*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Практыкаванне 21

Прачытайце тэкст. Запішыце найбольш аргументаваныя прычыны наведаць Косаўскі замак у Брэсцкай вобласці. Раскажыце, што вы ведаеце пра гісторыю, будаўніцтва, легенды замка?
З улікам зместу і структуры тэксту падрыхтуйце пабуджальную прамову на тэму «Пяць прычын наведаць мае родныя мясціны».

Пяць прычын наведаць Косаўскі замак

Косаўскі замак — адна з самых вядомых славутасцей, якая прымушае паверыць, што сотні гадоў назад Беларусь была краем замкаў.
1.Убачыць моду мінулых гадоў. Абавязкова зазірніце ў Косава (Івацэвіцкі раён). Там вы ўбачыце цудоўны архітэктурны ансамбль пачатку XVIII стагоддзя — палац Пуслоўскіх. У народзе яго называюць Косаўскім замкам.
Замак упрыгожваюць гранёныя зубчастыя вежы, падобныя на шахматныя ладдзі. Іх 12 — па колькасці месяцаў у годзе. Чатыры цэнтральныя сімвалізуюць май і тры летнія месяцы.
Палац у мінулым славіўся інтэр’ерамі ды сюрпрызамі. Усе 132 пакоі адрозніваліся індывідуальным дызайнам ад моднага тады італьянскага мастака Марконі.
2.Пашукаць сюрпрызы. Пра палац хадзілі легенды. У адным з пакояў была шкляная падлога, пад якой знаходзіўся гіганцкі акварыум. Уявіце сабе: заходзіш, а пад нагамі — марская бездань, рыбкі плаваюць…
Ёсць легенда, што гаспадары трымалі льва. Так змагаліся з крадзяжом сярод прыслугі. Кожную ноч драпежніка выпускалі з клеткі, і той блукаў па калідорах. Замак славіўся і сваёй бібліятэкай у 10 тысяч кніг, якая знікла ў гады Першай сусветнай вайны.
3.Успомніць подзвіг партызан. У 1943—1944 гадах тут размяшчаўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, рэдакцыя і друкарня абласной падпольнай газеты. Сёння гэта музей пад адкрытым небам: драўляныя домікі, зямлянкі, калодзеж і «лясная школа».
Калісьці партызаны ды сувязныя дабіраліся сюды таемнымі хадамі па балоце, дзе крок убок азначаў смерць. Цяпер у лагер вядзе спецыяльны мост-насцíл, нават у дарослых гэта экскурсія выклікае буру эмоцый.
4.Адчуць гісторыю. Ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Польшчы і ЗША, генерал амерыканскай арміі Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў сціплым драўляным доміку. Радавое гняздо гэтай легендарнай асобы стала музеем і месцам паломніцтва аматараў айчыннай гісторыі. Воляй лёсу Косаўскі замак быў пабудаваны недалёка ад сядзібы Касцюшкі. Так два гістарычныя аб’екты аказаліся на адной турыстычнай сцежцы.
5.Зразумець, чаму Беларусь — сінявокая. Не пашкадуйце часу і дабярыцеся да мясцовых азёр — Выганашчанскага, Бабровіцкага і далей па карце. Палюбуйцеся па дарозе хараством канала Агінскага. На ўсё жыццёс запомніцца адпачынак на цудоўным пясчаным беразе сярод высокіх сосен. Можна яшчэ на досвітку парыбачыць або паблукаць у бязмежных навакольных лясах (Паводле Г. Маскаленкі).

Падбярыце сінонімы да выдзеленых слоў. Да 3-5 з іх запішыце сінанімічныя рады.
Выпішыце з тэксту складаназлучаны, складаназалежны з паслядоўным падпарадкаваннем і бяззлучнікавы сказы. Пабудуйце іх схемы.