Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 2 Июнь 2025, 17:12

Прамова

Прамова — вуснае выступленне, якое вызначаецца пэўнай мэтай — прапанаваць сістэматызаваную інфармацыю, пераканаць слухачоў, абгрунтаваць уласную пазіцыю, уздзейнічаць на аўдыторыю. Публічная прамова характарызуецца тэматычнай скіраванасцю, прадуманасцю, непасрэдным кантактам з аўдыторыяй, устаноўкай на слухачоў. У залежнасці ад мэты выступлення вылучаюць асноўныя віды прамоў: інфармацыйную, пераканальную, пабуджальную.
Інфармацыйная прамова ставіць за мэту праінфармаваць слухачоў па пэўнай тэме. Выкарыстоўваецца правераная, дакладная інфармацыя, падбіраюцца доказныя факты, аргументы. Поспех інфармацыйнай прамовы забяспечаны, калі: а) маўленне арыентавана на пазнавальныя інтарэсы, узрост аўдыторыі; б) інфармацыя мае сістэматызаваны і структураваны характар.
Пераканальная прамова скіравана на тое, каб з дапамогай лагічных і псіхалагічных довадаў даказаць або абвергнуць пэўнае палажэнне, пазіцыю, аргументавана ўздзейнічаць на слухачоў, пераканаць у праўдзівасці сцвярджэнняў, думак.
Пабуджальная прамова вырашае задачу стымуляваць, заахвоціць слухачоў да пэўнага дзеяння, рашэння, паўплываць на іх пачуцці (запрасіць у тэатр, на выстаўку, на сустрэчу з цікавым чалавекам). Прамова павінна ўтрымліваць адказы на тры пытанні: 1) што неабходна зрабіць? 2) чаму гэта неабходна зрабіць? 3) як гэта трэба зрабіць?

Практыкаванне 11

Прачытайце правілы паводзін прамоўцы. Сцісла заканспектуйце іх, ранжыруючы паводле ступені значнасці і акцэнтуючы ўвагу на актуальных для вас.

1.Добразычлівыя адносіны да субяседніка. Трэба пазбягаць негатыўных ацэнак, забараняецца крыўдзіць, зневажаць апанента.
2.Праяўленне ветлівасці — аснова зносін. Варта ўлічваць пол, узрост, службовае і грамадскае становішча субяседніка.
3.Не варта навязваць уласныя думкі і ацэнкі, меркаванні (гэта не значыць, што нельга пераконваць). Трэба ўмець прыняць пазіцыю субяседніка, пазбягаць празмернай катэгарычнасці ў размове.
4.У цэнтр увагі трэба ставіць суразмоўцу, улічваць яго асобу і дасведчанасць. Падтрымліваць кантакт з субяседнікам, праяўляць разуменне, зацікаўленасць у размове (вам, пэўна, цікава даведацца; вы, безумоўна, ведаеце…).
5.Прамоўца павінен адбіраць моўныя сродкі ў адпаведнасці са стылістычнай танальнасцю тэксту, арыентуючыся не толькі на суразмоўцу, але і на афіцыйны або неафіцыйны характар зносін.
6.Прамоўца павінен памятаць пра нямоўныя знакі камунікацыі: жэсты, паставу, міміку, агульную культуру. Важна вытрымліваць дыстанцыю паміж сабою і слухачамі (Паводле Л. Леванцэвіч).

Зрабіце сінтаксічны разбор сказа, у якім галоўныя члены выражаны назоўнікамі ў форме назоўнага склону. Паводле якіх паказчыкаў вы будзеце шукаць такі сказ?
Выпішыце словы з тэксту на правіла «Правапіс суфіксаў дзеясловаў», дапоўніце выпісанае ўласнымі прыкладамі.

Практыкаванне 12

Якія асацыяцыі ў вас выклікае слова экзамен? Успомніце, якія цяжкасці вы перажывалі ў час падрыхтоўкі, адказу. Падзяліцеся, як вы пераадольвалі трывогу, хваляванне. Ці падобны ваш псіхалагічны стан перад экзаменам да героя з фотаздымка? Пазнаёмцеся з патрабаваннямі да вуснага адказу. 

1.Адпаведнасць адказу сфармуляванаму пытанню.
2.Змястоўнасць і глыбіня адказу.
3.Належны тэарэтычны ўзровень адказу: разуменне асноўных праблем, уменне аналізаваць факты, рабіць лагічныя вывады.
4.Веданне тэрмінаў, дакладнасць інфармацыі, адсутнасць фактычных памылак.
5.Кампазіцыйная выразнасць, паслядоўнасць, лагічнасць, аргументаванасць адказу.
6.Пісьменнае, дакладнае і выразнае маўленне.

Выкарыстоўваючы змест патрабаванняў, аформіце іх як складаныя сказы.

У з о р: Атрымаць на экзамене 10 балаў можна пры ўмове, што адказ поўнасцю адпавядае фармулёўцы пытання (складаназалежны сказ).
Настаўніца была ў захапленні: адказ Андрэя цалкам адпавядаў сфармуляванаму пытанню (бяззлучнікавы сказ).

Улічваючы ўласны вопыт, раскажыце, якія з названых крытэрыяў для вас з’яўляюцца праблемнымі.

Практыкаванне 13

Прачытайце парады, адрасаваныя тым, хто здае экзамен. Перакажыце іх па-беларуску. Рэкамендацыі, якія з’яўляюцца для вас актуальнымі або на якія вы раней не звярталі ўвагі, лічылі неістотнымі, запішыце на беларускай мове.

Отвечая на экзамене,
•будьте уверенными, но не самоуверенными, убеждёнными, но не категоричными, раскованными, но не развязными;
•не бойтесь выражать собственную позицию, но не навязывайте её слушающим;
•не читайте, а лишь изредка обращайтесь к своим записям; поддерживайте зрительный контакт с экзаменаторами;
•старайтесь не упустить главную информацию, давайте чёткие определения используемым понятиям;
•если собьётесь с мысли, постарайтесь не останавливаться, повторите высказанную прежде мысль, развивайте её — это поможет восстановить забытое;
•соблюдайте нормы литературного языка, демонстрируйте лучшие качества речи — правильность, последовательность, выразительность;
•сохраняйте надлежащие темп и громкость речи, голосом выделяйте главное;
•избегайте неоправданных пауз;
•следите за своими жестами, мимикой, позой, эмоциями;
•будьте внимательны к формулировкам вопросов экзаменаторов;
•внимательно выслушайте оценку вашего ответа, мнение экзаменатора и поблагодарите его за внимание (Р. Бунеев).

Практыкаванне 14

Праслухайце і ацаніце інфармацыйнае паведамленне вашага аднакласніка з улікам наступных крытэрыяў. 

1.Змест: інфарматыўнасць выступлення (навізна і карыснасць інфармацыі), цэласнасць (сэнсавая, структурная), лагічнасць, доказнасць, аб’ектыўнасць.
2.Маўленне прамоўцы: дакладнасць, лаканічнасць, веданне ўжытых тэрмінаў, стылістычная нейтральнасць, багацце, выразнасць.
3.Манера выступлення: кантакт, узаемадзеянне са слухачамі, сродкі актывізацыі ўвагі аўдыторыі, тэхніка маўлення (сіла голасу, тон, тэмп, тэмбр), эмацыянальнасць выступоўцы, адэкватнае выкарыстанне мімікі і жэстаў.

Якія пункты для ацэньвання даклада вы дадалí б?

Практыкаванне 15

Падрыхтуйце групавы інфармацыйны праект на тэму «Маўленчы этыкет як паказчык культуры зносін».

Пры́кладны ход праекта:
1.Вывучыць літаратуру па тэме даследавання.
2.З дапамогай лінгвістычных даведнікаў дакладна акрэсліць асноўныя паняцці маўленчага этыкету (маўленчы этыкет, культура зносін, невербальныя (нямоўныя) сродкі этыкету, маўленчыя паводзіны, этыкетныя жэсты, маўленча-этыкетныя сітуацыі і інш.).
3.Даследаваць адлюстраванне формул маўленчага этыкету ў творах мастацкай літаратуры (на прыкладзе аднаго пісьменніка або твораў розных пісьменнікаў), стварыць картатэку ўжытых формул, раскласіфікаваць іх.
4.Правесці анкетаванне сярод аднакласнікаў (настаўнікаў, бацькоў) з мэтай выявіць адносіны да праблем маўленчага этыкету. Пытанні для анкеты могуць быць наступныя: Ці патрэбна захоўваць маўленчы этыкет? Ці крыўдзіць вас, калі незнаёмы чалавек звяртаецца да вас на «ты»? Ці бянтэжаць вас сітуацыі, калі дыктары радыё, тэлебачання, акцёры часам парушаюць арфаэпічныя нормы? Ці дапускаеце вы сітуацыю ўжывання ненарматыўнай лексікі? Ці неабходна цэнзура перыядычных выданняў (у тым ліку інтэрнэт-матэрыялаў)? Ці патрэбны, на вашу думку, закон аб маўленчым этыкеце?
5.Прааналізаваць вынікі апытвання і аформіць іх у выглядзе дыяграм.
6.Засяродзіць увагу на нацыянальнай спецыфіцы маўленчага этыкету.
7.Сістэматызаваць матэрыял, сфармуляваць вывады даследавання.
8.Падрыхтаваць прэзентацыю праекта.
9.Абмеркаваць варыянты прадстаўлення выніковага прадукту праектнай дзейнасці: напрыклад, размяшчэнне вынікаў даследавання на web-сайце ўстановы адукацыі; фотакалаж (відэаролік, буклет) паводле вынікаў праекта; памятка на тэму «Маўленчы этыкет — люстэрка культуры асобы»; законапраект «Аб няўхільным і абавязковым выкарыстанні грамадзянамі формул маўленчага этыкету»; мультымедыйны пакет рэкамендацый; рэкламны ролік; выступленне на школьнай канферэнцыі; даведнік па культуры маўлення; слоўнік маўленчых формул; параўнальна-супастаўляльны аналіз маўленчых формул у беларускай і замежных мовах; раздзел да школьнага падручніка па даследаванай тэме і г. д.
10.Аформіць работу, указаць выкарыстаныя крыніцы.

Узор афармлення спіса:

Выкарыстаныя крыніцы
1.Малажай, Г. М. Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы: дапаможнік для навучэнцаў / Г. М. Малажай, Л. І. Яўдошына. — Мінск : Аверсэв, 2013. — 478 с.
2.Валочка, Г. М. На ніве беларускай методыкі : да 80-годдзя з дня нарадж. Васіля Протчанкі / Г. М. Валочка // Роднае слова. — 2010. — № 4. — С. 76—77.
3.Международный день счастья 20 марта Электронный ресурс // Организация Объединённых Наций. — Режим доступа : http://www.un.org/ru/ events / happinessday. — Дата доступа : 22.01.2021.

Практыкаванне 16

Ацаніце праект, падрыхтаваны аднакласнікамі. Карыстаючыся прапанаванай інфармацыяй, зрабіце агульныя вывады: станоўчыя і недастаткова абгрунтаваныя аспекты працы, асноўная ацэнка праекта, пажаданні выканаўцам.

Крытэрыі ацэнкі распрацаванага праекта Балы
Тэкст праекта
1.Актуальнасць даследаванай праблемы
2.Глыбіня распрацаванай тэмы, аб’ём выкарыстанай інфармацыі
3.Змястоўнасць, паўната праекта
4.Арыгінальнасць вырашэння праблемы
5.Афармленне тэксту праекта
Агульная сума балаў
Ацэнка рэалізацыі праекта
1.Уменне ўносіць карэктывы ў праект, дапрацоўваць яго
2.Уменне ўзаемадзейнічаць у камандзе
3.Актыўнасць кожнага выканаўцы праекта
Агульная сума балаў
Ацэнка абароны праекта
1.Уменне раскрыць сутнасць даследаванай тэмы і асноўных вынікаў  праекта
2.Форма прадстаўлення праекта
3.Уменне адказваць на пытанні: лаканічнасць і аргументаванасць
Агульная сума балаў

Практыкаванне 17

Прамова патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі і ўмення выступаць перад аўдыторыяй. Поспех выступлення ў многім залежыць ад таго, наколькі добра прамоўца ведае прадмет гаворкі, у якой ступені прамова прадуманая. Пазнаёмцеся з этапамі маўленчай дзейнасці пры планаванні публічнага выступлення. Якая інфармацыя з’яўляецца новай для вас?

1.Выбар тэмы прамовы. На гэтым этапе трэба ўлічваць свае веды па выбранай тэме, інтарэс да абранай тэматыкі, асабісты вопыт, актуальнасць будучай працы.
2.Вызначэнне мэты прамовы. Прамоўца, як правіла, ставіць за мэту: праінфармаваць, разгарнуць інфармацыю; пераканаць у пэўным сцвярджэнні, пазіцыі; заахвоціць, натхніць слухачоў да пэўнага дзеяння, рашэння.
3.Збор матэрыялу. Асноўнымі крыніцамі для падрыхтоўкі прамовы з’яўляюцца: навуковая і навукова-папулярная літаратура; лінгвістычныя і энцыклапедычныя слоўнікі, бібліяграфічныя даведнікі; мастацкая літаратура; артыкулы з часопісаў і газет; інтэрнэт-матэрыялы па праблеме; картатэка фактычнага матэрыялу.
4.Асэнсаванне і апрацоўка інфармацыі: размеркаванне зместу паводле мікратэм; вылучэнне асноўных думак, ідэй; класіфікацыя фактычнага матэрыялу; складанне плана выступлення; вызначэнне паслядоўнасці ў падачы інфармацыі.
5.Стварэнне пісьмовага тэксту: канчатковае афармленне выступлення, напаўненне зместава-структурных частак (уступу, асноўнай часткі, заключэння). Вопытны прамоўца можа задаволіцца складаннем падрабязнага плана і запісам ключавых слоў, тэзісаў, прыкладаў.
6.Рэпетыцыя, прагаворванне прамовы: карысна агучыць тэкст прамовы (пажадана перад слухачамі), акцэнтуючы ўвагу як на вербальным (славесным), так і на невербальным аспектах. Прасачыць адпаведнасць працягласці прамовы ўстаноўленаму рэгламенту. Падчас рэпетыцыі старайцеся не чытаць тэкст, а расказваць, прагаворваць яго. У канцы выступлення трэба падзякаваць аўдыторыі за ўвагу.
7.Рэфлексія: прааналізуйце, ці была дасягнута мэта выступлення. Параўнайце агýчаны варыянт прамовы з запланаваным. Растлумачце сабе прычыны разыходжанняў. Ацаніце ўласныя маўленчыя паводзіны з улікам названых пазіцый. Які вопыт публічных выступленняў вы набылí?

Практыкаванне 18

Якую з прапанаваных тэм выступленняў вы абралі б? Чаму? Наколькі паўплывала на ваш выбар фармулёўка тэмы?

«Прамова, якая мне запомнілася».
«Аратар, які застаўся ў памяці».
«Якіх прамоўцаў я люблю слухаць?»
«Якія выступленні мне не падабаюцца?»
«Мае любімыя (нелюбімыя) тэмы выступленняў».
«Чыю прамову я хацеў бы паслухаць?»

Практыкаванне 19

Пазнаёмцеся з прыёмамі актывізацыі ўвагі слухачоў падчас прамовы. Запішыце найбольш дзейсныя з іх па вашым меркаванні.

Уступ: зварот да аўдыторыі, вылучэнне актуальнасці тэмы, яе практычнай значнасці, паведамленне мэты і плана выступлення, зварот да цікавай, нестандартнай сітуацыі, напамін пра інтарэсы слухачоў.
Асноўная частка: зварот да прамовы папярэдняга прамоўцы, спасылка на аўтарытэтныя выказванні або на цікавыя факты, на ўласны вопыт, рытарычныя пытанні, лірычныя адступленні, жыццёвыя прыклады, выкарыстанне афарызмаў, прыказак, паэтычных радкоў, нечаканыя аналогіі, змяненне тэмпу выступлення.
Заключэнне: падсумоўванне галоўнага, заклік да непасрэдных дзеянняў, дарэчныя жарты, пытанні і пажаданні аўдыторыі.

Раскажыце, якія прыёмы актывізацыі ўвагі слухачоў вы выкарыстоўваеце.
Сфармулюйце парады, адрасаваныя нявопытным выступоўцам.

Практыкаванне 20

Прачытайце прамову-споведзь «Ці спяваем мы дома разам?» Мэта прамовы: абудзіць цікавасць да праблемы мікраклімату ў сям’і, дапамагчы зразумець, што аб’ядноўвае або раз’ядноўвае членаў сям’і.
Вызначце кампазіцыйныя часткі прамовы. Якія прыёмы актывізацыі ўвагі выкарыстаны на розных этапах прамовы? Што вам спадабалася (не спадабалася) у прамове?

Ці спяваем мы дома разам? Мне здаецца, пытанне падразумявае нешта большае, чым сумеснае распяванне твораў.
Аднак я не стану шукаць гэты глыбокі падтэкст, адкажу на пытанне адразу: «Не, мы разам дома не спяваем. І паасобку таксама».
Мая маці не спявае, хоць спяваць любіць. Толькі ў яе не зусім добры слых. Як толькі яна спрабавала спяваць, мая бабуля, маміна маці, адразу ж перапыняла: «Куды ты вядзеш? Як гэта, каб не саўладаць са сваім голасам?» І мая маці замаўкала.
Мая́ бабуля таксама не спявае, хаця мáе і добры слых, і песень шмат ведае. Але яе жыццё прывучыла маўчаць. Спачатку ў вайну, калі яшчэ падлеткам працавала на шахце пад Тулай. Пасля праз замужжа апынулася ў нас на Беларусі і маўчала ў свякроўчынай хаце, бо не прыйшлася даспадобы новым сваякам. Тым больш, што свякроўка пару разоў заўважыла пры спробе заспяваць: «Рана, пташачка, запела…» І мая бабуля перастала спяваць. Ды і спяваць асабліва не было калі: свякроўка, а пазней і муж цяжка хварэлі.
А вось мой бацька не спявае, таму што не хоча. Калі б захацеў, то спяваў бы. Цэлы дзень спяваў бы. Такое з ім здараецца толькі ў вялікія святы, калі прыходзяць госці. Тады ён любіць сольныя працяглыя песні. А так звычайна мой бацька маўчыць.
Ёсць у нас яшчэ кошка. Яна спявае-мурлыкае ў двух выпадках: калі хоча есці і … з адзіноты.
Што да мяне, то, напэўна, праявілася спадчыннасць і асяродак, у якім я жыву. Спяваю рэдка, як наш бацька, звычайна на святах, у кампаніі. Напэўна, таму, што саромеюся, бо калі не чую спеваў пастаянна, то ўжо не магу іх успрымаць як натуральную з’яву (да таго ж, рэальна ацэньваю свае вакальныя здольнасці). А заспяваць мне часам вельмі хочацца. І … з адзіноты таксама.
Таму і мяркуйце самі, чаму мы не спяваем разам. Можа, проста не склалася наша сямейная песня… (Алена С.).

Адкажыце, чаму, на вашу думку, гэта сям’я не спявае разам? Чаму становіцца сумна пасля гэтай прамовы?
Якой вам бачыцца ваша ўласная сям’я ў будучым? Ці будзеце вы спяваць разам?

 

Практыкаванне 21

Прачытайце тэкст. Запішыце найбольш аргументаваныя прычыны наведаць Косаўскі замак у Брэсцкай вобласці. Раскажыце, што вы ведаеце пра гісторыю, будаўніцтва, легенды замка?
З улікам зместу і структуры тэксту падрыхтуйце пабуджальную прамову на тэму «Пяць прычын наведаць мае родныя мясціны».

Пяць прычын наведаць Косаўскі замак

Косаўскі замак — адна з самых вядомых славутасцей, якая прымушае паверыць, што сотні гадоў назад Беларусь была краем замкаў.
1.Убачыць моду мінулых гадоў. Абавязкова зазірніце ў Косава (Івацэвіцкі раён). Там вы ўбачыце цудоўны архітэктурны ансамбль пачатку XVIII стагоддзя — палац Пуслоўскіх. У народзе яго называюць Косаўскім замкам.
Замак упрыгожваюць гранёныя зубчастыя вежы, падобныя на шахматныя ладдзі. Іх 12 — па колькасці месяцаў у годзе. Чатыры цэнтральныя сімвалізуюць май і тры летнія месяцы.
Палац у мінулым славіўся інтэр’ерамі ды сюрпрызамі. Усе 132 пакоі адрозніваліся індывідуальным дызайнам ад моднага тады італьянскага мастака Марконі.
2.Пашукаць сюрпрызы. Пра палац хадзілі легенды. У адным з пакояў была шкляная падлога, пад якой знаходзіўся гіганцкі акварыум. Уявіце сабе: заходзіш, а пад нагамі — марская бездань, рыбкі плаваюць…
Ёсць легенда, што гаспадары трымалі льва. Так змагаліся з крадзяжом сярод прыслугі. Кожную ноч драпежніка выпускалі з клеткі, і той блукаў па калідорах. Замак славіўся і сваёй бібліятэкай у 10 тысяч кніг, якая знікла ў гады Першай сусветнай вайны.
3.Успомніць подзвіг партызан. У 1943—1944 гадах тут размяшчаўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, рэдакцыя і друкарня абласной падпольнай газеты. Сёння гэта музей пад адкрытым небам: драўляныя домікі, зямлянкі, калодзеж і «лясная школа».
Калісьці партызаны ды сувязныя дабіраліся сюды таемнымі хадамі па балоце, дзе крок убок азначаў смерць. Цяпер у лагер вядзе спецыяльны мост-насцíл, нават у дарослых гэта экскурсія выклікае буру эмоцый.
4.Адчуць гісторыю. Ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Польшчы і ЗША, генерал амерыканскай арміі Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў сціплым драўляным доміку. Радавое гняздо гэтай легендарнай асобы стала музеем і месцам паломніцтва аматараў айчыннай гісторыі. Воляй лёсу Косаўскі замак быў пабудаваны недалёка ад сядзібы Касцюшкі. Так два гістарычныя аб’екты аказаліся на адной турыстычнай сцежцы.
5.Зразумець, чаму Беларусь — сінявокая. Не пашкадуйце часу і дабярыцеся да мясцовых азёр — Выганашчанскага, Бабровіцкага і далей па карце. Палюбуйцеся па дарозе хараством канала Агінскага. На ўсё жыццёс запомніцца адпачынак на цудоўным пясчаным беразе сярод высокіх сосен. Можна яшчэ на досвітку парыбачыць або паблукаць у бязмежных навакольных лясах (Паводле Г. Маскаленкі).

Падбярыце сінонімы да выдзеленых слоў. Да 3-5 з іх запішыце сінанімічныя рады.
Выпішыце з тэксту складаназлучаны, складаназалежны з паслядоўным падпарадкаваннем і бяззлучнікавы сказы. Пабудуйце іх схемы.

Практыкаванне 22

Прачытайце. На аснове прапанаванай інфармацыі падрыхтуйце «антыпрамову» на тэму «Мастацтва чытаць правільна», у якой пераканайце слухачоў у тым, што чытанне можа быць радасцю, асалодай. Скарыстайце розныя прыёмы актывізацыі ўвагі слухачоў (гл. практ. 19).

1.Калі чытаеш кнігу, абавязкова паралельна слухай гучную музыку або «завісай» на форуме.
2.Рабі ручкай або маркерам тлустыя паметкі на старонках.
3.Калі табе не хочацца сцісла заканспектаваць тэкст, зрабі копію або проста вырві ліст з кнігі — ніхто не заўважыць!
4.Старайся як мага радзей звяртацца да кніг: усё можна знайсці ў інтэрнэце.
5.Калі сустракаюцца незразумелыя словы — прапускай іх. Навошта траціць свой час на спасылкі, слоўнікі і даведнікі!
6.Чытай толькі пачатак і канец кнігі. Напісанае ў сярэдзіне кнігі не мае значэння!
7.Неабавязкова траціць час на чытанне дома. Гэта можна зрабіць па дарозе ў школу або ў маршрутцы (Т. Разуваева).

У многіх краінах існуе вялікая колькасць скульптурных кампазіцый, помнікаў, прысвечаных кнігам, пісьменнікам і героям іх твораў. Аднак кніга без чытача ператвараецца ў звычайны стос старонак у пераплёце. Невыпадкова чытачу, у руках якога кніга ажывае, прысвечаны шматлікія скульптурныя збудаванні.
На фотаздымку змешчана выява помніка чытачам (парк імя М. Горкага, Харкаў). Праз інтэрнэт-матэрыялы пазнаёмцеся з іншымі падобнымі помнікамі. Паспрабуйце вусна стварыць вобраз Homo legens — чалавека, які чытае.

Практыкаванне 23

Пазнаёмцеся з выказваннямі пісьменніка Янкі Брыля. Пастарайцеся прачытаць іх не павярхоўна, не бегла, а ўдумліва, няспешна, узважваючы мудрасць кожнага слова. На аснове аднаго з выказванняў падрыхтуйце прамову, якая будзе мець уступ-тэзіс, асноўную частку з доказнымі, разважлівымі прыкладамі, аргументамі і заключэнне-абагульненне. Выступіце з прамовай перад аднакласнікамі, якія ацэняць ваша выступленне з пазіцыі зместу, структуры, маўленчага афармлення (гл. практ. 17).

1.Люблю рускіх, Расію, люблю Украіну. Але ніколі яшчэ не пашкадаваў, што я — беларус, ніколі не захацеў быць некім іншым, таксама як ніколі не прыходзіў да недарэчнай думкі …стаць жанчынай. Я беларус таксама, як я — мужчына, і проста не магу глядзець на свет інакш.
2.Старáя здзіўляецца:
— Што ты мне ў рукý цалуеш, як пані якой?
А ён, ужо таксама немалады, ваенны сябар яе сына, што загінуў:
— Даўно, цётка, не бачыліся.
Так проста растлумачваюцца глыбокія пачуцці.
3.Купіў і з цікавасцю перагортваю кнігу «Фаўна Беларусі». Паміж звяроў, арлоў вельмі нядрэнна гэта гучыць: Luscinia, luscinia — звычайны салавей. Знайдзіце больш дакладную і гордую ацэнку.
4.Калісьці нехта выдумаў сякеру, песню, казку... Сам застаўся безыменным. Калісьці кітайскія літаратары пускалі ў жыццё свае творы без подпісу, ананімна.
Чытаў я пра гэта ў юнацтве і не разумеў. А цяпер нібыта пачынаю разумець… Нядаўна нават усцешыўся, сустрэўшы ў К. Галчыньскага: «Працуйце — цудаў не бывае».
5.«Пакуты слова». У гэта паняцце трэба ўключаць іменна тыя пакуты, калі мне хочацца працаваць, а я не магу. Бо якія ж гэта пакуты, калі працуеш?
6.Моладзь наша шукае новае ў літаратуры часткова і таму, што засумавала па вечным — па праўдзе, па жыццёвасці.