*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Прамова

Прамова — вуснае выступленне, якое вызначаецца пэўнай мэтай — прапанаваць сістэматызаваную інфармацыю, пераканаць слухачоў, абгрунтаваць уласную пазіцыю, уздзейнічаць на аўдыторыю. Публічная прамова характарызуецца тэматычнай скіраванасцю, прадуманасцю, непасрэдным кантактам з аўдыторыяй, устаноўкай на слухачоў. У залежнасці ад мэты выступлення вылучаюць асноўныя віды прамоў: інфармацыйную, пераканальную, пабуджальную.
Інфармацыйная прамова ставіць за мэту праінфармаваць слухачоў па пэўнай тэме. Выкарыстоўваецца правераная, дакладная інфармацыя, падбіраюцца доказныя факты, аргументы. Поспех інфармацыйнай прамовы забяспечаны, калі: а) маўленне арыентавана на пазнавальныя інтарэсы, узрост аўдыторыі; б) інфармацыя мае сістэматызаваны і структураваны характар.
Пераканальная прамова скіравана на тое, каб з дапамогай лагічных і псіхалагічных довадаў даказаць або абвергнуць пэўнае палажэнне, пазіцыю, аргументавана ўздзейнічаць на слухачоў, пераканаць у праўдзівасці сцвярджэнняў, думак.
Пабуджальная прамова вырашае задачу стымуляваць, заахвоціць слухачоў да пэўнага дзеяння, рашэння, паўплываць на іх пачуцці (запрасіць у тэатр, на выстаўку, на сустрэчу з цікавым чалавекам). Прамова павінна ўтрымліваць адказы на тры пытанні: 1) што неабходна зрабіць? 2) чаму гэта неабходна зрабіць? 3) як гэта трэба зрабіць?