейшым яно з’яўляецца прычынай пагаршэння якасці вады і збяднення відавога складу зоабентасу і рыб, прыводзіць да масавага развіцця сіне-зялёных водарасцей, менш патрабавальных да ўмоў пражывання.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як узаемадзейнічаюць прыродныя і антрапагенныя працэсы эўтрафавання вадаёмаў?

Дэфіцыт і дэградацыя вод сушы. З кожным годам на Зямлі павялічваецца спажыванне вады. Больш як палова сушы зямнога шара адчувае востры недахоп прэснай вады (мал. 44, 45). Гэта тлумачыцца як прыроднымі ўмовамі, так і антрапагеннымі фактарамі.

Павышаны ўзровень П4

img
Мал. 44. Размеркаванне насельніцтва, якое не мае доступу да чыстай пітной вады, па буйных рэгіёнах свету, %, 2018 г.
img
Мал. 45. Спажыванне прэснай вады на душу насельніцтва, м3 за год, 2018 г.

icon Паразважаем. Якія фактары ў большай ступені ўплываюць на дэфіцыт і дэградацыю вод сушы?

Павелічэнне дэфіцыту водных рэсурсаў і пагаршэнне іх якасці аб’яднаны пад агульным паняццем «дэградацыя прыродных вод».

Галоўнымі спажыўцамі вады з’яўляюцца прамысловасць, сельская гаспадарка і камунальна-бытавыя службы. Аб’ёмы вады, якія яны забіраюць для патрэб з натуральных і штучных вадаёмаў, складаюць водазабор. Каля 65 % усёй забранай вады выкарыстоўваецца на арашэнне. Доля прамысловасці ў водакарыстанні свету складае каля 25 %. Гарадское насельніцтва спажывае не больш за 10 % усяго аб’ёму. Але гэта вельмі дарагая вада. Абумоўлена гэта высокім коштам будаўніцтва і эксплуатацыі складаных сістэм водазабеспячэння.

Спажыўцы вады прад’яўляюць розныя патрабаванні да якасці вады. Для гаспадарча-пітных мэт вада павінна адпавядаць санітарным нормам, быць бяспечнай па бактэрыяльным складзе, бясшкоднай па ўтрыманні хімічных рэчываў. Яна павінна быць празрыстай, бясколернай, асвяжальнага смаку і без паху.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У шэрагу рэгіёнаў свету праблема чыстай пітной вады цесна звязана з праблемай сцёкавых вод, бо многія бліжэйшыя да буйных гарадоў і прамысловых цэнтраў крыніцы прэснай вады (рэкі, азёры, падземныя воды) моцна забруджаны сцёкавымі водамі. Часта дэфіцыт чыстай прэснай вады даводзіцца пакрываць за кошт стварэння доўгіх трубаправодаў. Так, Вена атрымлівае ваду з гор, якія знаходзяцца ў 150 км ад горада; Парыж — з Луары; Штутгарт — з Бодэнскага возера, размешчанага за 200 км ад горада. Два 500-кіламетровых трубаправоды забяспечваюць вадой Сан-Францыска. Гэта не толькі дорага, але і небяспечна, бо ў доўгіх трубаправодах у вадзе могуць адбывацца рэакцыі, якія зробяць ваду хімічна агрэсіўнай.

Высокія санітарныя і смакавыя якасці павінны мець воды, якія выкарыстоўваюцца і ў некаторых галінах прамысловасці (харчовай, хімічнай і інш.). Металургічная ці, напрыклад, горнарудная вытворчасць можа абыходзіцца водамі нізкай якасці, выкарыстоўваць абаротныя сістэмы водазабеспячэння.

Стандарты якасці вады — важны інструмент кіравання станам навакольнага асяроддзя. Прадпрыемствы плацяць штрафы, калі скіды вады не адпавядаюць стандартам, або падаткі, прапарцыйныя ўзроўню забруджвання вады. Гэтыя меры дапамагаюць у вырашэнні праблем якасці вады ў развітых краінах. Аднак па шэрагу прычын яны дрэнна дзейнічаюць у большасці краін з пераходнай эканомікай і краін, што развіваюцца. Цяпер вада ў большасці краін свету мае нізкі кошт, што прыводзіць да неэфектыўнага яе выкарыстання.

Дэфіцыт і дэградацыя вод сушы. У зоне дэфіцыту водных рэсурсаў знаходзіцца вялікая частка сушы: 20 % тэрыторыі Еўропы, 50 % Азіі, амаль уся Аўстралія, паўднёва-заходнія раёны Паўночнай Амерыкі (30 %), каля 20 % Паўднёвай Амерыкі. Да залішне ўвільготненых належаць тэрыторыі, размешчаныя ў экватарыяльным, субэкватарыяльным і субпалярным паясах, а таксама многія раёны ўмеранага пояса. Тут сканцэнтраваны амаль усе найбуйнейшыя прэсныя азёры і найбольш паўнаводныя рэкі свету.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Каб ліквідаваць дэфіцыт вільгаці ў Сахары (2000 мм), якая займае плошчу 7 млн км2, неабходна 14 000 км3/год, г. зн. каля 1/3 усяго рачнога сцёку свету.

iconСвет і Беларусь. Беларусь мае значныя рэсурсы прэсных падземных вод. Разведана больш за 250 радовішчаў, на базе якіх ажыццяўляецца цэнтралізаванае водазабеспячэнне больш за 60 гарадоў, водазабеспячэнне многіх іншых населеных пунктаў і аб’ектаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Сумарныя эксплуатацыйныя рэсурсы прэсных падземных вод краіны складаюць каля 50 млн м3/сут. Вядуцца актыўныя работы па барацьбе з тэхнагенным забруджваннем падземных вод.

Геаэкалагічныя аспекты воднай гаспадаркі. Эфектыўнае вядзенне воднай гаспадаркі заключаецца ва ўменні захоўваць баланс паміж воднымі рэсурсамі тэрыторыі і попытам на іх, не дапускаючы пры гэтым пагаршэння якасці навакольнага асяроддзя.

icon Водная гаспадарка — вытворчая і прыродаахоўная сістэма, якая забяспечвае насельніцтва і гаспадарку вадой і абараняе навакольнае асяроддзе ад шкоднага ўздзеяння вод.

Як правіла, пры традыцыйнай воднай гаспадарцы патрэба ў вадзе пастаянна павялічваецца. Баланс паміж попытам і прапановай дасягаецца сістэмай мер, якія забяспечваюць павелічэнне падачы вады. Але ён можа быць дасягнуты таксама шляхам рэгулявання попыту на ваду. У некаторых галінах прамысловасці распрацаваны і працягваюць інтэнсіўна ўдасканальвацца схемы замкнёнага або шматразовага водакарыстання. Іх прымяненне дазваляе істотна знізіць аб’ёмы водазабору і беззваротных страт вады, але прымушае ўвесці ў водагаспадарчы баланс яшчэ адну катэгорыю — водаспажыванне. Водаспажыванне — гэта агульны аб’ём вады, якая выкарыстоўваецца галіной гаспадаркі за пэўны адрэзак часу.

У сферы камунальнай гаспадаркі водаспажыванне і водазабор роўныя. Паўторнае выкарыстанне вады ў гэтай галіне не ажыццяўляецца. У прамысловасці водазабор аказваецца нашмат ніжэйшы за водаспажыванне за кошт прымянення замкнёных цыклаў водазабеспячэння.

icon Паразважаем. Як можна паменшыць водаспажыванне ў сферы камунальнай гаспадаркі? Як вы расходуеце ваду для бытавых патрэб?

У сельскай гаспадарцы водаспажыванне можа колькасна перавышаць водазабор з крыніц. У гэтым выпадку для арашэння часта выкарыстоўваюцца арганічныя сцёкі гарадскіх камунальных сістэм або часткова ачышчаныя адпрацаваныя воды прамысловых прадпрыемстваў. Рэгіянальная структура водазабору і водаспажывання можа істотна мяняцца. Яна залежыць ад агульнага ўзроўню эканамічнага развіцця гаспадаркі, яго спецыялізацыі і асаблівасцей прыродных умоў.

img
Мал. 46. Плаціна Гувера на р. Каларада, ЗША

Калі на якой-небудзь тэрыторыі патрэба ў вадзе становіцца большай за велічыню ўстойлівага рачнога сцёку, узнікае неабходнасць яго рэгулявання праз будаўніцтва плацін і стварэнне вадасховішчаў (мал. 46).

У свеце існуе каля мільёна штучных вадасховішчаў рознага памеру. Без іх стварэння немагчыма развіццё арашэння ў многіх раёнах свету. На буйных рэках вадасховішчы паляпшаюць умовы навігацыі. Плаціны затрымліваюць забруджвальныя рэчывы, што пераносіць рака, пераводзячы іх у донныя адклады.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Першыя вадасховішчы з’явіліся на Зямлі больш за 4 тыс. гадоў таму. Іх будавалі з мэтай арашэння і барацьбы з паводкамі. Самым старажытным на Зямлі з’яўляецца вадасховішча з плацінай Садам-эль-Кафара, створанае ў Старажытным Егіпце ў 2950–2750 гг. да н. э. Зараз у свеце эксплуатуецца больш за 60 тыс. вадасховішч і штогод з’яўляецца 300–500 новых. Плошча іх воднага люстэрка прыблізна роўная плошчы дзесяці Азоўскіх мораў.

img
Мал. 47. Брацкая ГЭС на р. Ангара, Расія

Будаўніцтва плацін, вадасховішч, гідраэлектрастанцый складае важную частку воднай стратэгіі краін, якія развіваюцца. Гідраэлектрычныя станцыі не забруджваюць навакольнае асяроддзе і выконваюць важную ролю ў энергетычных сістэмах (мал. 47).

Разам з тым існуе шэраг адмоўных наступстваў будаўніцтва плацін і вадасховішч (мал. 48).

img
Мал. 48. Адмоўныя наступствы будаўніцтва плацін і вадасховішч

icon Свет і Беларусь. Чаму найбольшая колькасць вадасховішч знаходзіцца на тэрыторыі Перадпалескай правінцыі? З якой мэтай яны былі створаны?

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце найбольш буйныя вадасховішчы ў свеце. Выкарыстоўваючы фізічную карту Беларусі, назавіце найбуйнейшыя вадасховішчы нашай краіны.

Калі здараецца вялікі дэфіцыт водных рэсурсаў, узнікае неабходнасць перадачы (перакідання) часткі рачнога сцёку з водазабяспечанага ў водадэфіцытны рэгіён.

Аб’ём найбуйнейшых перакіданняў рачнога сцёку ў свеце вырас з 0,5–1 км3 (15–30 м3) у пачатку ХХ ст. да прыкладна 10 км3 (300 м3) у цяперашні час.

Рэалізацыя праектаў перакідання рачнога сцёку мае шэраг праблем, звязаных з іх высокім коштам, нявызначанасцю геаэкалагічных наступстваў, складанасцю рашэння юрыдычных і палітычных пытанняў.

Павышаны ўзровень П5

Рэгуляванне і перакідванне рачнога сцёку. Прыклады перакідвання вады ёсць у многіх краінах. У Каліфорніі (ЗША) пераразмяркоўваецца паміж рачнымі басейнамі каля 30 кмвады ў год. У многіх краінах існуюць праекты буйнамаштабнага перакідвання вады, але магчымасць іх рэалізацыі ў найбліжэйшай будучыні наўрад ці дасягальная.

iconПаразважаем. Для чаго неабходна перакідванне рачнога сцёку? Ці можна яго ажыццявіць, не наносячы шкоду прыроднаму асяроддзю?

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце раёны, дзе, на вашу думку, можна ажыццявіць праекты па перакідванні рачнога сцёку.

Асаблівым тыпам перакідвання вады з’яўляюцца сістэмы кіравання воднымі рэсурсамі значнай тэрыторыі. Напрыклад, у Каліфорніі дзейнічае сістэма кіравання воднымі рэсурсамі на ўзроўні штата, галоўным чынам для водазабеспячэння буйных гарадоў і арашэння. Але складаныя прыродна-гаспадарчыя сістэмы заўсёды маюць як станоўчыя, так і адмоўныя наступствы. У Каліфорніі інжынерныя рашэнні прывялі да сур’ёзных экалагічных праблем: засаленне глеб, дэградацыя аб’яднанай дэльты рэк Сакрамента і Сан-Хаакін са зніжэннем яе біялагічнай прадукцыйнасці і інш.

Павышаны ўзровень П6

Праблемы кіравання водаспажываннем. Кіраванне воднымі рэсурсамі зручней за ўсё ажыццяўляць для ўсяго басейна ракі, возера або падземных вод. Аднак палітычныя і адміністрацыйныя межы, як правіла, не супадаюць з водападзеламі. На міжнародным узроўні гэта можа прыводзіць да канфліктаў, звязаных з выкарыстаннем водных рэсурсаў. Каля паловы насельніцтва свету жыве ў 220 міжнародных рачных і азёрных басейнах, прычым 25 з іх належаць чатыром і больш краінам.

icon Клуб географаў-знаўцаў. За апошнія 50 гадоў адбылося 507 «водных» канфліктаў, 21 раз справа даходзіла да ваенных дзеянняў. У 1967 г. Ізраіль захапіў Галанскія вышыні, якія належылі Сірыі. Большасць вадацёкаў, якія забяспечваюць Ізраіль прэснай вадой, жывяць раку Іардан і Тыверыядскае возера (Галілейскае мора), бяруць тут пачатак. Насельніцтва Ізраіля не можа абысціся без прэснай вады, якая ўтвараецца на Галанскіх вышынях. Пакуль усе спробы вырашыць праблему падзелу вадацёкаў у гэтым рэгіёне заканчваліся няўдачай. Жорсткая барацьба за прэсную ваду працягваецца ў гэтым рэгіёне шмат сотняў гадоў. Яна адлюстравана нават у шэрагу біблейскіх паданняў.

Рацыянальнае выкарыстанне мінеральных і тэрмальных вод. Мінеральныя воды — гэта падземныя і паверхневыя прыродныя воды з агульнай мінералізацыяй звыш 1 г/л, якія выкарыстоўваюцца ў лячэбных і прамысловых мэтах. Да каштоўных для прамысловасці належаць воды, з якіх можна атрымаць кампаненты, карысныя ў народнай гаспадарцы (павараная соль, бром, ёд, бор і інш.).

Мінеральныя воды выкарыстоўваюцца для бальнеалагічных і гаспадарчых мэт. На базе разведаных радовішчаў мінеральных вод пабудаваныя санаторыі, заводы па разліве мінеральнай вады, здабыванні з яе карысных кампанентаў, солей і г. д.

Тэрмальныя воды — гэта падземныя воды з тэмпературай 20 °С і больш. Тэмпература 20 °С умоўна прынятая за мяжу паміж халоднымі (менш рухомымі) і тэрмальнымі (больш рухомымі) водамі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Глыбіня залягання ізатэрмы 20 °С у зямной кары залежыць ад кліматычнай занальнасці: у раёнах развіцця шматгадовых мёрзлых парод — 1500–2000 м, у субтропіках — каля 100 м, у зоне тропікаў ізатэрма 20 °С выходзіць на паверхню. У межах кожнай зоны назіраецца рост тэмпературы тэрмальных вод з глыбінёй, якая вызначаецца геолага-структурнымі асаблівасцямі раёна і звязанымі з імі гідрагеатэрмічнымі ўмовамі.

Тэрмальныя воды складаюць большую частку вод падземнай гідрасферы.

У абласцях неатэктанічных парушэнняў (Альпы, Каўказ, Цянь-Шань, Памір, Гімалаі і інш.) тэрмальныя воды выходзяць на паверхню ў выглядзе гарачых крыніц з тэмпературай да 90–100 °С, а ў раёнах сучаснага вулканізму — у выглядзе гейзераў і паравых струменяў. Свідравіны глыбінёй 1000–1500 м, якія праходзяць у зону разгрузкі паравых струменяў, ускрываюць паравадзяныя сумесі і пары з тэмпературай да 200–300 °С (Паўжэцкае радовішча на Камчатцы, Вялікія гейзеры ў ЗША, Уайракей у Новай Зеландыі, Лардэрэла ў Італіі і інш.).

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя раёны, дзе тэрмальныя воды выходзяць на паверхню ў выглядзе гарачых крыніц.

iconСвет і Беларусь. У нетрах Беларусі ёсць рэсурсы тэрмальных вод. У Прыпяцкім прагіне тэмпература падземных вод на глыбіні 2000 м змяняецца ад 30,8 да 61,3 °С, а на глыбіні 3000 м — ад 44,0 да 86,3 °С. Найбольш высокая тэмпература (116,5 °С) была зафіксавана ў разрэзе свідравіны Барсукоўская–3 на глыбіні 3860 м. Галоўнай прычынай, якая стрымлівае выкарыстанне геатэрмальнай энергіі Прыпяцкага прагіну, з’яўляецца адсутнасць эфектыўнай тэхналогіі ўздыму з вялікіх глыбінь тэрмальных вод вельмі высокай мінералізацыі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне на глыбіні каля 1 км залягаюць слабамінералізаваныя падземныя воды з тэмпературай каля 30 °С. У будучыні іх можна будзе выкарыстоўваць у цеплаэнергетыцы з дапамогай цеплавых помпаў.

Тэрмальныя воды служаць аб’ектам здабычы і перапрацоўкі з мэтай выкарыстання ў народнай гаспадарцы. На базе радовішчаў тэрмальных вод функцыянуюць шматлікія буйныя курорты сусветнага значэння.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя буйныя курорты, размешчаныя ў месцах радовішчаў тэрмальных вод.

iconСвет і Беларусь. Беларусь мае значныя рэсурсы мінеральных падземных вод. Да адкладаў ападкавага чахла і крышталічнага падмурка прымеркаваны мінеральныя вады (і лячэбныя расолы). Разведана больш за 60 крыніц мінеральных вод з агульнымі запасамі каля 15 000 м3/сут. Найбольш распаўсюджаныя хларыдныя, сульфатна-хларыдныя і хларыдна-сульфатные воды, радзей сустракаюцца сульфатныя і радонавыя. Катыённы склад мінеральных вод досыць разнастайны. На базе разведаных крыніц мінеральных вод працуюць санаторыі і прафілакторыі, функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод «Дарыда», «Бабруйская», «Баравая», «Брэсцкая», «Магілёўская», «Нарачанская» і інш.

icon Падвядзём вынікі. Вытворчая дзейнасць чалавека ўплывае на ўсе асноўныя элементы … кругавароту вады: …, …, … . Пры ачыстцы адпрацаваных вод выкарыстаўваюць …, хімічныя і … метады. Найбольшае антрапагеннае ўздзеянне адчуваюць на сабе … сістэмы. У сучаснай гаспадарцы галоўнымі спажыўцамі вады з’яўляюцца …, … … і … службы. Водная гаспадарка забяспечвае … і … вадой і абараняе … асяроддзе ад шкоднага ўздзеяння вод.

icon Праверым свае веды. 1. Якая група антрапагенных фактараў у найбольшай ступені ўплывае на водныя аб’екты сушы? 2. Чаму так востра стаіць праблема чыстай прэснай вады? 3. Як будаўніцтва плацін і вадасховішч уплывае на геаэкалагічны стан навакольнага асяроддзя?

icon Ад простага да складанага. 1. Недахоп вады ператварыўся ў праблему для Узбекістана, Казахстана і Туркменістана — краін, якія ляжаць у нізоўях рэк Амудар’і і Сырдар’і. У чым праблема? Якія маштабы яна набыла ў цяперашні час? 2. Чаму крыніцы называюць неацэнным дарам прыроды?

icon Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне пра асноўныя антрапагенныя крыніцы забруджвання гідрасферы вашай мясцовасці.

icon

Web-ресурсы.
Партал ведаў пра водныя рэсурсы і экалогію Цэнтральнай Азіі CAWater. Водны свет.

Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Еўрапейская прэсная вада.

Сайт Белгідрамета. Маніторынг паверхневых вод у Беларусі.

Міжнародны саюз аховы прыроды. Вада.

Рэгіянальны экалагічны цэнтр Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Кіраванне воднымі рэсурсамі.

Тэрыторыя чыстай вады. Папулярныя і пазнавальныя артыкулы пра ваду.

Інстытут сусветных рэсурсаў. Вада.

Дзяржаўнае прадпрыемства «НПЦГ». Пітная вада — бяспечная і карысная.