*§ 3-3. Сінаніміка словазлучэнняў, яе роля ў стварэнні тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці

Сінаніміка словазлучэнняў

Сінаніміка словазлучэнняў падразумявае іх сэнсавую тоеснасць*. Значэнне сінтаксічных сінонімаў тоеснае, а форма — розная. Пры гэтым яны маюць розныя сродкі выражэння падпарадкавання: жытні хлеб — хлеб з жыта, зірнуў праз акно — зірнуў у акно, з Нёмана пацягнула вільгаццю — ад Нёмана пацягнула вільгаццю, бегчы сцежкай — бегчы па сцежцы.
Найбольш разнастайнымі ў сінанімічных адносінах з’яўляюцца словазлучэнні з прыназоўнікамі. Так, рускамоўнай канструкцыі з прыназоўнікам па адпавядае шэраг беларускіх канструкцый з прыназоўнікам ці без яго: жить по соседству — жыць у суседстве, у суседзях, суседзямі; организовать по инициативе — арганізаваць з ініцыятывы, пры ініцыятыве, з ініцыятывай, паводле ініцыятывы.
Шматлікія словазлучэнні маюць паралельныя сінанімічныя канструкцыі. Да іх адносяцца:
•сінонімы, што адрозніваюцца склонавымі формамі: спрэчкі між сяброў — спрэчкі між сябрамі;
•сінонімы, якія адрозніваюцца прыназоўнікамі: працаваць дзеля перамогі — працаваць для перамогі — працаваць у імя перамогі;
•сінонімы з адрознымі прыназоўнікамі і канчаткамі: марыць пра вясну — марыць аб вясне; ісці да брата — ісці к брату;
•сінонімы, што адрозніваюцца наяўнасцю/адсутнасцю прыназоўніка: двое з супрацоўнікаў — двое супрацоўнікаў; нехта знаёмы — нехта са знаёмых;
•сінонімы, якія можна трансфармаваць (перабудаваць): човен брата — братаў човен; пачаць разважаць — пачаць разважанне.
Сінанімічныя канструкцыі пры блізкім значэнні маюць, як правіла, сэнсавыя і стылістычныя асаблівасці. Напрыклад, канструкцыі з прыназоўнікамі між, паміж з родным (радзей — з творным) склонам служаць для абазначэння месца дзеяння або знаходжання каго-, чаго-небудзь у прасторы, абмежаванай з розных бакоў прадметамі: праехаць між поля і лугу, сядзець паміж акном і сталом, стаяць між дрэў, хадзіць паміж бяроз і кустоў.
Канструкцыі з прыназоўнікам сярод у спалучэнні з родным склонам назоўніка служаць для абазначэння месца пасярэдзіне чаго-небудзь або ў акружэнні многіх прадметаў: стаяць сярод плошчы, убачыць сярод хлопцаў.