*§ 1-3. Свабодныя і несвабодныя словазлучэнні, іх сінтаксічная роля і стылістычныя магчымасці

Практыкаванне 12

Прачытайце, падбярыце адпаведную назву тэксту. Выпішыце словазлучэнні на розныя віды сінтаксічнай сувязі паміж кампанентамі. Зрабіце сінтаксічны разбор выпісаных словазлучэнняў.

Лічыцца, што актыўны слоўнікавы запас сучаснага адукаванага чалавека павінен дасягаць 10-13 тысяч слоў. У штодзённымсл жыцці большасць людзей карыстаецца прыкладна 2-3 тысячамі слоў. Многа гэта ці мала? Вучоныя супаставілі гэтыя звесткі са слоўнікавым запасам знакамітых людзей — пісьменнікаў. Так, Гамер у сваіх творах выкарыстаў каля 9 тысяч слоў, У. Шэкспір, па розных звестках, — ад 15 да 20 тысяч слоў, Т. Шаўчэнка — каля 10 тысяч, такую ж колькасць слоў скарыстаў М. Гогаль у адным, асобна ўзятым рамане-паэме «Мёртвыя душы», Дантэ Аліг’еры ў «Боскай камедыі» — каля 6 тысяч, слоўнікавы запас С. Ясеніна — амаль 19 тысяч, а слоўнік мовы А. Пушкіна ўключае звыш 21 тысячы адзінак. Падлічана, што Францыск Скарына ўжыў больш за 13 тысяч розных слоў, Янка Купала — 20 тысяч. Вядома, ёсць над чым задумацца кожнаму чалавеку.
Пра абмежаваныя маўленчыя магчымасці чалавека, пра беднасць яго слоўніка сведчыць часты паўтор адных і тых самых слоў (выразаў) і іх нематываванае выкарыстанне. Каб не апынуцца ў ліку людзей з абмежаваным лексіконам, неабходна паляпшаць, павышаць сваю культуру маўлення. Самы просты і даступны сродак — гэта чытанне і перачытванне лепшых аўтараў, знакамітых мастакоў слова. Мудрыя людзі зазначаюць: «Скажы мне, што ты чытаеш, і я скажу, хто ты» (В. Курловіч).

Выпішыце пяць колькасна-іменных спалучэнняў з тэксту, лічэбнікі ў іх запішыце словамі.
Зрабіце вусны сінтаксічны разбор простага сказа, ускладненага пабочным словам.