*§ 2-8. Вуснае маналагічнае маўленне. Структура маналагічнага маўлення, стылістычныя асаблівасці і сродкі маўленчай выразнасці розных відаў маналагічнага маўлення

Практыкаванне 8

 Прачытайце тэкст. Выпішыце ключавыя словы, складзіце план, сцісла раскажыце пра адрозненне вуснага і пісьмовага маўлення.

Вусным называецца маўленне, не замацаванае пісьмова (фальклорны твор, публічная прамова, вуснае выказванне і інш.). У якасці вуснага можа выступаць агучаны тэкст, які першапачаткова быў падрыхтаваны ў пісьмовай форме. Такі тэкст адлюстроўвае лексічныя, граматычныя ўласцівасці пісьмовай формы, аднак захоўвае рытміка-інтанацыйныя асаблівасці вуснага маўлення.
Пісьмовае — гэта маўленне, зафіксаванае ў графічным выглядзе. Прыметы пісьмовага маўлення выяўляюцца ў параўнанні з вусным:
а) пісьмовае і вуснае маўленне адрозніваюцца формай рэалізацыі. Вуснае маўленне падпарадкоўваецца арфаэпічным і інтанацыйным нормам. Пісьмовае маўленне адпавядае арфаграфічным і пунктуацыйным правілам;
б) пісьмовае і вуснае маўленне розняцца характарам адрасата. Вуснае маўленне арыентавана на рэальнага субяседніка, карэкціруецца паводзінамі аўдыторыі. Рэплікі слухачоў, іх усмешкі, міміка могуць уплываць на змест і манеру выступлення. Пісьмовае маўленне разлічана на патэнцыяльнага чытача;
в) пісьмовае і вуснае маўленне адметныя паводле працэсу падрыхтоўкі. Вуснае маўленне часта ўзнікае спантанна, аўтар адначасова прадумвае яго змест і форму. Пісьмовае маўленне стварае ўмовы для дадатковых правак, рэдагавання. Аўтар мае магчымасць удасканальваць напісанае, змяняць, паляпшаць яго;
г) вуснае і пісьмовае маўленне адрозныя паводле моўнага афармлення. У пісьмовым маўленні пераважаюць кніжная лексіка, ускладненыя і складаныя сказы. У параўнанні з вусным маўленнем пісьмовае мае больш багаты лексічны састаў, шматпланавую структурную арганізацыю.

Якая мэта аўтара тэксту? Якім чынам аўтар «аблягчае» ўспрыманне тэксту чытачом?
Запішыце слоўнікавыя артыкулы да слоў пíсьменнасць і пісьмéннасць.