*§ 3-3. Сінаніміка словазлучэнняў, яе роля ў стварэнні тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці

Практыкаванне 34-22

Прачытайце развагі пісьменніка Янкі Скрыгана пра сінанімічныя рэсурсы мовы. Вярніцеся да папярэдняга практыкавання. Што б вы змянілі ў ім, выкарыстоўваючы назіранні слыннага пісьменніка?

Мне хочацца падзяліцца думкамі пра некаторыя словы, якія, мне здаецца, мы непамерна «нагрузілі» работаю, зрабілі іх універсальнымі, карыстаемся імі не зусім дакладна і ў той жа час выключаем з ужытку другія словы, можа, не менш трапныя. Тым самым звужаем моўныя сродкі, абядняем саму мову. Напрыклад, слова вырашыць. У беларускай мове вы можаце знайсці мноства варыянтаў замены гэтага слова:
Была вольная часіна, і я надумаў схадзіць у тэатр. Так расхвалілі гэтую кнігу, што я захацеў пачытаць яе. Я сабраўся купіць сабе новае паліто. Цяжка быць непісьменным, і я насмеліўся вучыцца. Думаў я, думаў і намысліў заняцца пчалярствам. Доўга не было вестак ад брата, і я намерыўся з’ездзіць да яго.
Прыгледзімся да прыназоўніка для. Яго мы зрабілі ў словазлучэннях надта ўніверсальным: Ён сумленна жыў для навукі. Цяпер вядома, для чаго ён збіраў лекавыя травы. Не астаецца часу для заняткаў. Яна стала для яго за маці. Яна спявае для вас. Для свайго часу гэта было прагрэсіўнай з’явай. Я купіў для цябе кнігу. Купіў бочку для капусты. Для таго і стрэльба, каб з яе страляць. Для яго гэта пацеха. Для чаго гэта патрэбна. Усюды мы абышліся адным толькі для.
Давайце паглядзім, ці не лепш было б напісаць так, як таго патрабуе сінаніміка мовы: Цяпер вядома, навошта ён збіраў лекавыя травы. Не астаецца часу на заняткі. Яна стала мне за маці. Яна спявае дзеля вас. На свой час гэта было прагрэсіўнай з’явай. Я купіў табе кнігу. Купіў бочку пад (або на) капусту. На тое і стрэльба, каб з яе страляць. Усё робіцца дзеля карысці. Яму гэта цяжка. Навошта гэта патрэбна. Каму гэта патрэбна.
Колькі прастору і лёгкасці стала ў гэтых фразах! (Паводле Я. Скрыгана).

Акрэсліце пазіцыю аўтара праз фармуляванне праблемы культуры беларускага слова. Абагульненне аформіце наступным чынам: Янка Скрыган лічыць, што…