*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Практыкаванне 17

Прамова патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі і ўмення выступаць перад аўдыторыяй. Поспех выступлення ў многім залежыць ад таго, наколькі добра прамоўца ведае прадмет гаворкі, у якой ступені прамова прадуманая. Пазнаёмцеся з этапамі маўленчай дзейнасці пры планаванні публічнага выступлення. Якая інфармацыя з’яўляецца новай для вас?

1.Выбар тэмы прамовы. На гэтым этапе трэба ўлічваць свае веды па выбранай тэме, інтарэс да абранай тэматыкі, асабісты вопыт, актуальнасць будучай працы.
2.Вызначэнне мэты прамовы. Прамоўца, як правіла, ставіць за мэту: праінфармаваць, разгарнуць інфармацыю; пераканаць у пэўным сцвярджэнні, пазіцыі; заахвоціць, натхніць слухачоў да пэўнага дзеяння, рашэння.
3.Збор матэрыялу. Асноўнымі крыніцамі для падрыхтоўкі прамовы з’яўляюцца: навуковая і навукова-папулярная літаратура; лінгвістычныя і энцыклапедычныя слоўнікі, бібліяграфічныя даведнікі; мастацкая літаратура; артыкулы з часопісаў і газет; інтэрнэт-матэрыялы па праблеме; картатэка фактычнага матэрыялу.
4.Асэнсаванне і апрацоўка інфармацыі: размеркаванне зместу паводле мікратэм; вылучэнне асноўных думак, ідэй; класіфікацыя фактычнага матэрыялу; складанне плана выступлення; вызначэнне паслядоўнасці ў падачы інфармацыі.
5.Стварэнне пісьмовага тэксту: канчатковае афармленне выступлення, напаўненне зместава-структурных частак (уступу, асноўнай часткі, заключэння). Вопытны прамоўца можа задаволіцца складаннем падрабязнага плана і запісам ключавых слоў, тэзісаў, прыкладаў.
6.Рэпетыцыя, прагаворванне прамовы: карысна агучыць тэкст прамовы (пажадана перад слухачамі), акцэнтуючы ўвагу як на вербальным (славесным), так і на невербальным аспектах. Прасачыць адпаведнасць працягласці прамовы ўстаноўленаму рэгламенту. Падчас рэпетыцыі старайцеся не чытаць тэкст, а расказваць, прагаворваць яго. У канцы выступлення трэба падзякаваць аўдыторыі за ўвагу.
7.Рэфлексія: прааналізуйце, ці была дасягнута мэта выступлення. Параўнайце агýчаны варыянт прамовы з запланаваным. Растлумачце сабе прычыны разыходжанняў. Ацаніце ўласныя маўленчыя паводзіны з улікам названых пазіцый. Які вопыт публічных выступленняў вы набылí?