*§ 2-8. Вуснае маналагічнае маўленне. Структура маналагічнага маўлення, стылістычныя асаблівасці і сродкі маўленчай выразнасці розных відаў маналагічнага маўлення

Практыкаванне 9

Прачытайце тэкст. Дайце яму назву.

Чаму правілы пунктуацыі абавязковыя для ўсіх? Навошта іх вывучаць у школе?

Валодаючы асновамі пунктуацыі, аўтар можа дакладна выказаць свае думкі, перадаць найтанчэйшыя сэнсавыя адценні. Чытач, у сваю чаргу, здолее правільна зразумець тэкст. Пунктуацыя служыць узаемаразуменню. Ад правільнага разумення тэкстаў (ад тэксту дзяржаўнага закона да тэксту прывáтнага пісьма) залежыць вельмі многае: праца розных устаноў, адносіны паміж людзьмі, іх паводзіны, настрой, здароўе, а часам нават жыццё (прыгадаем агульнавядомае пакараць нельга памілаваць, дапамагчы нельга прайсці міма) (Абаронца пунктуацыі).

Якую праблему ўздымае аўтар тэксту?
Вызначце тып тэксту, назавіце яго структурна-сэнсавыя часткі.
Ці з’яўляюцца аргументы слушнымі, пераканаўчымі?
Якія прыклады можна прывесці, каб падмацаваць, узмацніць аргументы?
Пісьмова адкажыце на пытанні, сфармуляваныя ў тэксце.
Як вядома, на любую праблему ў суразмоўцаў могуць быць розныя погляды. Уявіце сябе ў ролі бескампраміснага праціўніка знакаў прыпынку. Абгрунтуйце сваю пазіцыю ў форме тэксту-разважання: тэзіс (ведаць правілы пунктуацыі неабавязкова) — аргументы — вывад (не трэба абцяжарваць сваю памяць непатрэбнымі правіламі).