*§ 2-9. Інфармацыйная, пераканальная, пабуджальная прамова

Практыкаванне 12

Якія асацыяцыі ў вас выклікае слова экзамен? Успомніце, якія цяжкасці вы перажывалі ў час падрыхтоўкі, адказу. Падзяліцеся, як вы пераадольвалі трывогу, хваляванне. Ці падобны ваш псіхалагічны стан перад экзаменам да героя з фотаздымка? Пазнаёмцеся з патрабаваннямі да вуснага адказу. 

1.Адпаведнасць адказу сфармуляванаму пытанню.
2.Змястоўнасць і глыбіня адказу.
3.Належны тэарэтычны ўзровень адказу: разуменне асноўных праблем, уменне аналізаваць факты, рабіць лагічныя вывады.
4.Веданне тэрмінаў, дакладнасць інфармацыі, адсутнасць фактычных памылак.
5.Кампазіцыйная выразнасць, паслядоўнасць, лагічнасць, аргументаванасць адказу.
6.Пісьменнае, дакладнае і выразнае маўленне.

Выкарыстоўваючы змест патрабаванняў, аформіце іх як складаныя сказы.

У з о р: Атрымаць на экзамене 10 балаў можна пры ўмове, што адказ поўнасцю адпавядае фармулёўцы пытання (складаназалежны сказ).
Настаўніца была ў захапленні: адказ Андрэя цалкам адпавядаў сфармуляванаму пытанню (бяззлучнікавы сказ).

Улічваючы ўласны вопыт, раскажыце, якія з названых крытэрыяў для вас з’яўляюцца праблемнымі.