*§ 3-3. Сінаніміка словазлучэнняў, яе роля ў стварэнні тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці

Практыкаванне 34-24

Прачытайце тэкст — прадмову да кнігі Ніны Гаўрош і Ніны Нямковіч «Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў». Самастойна сфармулюйце і запішыце пытанні да тэксту. Звярніцеся з гэтымі пытаннямі да аднакласнікаў, ацаніце іх вусныя адказы.
Выпішыце сказы-цытаты з тэксту, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх. Зрабіце сінтаксічны разбор гэтых сказаў.

Цікавасць да лацінскіх і грэчаскіх прыказак, крылатых выслоўяўсл тлумачыцца не толькі тым, што яны прайшлі праз вякі, яны прынеслі нам святло мудрасці.сн Менавіта ў антычных афарызмах адлюстравалісяс душа, розум і сіла слова мінулых пакаленняў; нам і сёння блізкія многія іх маральныя, этычныя і эстэтычныя ідэалы.
Афарызмы ніколі не характарызуюць аднаго чалавека, яны маюць дачыненне да многіх і многага, калі не да ўсіх і да ўсяго. Нягледзячы на сваю ўніверсальнасць даволі часта афарыстычны выраз можа падказаць, якому народу ён належыць. Прыгадаем: Навошта каласы, калі няма васількоў? (М. Багдановіч). Міхал лічыў Нясвіж Парыжам (Я. Колас). Штосьці з намі не так, калі нават буслы не вярнуліся гэтай вясной (Н. Маеўская). Беларусу і ў Парыжы сняцца белізна бяроз і сосен медзь (П. Панчанка). Мне Бацькаўшчынай — цэлы свет, ад родных ніў я адвярнуўся…Адно …не збыў яшчэ ўсіх бед: мне сняцца сны аб Беларусі! (Я. Купала). Не адрокся Бог ад Беларусі (В. Аколава). У выраі далёкім аднаго для птахаў не стае — тых дубоў, наднёманскіх, высокіх, дзе ім трэба гнёзды віць свае (М. Арочка). І хай з тысяч рэк чужых нап’юся — толькі для апошняга глытка я прыйду сюды, да Беларусі, да свайго азёрнага кутка (Г. Бураўкін). Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам (Я. Сіпакоў).
Як бачым, афарыстычныя выслоўі нашы — беларускія — па месцы нараджэння, мудрасць жа, заключаная ў іх, — сусветная (Н. Гаўрош, Н. Нямковіч).

Ці згодны вы з думкай аўтараў прыведзенага тэксту, што «беларусы — патрыёты, прычым патрыятызм наш адвечны, шчыры, не паказны́. Мы не прывучаны класці рукý на сэрца, калі чуем гімн сваёй краіны, мы не клянёмся прылюдна ў адданасці і любові сваёй Радзіме. Аднак для нас наш родны кут — гэта не прыгожыя словы, гэта зямля нашых дзядоў і прадзедаў, дзяцей і ўнукаў»? Перачытайце прыведзеныя ў тэксце афарызмы і раскажыце пра характар беларусаў.
Знайдзіце складаныя сказы ў тэксце і дайце ім вусную характарыстыку.
Выпішыце просты сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.