*§ 2-7. Умовы і правілы маўленчых паводзін. Правілы і асноўныя сродкі арганізацыі эфектыўных маўленчых зносін. Маўленчы этыкет

Практыкаванне 5

Прачытайце казку «Жораў і Чапля». Прааналізуйце, якія формулы і элементы маўленчага этыкету адлюстраваны ў творы. Як вы на аснове казкі растлумачылі б маленькім чытачам, чаму трэба быць ветлівымі?

Жораў і Чапля

Жылі сабе па абодвух канцах балота Журавель і Чапля. Стала ім надта маркотна. Уздýмаў Журавель да Чаплі ў свáты ісці. Ціпяхý-ліпяхý сем вёрст па махý, праз бор ды ў чаплінм двор.
— Як маешсяф, Чапля?
— Здароў, Журавель.
— Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?
— А твае ногі доўгі, пер’е каротка, дужа ты брыдкі. Ідзі сабе, дзе жыў.
Журавель перабраўся зноў праз балота дый прыйшоў у свой двор.
Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, — думае, — пайду да яго і перапрашу». Ціпяхý-ліпяхý сем вёрст па махý, праз бор ды ў жураўлёў двор.
— Здароў, Журавель.
— Як маешся, Чапля?
— Вазьмі мяне замуж за сябе.
— Твая шыя доўга, і сіняя, і крывая, і сама ты гарбатая. Такой ты мне не патрэбна.
Хаця было і сорамна, аднак Чапля пацягнулася праз бор назад у свой двор. Шкада стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную замуж. Зноў пайшоў ён той самаю дарогаю: ціпяхý-ліпяхý сем вёрст па махý.
Так цэлы век свой і сваталіся яны. Так на абодвух баках балота і засталіся іх хаты (Паводле Цёткі).

Растлумачце значэнне выдзеленага выразу.
Выпішыце з тэксту прыналежны прыметнік, раскажыце пра асаблівасці яго ўтварэння.
Выпішыце з тэксту прыметнікі ў кароткай форме, пракаменціруйце асаблівасці іх ужывання ў беларускай мове.
Разыграйце дыялог паміж Жураўлём і Чапляй на сучасны лад з выкарыстаннем формул маўленчага этыкету.
Інтэрнэт спараджае новы від зносін, якія характарызуюцца ананімнасцю, поліадрасаванасцю, інтэрактыўнасцю. Як вядома, правілы маўленчых паводзін у інтэрнэце засвойваюцца на перайманні чужых стэрэатыпаў або на аснове ўласнага вопыту.
Раскажыце пра свой эталон паводзін у інтэрнэце. Сфармулюйце правілы маўленчых зносін для карыстальнікаў сеціва. Пажадана ў фармулёўках даць адказы на наступныя пытанні: Якія памылкі ў маўленні ўплываюць на эфектыўнасць зносін у інтэрнэт-асяроддзі? Ці дапускаеце вы наўмысныя, «спецыяльныя» памылкі? Ці змагаецеся вы з непісьменнасцю ў інтэрнэце? Якімі спосабамі? Ці робіце заўвагі партнёрам па камунікацыі? У якой форме? Як рэагуеце на заўвагі, выказаныя ў ваш адрас? Ці з’яўляецеся вы прыхільнікам «свабоды» ў маўленчых адносінах?