§ 1-1 ЛІТАСФЕРА

Асноўныя тыпы горных парод і мінералаў зямной кары. Зямную кару ўтвараюць горныя пароды, якія складаюцца з мінералаў. Па паходжанні вылучаюць тры буйныя групы парод (мал. 1-2).

img
Мал. 1-2. Класіфікацыя горных парод па паходжанні

Горныя пароды і мінералы на паверхні Зямлі і ў верхніх слаях літасферы бесперапынна падвяргаюцца разбурэнню (выветрыванню). Галоўныя фактары выветрывання горных парод — ваганне тэмпературы, праца вады, леднікоў, жывых арганізмаў і ветру. Інтэнсіўнасць выветрывання горных парод залежыць ад іх хімічнага складу, структуры, тэкстуры і трэшчынаватасці, а таксама ад рэльефу зямной паверхні і клімату.

Мінералы з’явіліся ў выніку фізіка-хімічных працэсаў, якія адбываюцца ў нетрах Зямлі і яе геаграфічнай абалонцы. Вядома больш за 2500 мінералаў. Большасць з іх рэдка сустракаецца ў прыродзе. Каля 100 мінералаў належаць да пародаўтваральных.

Па хімічным складзе мінералы дзеляцца на некалькі класаў. Самародныя элементы ўтвараюць мінералы, якія складаюцца з аднаго хімічнага элемента. Яны хімічна неактыўныя, рэдка ўступаюць у рэакцыі. Утвораныя імі хімічныя злучэнні няўстойлівыя і лёгка распадаюцца. Да самародных элементаў адносяцца: золата, плаціна, срэбра, медзь, сера, алмаз і інш. Гэты клас уключае каля 50 мінералаў, якія складаюць 0,1% зямной кары.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Алмаз — самы цвёрды мінерал, ім можна падрапаць любы іншы камень. Аднак ён не вельмі трывалы. Калі швейцарскія найміты захапілі скарбніцу бургундскага герцага Карла Смелага, яны па няведанні знішчылі ўсе яго алмазы, проста разбіўшы іх кувалдамі. Алоўкі з графіту з’явіліся дзякуючы выпадковасці: чэшскі фабрыкант Гартмут неяк разглядаў прадукцыю свайго завода — хімічныя графітавыя кубкі — і незнарок упусціў і разбіў адзін. Аскепак зачапіў ліст паперы, на якім засталася рыса.

Сульфіды часцей за ўсё сустракаюцца ў выглядзе злучэнняў каляровых металаў з серай. Да іх належаць галеніт, халькапірыт, пірыт, сфалерыт і інш. Многія мінералы гэтага класа маюць гідратэрмальнае паходжанне і ўтвараюць радовішчы карысных выкапняў. Сульфіды налічваюць каля 250 мінералаў, якія складаюць 0,25 % зямной кары.

Галоідныя злучэнні з’яўляюцца салямі салянай, фторыставадароднай і іншых кіслот. Яны ўтвараюцца пры высокай тэмпературы ў выніку магматычных і гідратэрмальных працэсаў. У наземных умовах яны фарміруюцца пры выпадзенні салей у высахлых вадаёмах. У склад галоідных злучэнняў уваходзяць калій, натрый, магній, кальцый і іншыя металы. Часта сустракаецца і шырока выкарыстоўваецца галіт (павараная соль). Ён залягае ў зямной кары слаямі ў сотні метраў на месцы старажытных азёр, мораў.

Аксіды і гідраксіды ўтвараюць каля 200 мінералаў, якія складаюць 17 % масы зямной кары. Найбольш распаўсюджаныя мінералы, якія ўключаюць кварц, аксіды і гідраксіды жалеза і алюмінію (гематыт, буры жалязняк, карунд і інш.). Кварц належыць да важных пародаўтваральных мінералаў. Ён складае каля 12 % масы зямной кары.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Горны крышталь, аметыст, цытрыны, раухтапаз, марыён, авантурын і некаторыя іншыя — гэта ўсё разнавіднасці аднаго мінералу — кварцу, якія адрозніваюцца толькі колерам і нязначнымі індывідуальнымі асаблівасцямі. Самы прыгожы кварц — гэта аметыст. У ЗША ёсць даліна аметыстаў, дзе іх можна знайсці ледзь капнуўшы.

Сілікаты ўяўляюць сабой розныя злучэнні крэмнію. Гэта самыя распаўсюджаныя мінералы ў зямной кары. Іх вядома каля 800. Яны з’яўляюцца галоўнымі пародаўтваральнымі мінераламі. У асноўным сілікаты — вынік астывання і крышталізацыі магмы ў нетрах Зямлі. Да іх належаць алівін, гранаты, кварц, тальк, слюда і інш.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Мінерал нефрыт у два разы больш трывалы, чым сталь. У старажытным свеце з нефрыту выраблялі трывалую зброю, прылады працы і прадметы культу, а пазней таксама прадметы ўжытку і ўпрыгажэнні. У Кітаі нефрыт называюць «каменем жыцця» і лічаць нацыянальным каменем. На думку кітайцаў, ён аказвае гаючае дзеянне, прыносіць дабрабыт і сімвалізуе найвышэйшыя чалавечыя цноты. Старадаўняя кітайская прыказка кажа: «Золата мае цану, нефрыт жа бясцэнны». Існуюць небяспечныя для чалавека мінералы, напрыклад, чараіт — ён бывае радыеактыўны. У склад гэтага мінералу часта ўваходзіць стронцый, эгірын, барый, мноства сульфідаў.

Фасфаты, або солі фосфарнай кіслаты, уключаюць каля 350 мінералаў. Яны часта сустракаюцца ў зямной кары, складаючы 1 % яе масы. Найбольш характэрныя прадстаўнікі фасфатаў — апатыт і фосфар. Часта ў іх замест фтору змяшчаецца хлор.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У свеце мінералаў ёсць свае «хамелеоны». Апатыты могуць быць сіне-зялёнымі, ружовымі і сургучна-чырвонымі. Іх назва паходзіць ад грэчаскага слова, якое азначае «падманваць».

Сульфаты — гэта сернакіслыя солі кальцыю, натрыю, барыю, магнію і іншых металаў. Да сульфатаў належаць ангідрыт, гіпс, мірабіліт і інш. Вядома каля 280 мінералаў гэтага класа. Многія з іх уваходзяць у склад розных горных парод.

Карбанаты з’яўляюцца салямі вугальнай кіслаты. Часцей за іншыя сустракаюцца карбанаты кальцыю і магнію. Яны ўтвараюць вялізныя тоўшчы вапнякоў і даламітаў. Да карбанатаў адносяць каля 80 мінералаў, якія складаюць 1,7 % масы зямной кары. Найбольш распаўсюджаныя пародаўтваральныя мінералы гэтага класа — кальцыт, даламіт і інш.

Арганічныя злучэнні прадстаўлены невялікай групай мінералаў. Да іх належыць бурштын — скамянелая смала дрэў неагенавых і палеагенавага перыядаў, азакерыт (горны воск) і асфальт, якія з’яўляюцца ў выніку пераўтварэння нафты ў зямной кары.

iconСвет і Беларусь. Якія горныя пароды і мінералы характэрныя для тэрыторыі Беларусі? Радовішчы якога віду карысных выкапняў найбольш распаўсюджаны ў Беларусі?