*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Практыкаванне 23

Пазнаёмцеся з выказваннямі пісьменніка Янкі Брыля. Пастарайцеся прачытаць іх не павярхоўна, не бегла, а ўдумліва, няспешна, узважваючы мудрасць кожнага слова. На аснове аднаго з выказванняў падрыхтуйце прамову, якая будзе мець уступ-тэзіс, асноўную частку з доказнымі, разважлівымі прыкладамі, аргументамі і заключэнне-абагульненне. Выступіце з прамовай перад аднакласнікамі, якія ацэняць ваша выступленне з пазіцыі зместу, структуры, маўленчага афармлення (гл. практ. 17).

1.Люблю рускіх, Расію, люблю Украіну. Але ніколі яшчэ не пашкадаваў, што я — беларус, ніколі не захацеў быць некім іншым, таксама як ніколі не прыходзіў да недарэчнай думкі …стаць жанчынай. Я беларус таксама, як я — мужчына, і проста не магу глядзець на свет інакш.
2.Старáя здзіўляецца:
— Што ты мне ў рукý цалуеш, як пані якой?
А ён, ужо таксама немалады, ваенны сябар яе сына, што загінуў:
— Даўно, цётка, не бачыліся.
Так проста растлумачваюцца глыбокія пачуцці.
3.Купіў і з цікавасцю перагортваю кнігу «Фаўна Беларусі». Паміж звяроў, арлоў вельмі нядрэнна гэта гучыць: Luscinia, luscinia — звычайны салавей. Знайдзіце больш дакладную і гордую ацэнку.
4.Калісьці нехта выдумаў сякеру, песню, казку... Сам застаўся безыменным. Калісьці кітайскія літаратары пускалі ў жыццё свае творы без подпісу, ананімна.
Чытаў я пра гэта ў юнацтве і не разумеў. А цяпер нібыта пачынаю разумець… Нядаўна нават усцешыўся, сустрэўшы ў К. Галчыньскага: «Працуйце — цудаў не бывае».
5.«Пакуты слова». У гэта паняцце трэба ўключаць іменна тыя пакуты, калі мне хочацца працаваць, а я не магу. Бо якія ж гэта пакуты, калі працуеш?
6.Моладзь наша шукае новае ў літаратуры часткова і таму, што засумавала па вечным — па праўдзе, па жыццёвасці.