*§ 2-7. Умовы і правілы маўленчых паводзін. Правілы і асноўныя сродкі арганізацыі эфектыўных маўленчых зносін. Маўленчы этыкет

Маўленчы этыкет

Маўленчы этыкет — сістэма правіл, якія рэгулююць нашы паводзіны так, як таго патрабуе агульначалавечая культура, выхаванасць, сацыяльнае асяроддзе. Маўленчы этыкет складаецца з правіл ветлівасці, стандартных формул маўлення, што дапамагаюць наладзіць узаемаразуменне паміж субяседнікамі, прадэманстраваць добразычлівыя намеры, зацікаўленасць у зносінах.
Элементы і формулы маўленчага этыкету могуць быць рэалізаваны на розных моўных узроўнях:
лексічным: спецыяльныя «ветлівыя» словы і формулы: прабачце мне, зрабіце ласку, будзьце ласкавы, не клапаціцеся, прашу Вас і інш.;
граматычным: замест нейтральных, загадных, катэгарычных форм выкарыстоўваюцца ветлівыя звароты, пытальныя сказы. Напрыклад, прамое пытанне Дзе вуліца Багдановіча? можна сфармуляваць як ветлівую, далікатную просьбу: Вы не падкажаце, як прайсці? Вы не дапаможаце мне? Будзьце ласкавы, дапамажыце! Ці можна Вас папрасіць? Зрабіце ласку, дапамажыце мне! Ці не маглі б Вы мне дапамагчы? і інш.;
стылістычным: захаванне асноўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, выразнасць);
інтанацыйным: выкарыстанне спакойнай, добразычлівай інтанацыі нават пры незадаволенасці, раздражненні, нервовасці субяседніка;
камунікатыўным: праяўленне стрыманасці, ветлівасці, уменне выслухаць субяседніка ўважліва, не перабіваючы, цярпліва.