*§ 2-8. Вуснае маналагічнае маўленне. Структура маналагічнага маўлення, стылістычныя асаблівасці і сродкі маўленчай выразнасці розных відаў маналагічнага маўлення
Вуснае маналагічнае маўленне
Вуснае маналагічнае маўленне — разгорнутае выказванне на пэўную тэму, арыентаванае на слухачоў (рэальных або патэнцыяльных). Разнавіднасцю маналагічнага маўлення з’яўляецца ўнутраны маналог, звернуты да самога сябе. Маналагічнаму маўленню ўласцівы сродкі дыялагізацыі (рытарычныя пытанні, пытанні-адказы, звароты да аўдыторыі, разлічаныя на ўзаемадзеянне выступоўцы і слухачоў). Вуснае маналагічнае маўленне асобы характарызуецца наступнымі ўменнямі: •лагічна, звязна і паслядоўна выказваць думкі, афармляць іх у зразумелай, дакладнай і вырáзнай форме; •вызначаць змест, структуру і моўныя сродкі выказвання; •прымяняць інтанацыйныя сродкі афармлення маналагічнага выказвання (тон, тэмп маўлення, лагічныя і псіхалагічныя паўзы); •адэкватна выкарыстоўваць міміку і жэсты. Паводле мэты выказвання і стылістычных асаблівасцей вылучаюць наступныя віды маналагічнага маўлення: •інфармацыйны маналог служыць для перадачы інфармацыі, апісання фактаў, з’яў, падзей. Да гэтага віду маўлення адносяцца: вучэбныя лекцыі, прэзентацыі, даклады; •пераканальны маналог падразумявае рэакцыю слухачоў на выступленне (віншаванні, наказы, урачыстыя прамовы); •пабуджальны маналог скіраваны на тое, каб сагітаваць, запрасіць на экскурсію, паездку, паход у тэатр, на выстаўку, сустрэчу.