*§ 3-3. Сінаніміка словазлучэнняў, яе роля ў стварэнні тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці

Практыкаванне 34-18

Прачытайце тэкст.

Развіццё сінанімікі прыназоўнікава-склонавых спалучэнняў адлюстроўвае працэс узбагачэння мовы граматычнымі рэсурсамі і найбольш дакладнымі сродкамі перадачы сэнсу выказвання.
Суіснаванне сінанімічных канструкцый у сістэме літаратурнай мовы трэба разглядаць як заканамерную з’яву, як фактар, які дэманструе багацце мовы. Суіснаванне сінанімічных варыянтаў не азначае выцяснення адной канструкцыі другой.
Члены сінанімічнага рада, як правіла, не з’яўляюцца тоеснымі ўтварэннямі. Сінанімічныя адпаведнікі ў тых ці іншых адносінах адрозніваюцца між сабой. Гэтым і тлумачыцца іх паралельнае ўжыванне.
Пры выдзяленні сінанімічных канструкцый ёсць пэўныя цяжкасці. У адным выпадку сінанімічная пара не выклікае сумнення (паехаць у горад і паехаць да горада, збірацца ў хаце і збірацца па хатах, мокры да калена і мокры па калена). У другім выпадку той ці іншы сінанімічны рад «разгаліноўваецца». Таму некаторыя аднолькавыя паводле значэння прыназоўнікавыя, а таксама беспрыназоўнікавыя канструкцыі адносяцца да некалькіх сінанімічных радоў: ісці па сцежцы і ісці сцежкай; ісці па лесе, ісці лесам і ісці праз лес (М. Яўневіч).

Пісьмова адкажыце на пытанні.
1.Пра якія працэсы ў сучаснай мове сведчыць развіццё сінанімікі прыназоўнікава-склонавых спалучэнняў?
2.Ці правамерна разглядаць суіснаванне сінанімічных варыянтаў як выцясненне адной канструкцыі другой?
3.Як можна растлумачыць узнікненне і паралельнае ўжыванне сінанімічных канструкцый?
4.Якія цяжкасці могуць узнікнуць пры выдзяленні сінанімічных канструкцый? Прывядзіце прыклады.