*§ 3-3. Сінаніміка словазлучэнняў, яе роля ў стварэнні тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці

Практыкаванне 34-27

Прачытайце тэкст. Што вы ведаеце пра Спірыдона Собаля? Знайдзіце дадатковую інфармацыю пра гэтую асобу праз энцыклапедыі або інтэрнэт-рэсурсы. Складзіце план і падрыхтуйце падрабязны  пераказ тэксту.

Спірыдон Собаль

Спірыдон Собаль — беларускі асветнік, друкар. Ён быў шматграннай і самаахвярнай асобай. Яго жыццё было прысвечана пашырэнню асветы і развіццю айчыннага кнігадрукавання. Гэта быў годны* прадаўжальнік кнігавыдавецкай справы такіх славутых беларускіх друкароў, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі.
Спірыдон Собаль нарадзіўся ў горадзе Магілёве ў канцы XVI стагоддзя (дакладная дата нараджэння застаецца невядомай). Верагодна, ён мог вучыцца ў Магілёўскай або Кіеўскай брацкай школе. Зразумела, што ён быў надзвычай адукаваным чалавекам і сапраўдным паліглотам. Ведаў старабеларускую, царкоўнаславянскую, грэчаскую, лацінскую, нямецкую, польскую мовы.
Па запрашэнні вядомага беларускага магната Багдана Статкевіча Спірыдон Собаль пераехаў у мястэчка Куцейна пад Оршай. У 1630 годзе ён заснаваў мясцовую друкарню пры Куцеінскім манастыры. У тым жа 1630 годзе ён выдаў «Псалтыр», праз год — «Буквар». Гэтыя кнігі павінны былі забяспечваць першапачатковую адукацыю і вучыць дзяцей чытанню і пісьму. Выданні мелі высокі паліграфічны ўзровень, таму іх ахвотна набывалі не толькі на беларускіх землях, але і ў далёкіх еўрапейскіх краінах. Гэты факт пацвярджаецца наяўнасцю кніг у бібліятэках такіх буйных гарадоў, як Масква, Кіеў, Варшава, Кракаў, Капенгаген, Оксфард, Кембрыдж і інш. Якраз летам 2018 года адзначалася 400-годдзе выхаду ў свет першага беларускага друкаванага «Буквара».
Менавіта выданне «Буквара» Спірыдон Собаль лічыў сваім галоўным дасягненнем. Гэта вучэбная кніга мела невялікі аб’ём (80 старонак) і зручны для чытання фармат. Яна была прызначана для першапачатковага навучання і выхавання моладзі ў міласэрнасці, дабрачыннасці*. «Буквар» быў прыгожа аздоблены, меў удалую кампазіцыю, застаўкі* з раслінным арнаментам.
Пад канец жыцця Спірыдон Собаль вырашыў схавацца ад свецкай мітусні ў манастыр. У манастыры ён пражыў некалькі гадоў і памёр у канцы 1645 года. У адпаведнасці з завяшчаннем С. Собаль перадаў усю сваю маёмасць сынам. У тым ліку — і па 600 экзэмпляраў выдадзеных ім кніг.
Складзеныя і выдадзеныя С. Собалем кнігі сведчаць аб высокім узроўні асветы на беларускіх землях у эпоху Рэнесанса. Асветнік, друкар зрабіў значны ўклад у развіццё кнігавыдавецкай справы. Важна падкрэсліць, што мастацкі і паліграфічны ўзровень яго выданняў быў бясспрэчна высокі.
Землякі памятаюць свайго першадрукара. Яго іменем у Оршы названа вуліца, а ў Магілёве — абласная друкарня. У гонар Спірыдона Собаля ў Магілёве, на той вуліцы, дзе была яго друкарня, устаноўлена памятная дошка. У 2017 годзе музей гісторыі Магілёва набыў кнігу, надрукаваную на радзіме першадрукара, — «Апостал» 1632 года. Ёсць мемарыяльная дошка Собалю і ў Оршы, у Куцеінскім манастыры, а таксама памятны знак у гонар «Буквара» Спірыдона Собаля — прадаўжальніка справы Францыска Скарыны (Паводле Э. Дубянецкага).