*§ 1-3. Свабодныя і несвабодныя словазлучэнні, іх сінтаксічная роля і стылістычныя магчымасці

Свабодныя і несвабодныя словазлучэнні

Паводле ступені злітнасці слоў-кампанентаў вылучаюць свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. Сінтаксічна свабодныя словазлучэнні складаюцца са слоў (кампанентаў) з самастойным лексічным значэннем. Кожнае са слоў захоўвае значэнне, выступае асобным членам сказа: гартаць часопіс, даўні сябар. Несвабодныя словазлучэнні маюць у сваім саставе кампаненты з аслабленым лексічным значэннем і выступаюць у ролі аднаго члена сказа: 8 Сакавіка, тры семестры, мала памылак; мікрараён «Зялёны луг»; (жыць) душа ў душý.
Сярод несвабодных адрозніваюць сінтаксічна непадзельныя і фразеалагічна непадзельныя словазлучэнні.
Сінтаксічна непадзельныя — гэта словазлучэнні, лексічна звязаныя і непадзельныя толькі ў пэўным кантэксце. Да іх адносяцца:
•колькасна-іменныя спалучэнні двух самастойных слоў: Два хлопчыкі вылучаліся спакойнымі паводзінамі;
•спалучэнні з выдзяляльным значэннем: Кожны з нас спадзяецца на лепшае;
•азначальныя словазлучэнні з двух самастойных слоў: Мабыць, кожнаму прыемна ласкавае слова;
•спалучэнні прэдыкатыўнага прыслоўя і інфінітыва: Ці ж варта варушыць балючае — былое (Я. Янішчыц).
Фразеалагічна непадзельныя — гэта словазлучэнні, лексічная несамастойнасць кампанентаў якіх не залежыць ад кантэксту: Млечны шлях мне кладзецца пад ногі (Н. Маеўская). Будзе мне сніцца ў квецені вішня, сцежка, якою ў свет белы выйшла (Н. Маеўская).