*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Практыкаванне 15

Падрыхтуйце групавы інфармацыйны праект на тэму «Маўленчы этыкет як паказчык культуры зносін».

Пры́кладны ход праекта:
1.Вывучыць літаратуру па тэме даследавання.
2.З дапамогай лінгвістычных даведнікаў дакладна акрэсліць асноўныя паняцці маўленчага этыкету (маўленчы этыкет, культура зносін, невербальныя (нямоўныя) сродкі этыкету, маўленчыя паводзіны, этыкетныя жэсты, маўленча-этыкетныя сітуацыі і інш.).
3.Даследаваць адлюстраванне формул маўленчага этыкету ў творах мастацкай літаратуры (на прыкладзе аднаго пісьменніка або твораў розных пісьменнікаў), стварыць картатэку ўжытых формул, раскласіфікаваць іх.
4.Правесці анкетаванне сярод аднакласнікаў (настаўнікаў, бацькоў) з мэтай выявіць адносіны да праблем маўленчага этыкету. Пытанні для анкеты могуць быць наступныя: Ці патрэбна захоўваць маўленчы этыкет? Ці крыўдзіць вас, калі незнаёмы чалавек звяртаецца да вас на «ты»? Ці бянтэжаць вас сітуацыі, калі дыктары радыё, тэлебачання, акцёры часам парушаюць арфаэпічныя нормы? Ці дапускаеце вы сітуацыю ўжывання ненарматыўнай лексікі? Ці неабходна цэнзура перыядычных выданняў (у тым ліку інтэрнэт-матэрыялаў)? Ці патрэбны, на вашу думку, закон аб маўленчым этыкеце?
5.Прааналізаваць вынікі апытвання і аформіць іх у выглядзе дыяграм.
6.Засяродзіць увагу на нацыянальнай спецыфіцы маўленчага этыкету.
7.Сістэматызаваць матэрыял, сфармуляваць вывады даследавання.
8.Падрыхтаваць прэзентацыю праекта.
9.Абмеркаваць варыянты прадстаўлення выніковага прадукту праектнай дзейнасці: напрыклад, размяшчэнне вынікаў даследавання на web-сайце ўстановы адукацыі; фотакалаж (відэаролік, буклет) паводле вынікаў праекта; памятка на тэму «Маўленчы этыкет — люстэрка культуры асобы»; законапраект «Аб няўхільным і абавязковым выкарыстанні грамадзянамі формул маўленчага этыкету»; мультымедыйны пакет рэкамендацый; рэкламны ролік; выступленне на школьнай канферэнцыі; даведнік па культуры маўлення; слоўнік маўленчых формул; параўнальна-супастаўляльны аналіз маўленчых формул у беларускай і замежных мовах; раздзел да школьнага падручніка па даследаванай тэме і г. д.
10.Аформіць работу, указаць выкарыстаныя крыніцы.

Узор афармлення спіса:

Выкарыстаныя крыніцы
1.Малажай, Г. М. Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы: дапаможнік для навучэнцаў / Г. М. Малажай, Л. І. Яўдошына. — Мінск : Аверсэв, 2013. — 478 с.
2.Валочка, Г. М. На ніве беларускай методыкі : да 80-годдзя з дня нарадж. Васіля Протчанкі / Г. М. Валочка // Роднае слова. — 2010. — № 4. — С. 76—77.
3.Международный день счастья 20 марта Электронный ресурс // Организация Объединённых Наций. — Режим доступа : http://www.un.org/ru/ events / happinessday. — Дата доступа : 22.01.2021.