Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-8. Вуснае маналагічнае маўленне. Структура маналагічнага маўлення, стылістычныя асаблівасці і сродкі маўленчай выразнасці розных відаў маналагічнага маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-8. Вуснае маналагічнае маўленне. Структура маналагічнага маўлення, стылістычныя асаблівасці і сродкі маўленчай выразнасці розных відаў маналагічнага маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 04:22

Вуснае маналагічнае маўленне

Вуснае маналагічнае маўленне — разгорнутае выказванне на пэўную тэму, арыентаванае на слухачоў (рэальных або патэнцыяльных). Разнавіднасцю маналагічнага маўлення з’яўляецца ўнутраны маналог, звернуты да самога сябе. Маналагічнаму маўленню ўласцівы сродкі дыялагізацыі (рытарычныя пытанні, пытанні-адказы, звароты да аўдыторыі, разлічаныя на ўзаемадзеянне выступоўцы і слухачоў).
Вуснае маналагічнае маўленне асобы характарызуецца наступнымі ўменнямі:
•лагічна, звязна і паслядоўна выказваць думкі, афармляць іх у зразумелай, дакладнай і вырáзнай форме;
•вызначаць змест, структуру і моўныя сродкі выказвання;
•прымяняць інтанацыйныя сродкі афармлення маналагічнага выказвання (тон, тэмп маўлення, лагічныя і псіхалагічныя паўзы);
•адэкватна выкарыстоўваць міміку і жэсты.
Паводле мэты выказвання і стылістычных асаблівасцей вылучаюць наступныя віды маналагічнага маўлення:
інфармацыйны маналог служыць для перадачы інфармацыі, апісання фактаў, з’яў, падзей. Да гэтага віду маўлення адносяцца: вучэбныя лекцыі, прэзентацыі, даклады;
пераканальны маналог падразумявае рэакцыю слухачоў на выступленне (віншаванні, наказы, урачыстыя прамовы);
пабуджальны маналог скіраваны на тое, каб сагітаваць, запрасіць на экскурсію, паездку, паход у тэатр, на выстаўку, сустрэчу.

Практыкаванне 6

Знайдзіце агульнае і адрознае ў словах маналог, дыялог і палілог, запішыце значэнне кожнага.

Грэч. logos — слова, паняцце; monos — адзін; dialogos — размова, гутарка; polys — шматлікі.

Растлумачце, чым палілог адрозніваецца ад дыялогу.

Практыкаванне 7

Ведаючы значэнне грэчаскіх каранёў logos, monos, dia (dialogos), polys, акрэсліце змест наступных слоў.

У з о р: монаспектакль — спектакль, у якім удзельнічае адзін акцёр.

Манаграфія, монакультура, манаграма, маналітны, манатонны, манагамны, манатыпны, манаполія.
Полівітаміны, паліглот, паліклініка, палімеры, полісемантычны, політэхнічны, поліфанíя, палігрáфія.

Практыкаванне 8

 Прачытайце тэкст. Выпішыце ключавыя словы, складзіце план, сцісла раскажыце пра адрозненне вуснага і пісьмовага маўлення.

Вусным называецца маўленне, не замацаванае пісьмова (фальклорны твор, публічная прамова, вуснае выказванне і інш.). У якасці вуснага можа выступаць агучаны тэкст, які першапачаткова быў падрыхтаваны ў пісьмовай форме. Такі тэкст адлюстроўвае лексічныя, граматычныя ўласцівасці пісьмовай формы, аднак захоўвае рытміка-інтанацыйныя асаблівасці вуснага маўлення.
Пісьмовае — гэта маўленне, зафіксаванае ў графічным выглядзе. Прыметы пісьмовага маўлення выяўляюцца ў параўнанні з вусным:
а) пісьмовае і вуснае маўленне адрозніваюцца формай рэалізацыі. Вуснае маўленне падпарадкоўваецца арфаэпічным і інтанацыйным нормам. Пісьмовае маўленне адпавядае арфаграфічным і пунктуацыйным правілам;
б) пісьмовае і вуснае маўленне розняцца характарам адрасата. Вуснае маўленне арыентавана на рэальнага субяседніка, карэкціруецца паводзінамі аўдыторыі. Рэплікі слухачоў, іх усмешкі, міміка могуць уплываць на змест і манеру выступлення. Пісьмовае маўленне разлічана на патэнцыяльнага чытача;
в) пісьмовае і вуснае маўленне адметныя паводле працэсу падрыхтоўкі. Вуснае маўленне часта ўзнікае спантанна, аўтар адначасова прадумвае яго змест і форму. Пісьмовае маўленне стварае ўмовы для дадатковых правак, рэдагавання. Аўтар мае магчымасць удасканальваць напісанае, змяняць, паляпшаць яго;
г) вуснае і пісьмовае маўленне адрозныя паводле моўнага афармлення. У пісьмовым маўленні пераважаюць кніжная лексіка, ускладненыя і складаныя сказы. У параўнанні з вусным маўленнем пісьмовае мае больш багаты лексічны састаў, шматпланавую структурную арганізацыю.

Якая мэта аўтара тэксту? Якім чынам аўтар «аблягчае» ўспрыманне тэксту чытачом?
Запішыце слоўнікавыя артыкулы да слоў пíсьменнасць і пісьмéннасць.

Практыкаванне 9

Прачытайце тэкст. Дайце яму назву.

Чаму правілы пунктуацыі абавязковыя для ўсіх? Навошта іх вывучаць у школе?

Валодаючы асновамі пунктуацыі, аўтар можа дакладна выказаць свае думкі, перадаць найтанчэйшыя сэнсавыя адценні. Чытач, у сваю чаргу, здолее правільна зразумець тэкст. Пунктуацыя служыць узаемаразуменню. Ад правільнага разумення тэкстаў (ад тэксту дзяржаўнага закона да тэксту прывáтнага пісьма) залежыць вельмі многае: праца розных устаноў, адносіны паміж людзьмі, іх паводзіны, настрой, здароўе, а часам нават жыццё (прыгадаем агульнавядомае пакараць нельга памілаваць, дапамагчы нельга прайсці міма) (Абаронца пунктуацыі).

Якую праблему ўздымае аўтар тэксту?
Вызначце тып тэксту, назавіце яго структурна-сэнсавыя часткі.
Ці з’яўляюцца аргументы слушнымі, пераканаўчымі?
Якія прыклады можна прывесці, каб падмацаваць, узмацніць аргументы?
Пісьмова адкажыце на пытанні, сфармуляваныя ў тэксце.
Як вядома, на любую праблему ў суразмоўцаў могуць быць розныя погляды. Уявіце сябе ў ролі бескампраміснага праціўніка знакаў прыпынку. Абгрунтуйце сваю пазіцыю ў форме тэксту-разважання: тэзіс (ведаць правілы пунктуацыі неабавязкова) — аргументы — вывад (не трэба абцяжарваць сваю памяць непатрэбнымі правіламі).

Практыкаванне 10

Прадоўжыце выказванні.

Дыялог будзе эфектыўным, калі я:
•стараюся зразумець субяседніка, а менавіта: … ;
•не парушаю этычныя і этыкетныя нормы зносін: …;
• … .
Дыялог не можа быць эфектыўным, калі я:
•не слухаю субяседніка, а думаю пра свае праблемы;
•не давяраю свайму субяседніку;
•раздражнёны;
•… ;
•… .

Прадоўжыце дыялог-разважанне.

— У душы кожнага чалавека жыве вера ў дабрыню, у прыгажосць чалавечых узаемаадносін, імкненне да ідэалу.
— Дасягнуць ідэалу немагчыма, паколькі...
— Так, відаць, немагчыма, але...
— …