*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Практыкаванне 20

Прачытайце прамову-споведзь «Ці спяваем мы дома разам?» Мэта прамовы: абудзіць цікавасць да праблемы мікраклімату ў сям’і, дапамагчы зразумець, што аб’ядноўвае або раз’ядноўвае членаў сям’і.
Вызначце кампазіцыйныя часткі прамовы. Якія прыёмы актывізацыі ўвагі выкарыстаны на розных этапах прамовы? Што вам спадабалася (не спадабалася) у прамове?

Ці спяваем мы дома разам? Мне здаецца, пытанне падразумявае нешта большае, чым сумеснае распяванне твораў.
Аднак я не стану шукаць гэты глыбокі падтэкст, адкажу на пытанне адразу: «Не, мы разам дома не спяваем. І паасобку таксама».
Мая маці не спявае, хоць спяваць любіць. Толькі ў яе не зусім добры слых. Як толькі яна спрабавала спяваць, мая бабуля, маміна маці, адразу ж перапыняла: «Куды ты вядзеш? Як гэта, каб не саўладаць са сваім голасам?» І мая маці замаўкала.
Мая́ бабуля таксама не спявае, хаця мáе і добры слых, і песень шмат ведае. Але яе жыццё прывучыла маўчаць. Спачатку ў вайну, калі яшчэ падлеткам працавала на шахце пад Тулай. Пасля праз замужжа апынулася ў нас на Беларусі і маўчала ў свякроўчынай хаце, бо не прыйшлася даспадобы новым сваякам. Тым больш, што свякроўка пару разоў заўважыла пры спробе заспяваць: «Рана, пташачка, запела…» І мая бабуля перастала спяваць. Ды і спяваць асабліва не было калі: свякроўка, а пазней і муж цяжка хварэлі.
А вось мой бацька не спявае, таму што не хоча. Калі б захацеў, то спяваў бы. Цэлы дзень спяваў бы. Такое з ім здараецца толькі ў вялікія святы, калі прыходзяць госці. Тады ён любіць сольныя працяглыя песні. А так звычайна мой бацька маўчыць.
Ёсць у нас яшчэ кошка. Яна спявае-мурлыкае ў двух выпадках: калі хоча есці і … з адзіноты.
Што да мяне, то, напэўна, праявілася спадчыннасць і асяродак, у якім я жыву. Спяваю рэдка, як наш бацька, звычайна на святах, у кампаніі. Напэўна, таму, што саромеюся, бо калі не чую спеваў пастаянна, то ўжо не магу іх успрымаць як натуральную з’яву (да таго ж, рэальна ацэньваю свае вакальныя здольнасці). А заспяваць мне часам вельмі хочацца. І … з адзіноты таксама.
Таму і мяркуйце самі, чаму мы не спяваем разам. Можа, проста не склалася наша сямейная песня… (Алена С.).

Адкажыце, чаму, на вашу думку, гэта сям’я не спявае разам? Чаму становіцца сумна пасля гэтай прамовы?
Якой вам бачыцца ваша ўласная сям’я ў будучым? Ці будзеце вы спяваць разам?