*§ 2-7. Умовы і правілы маўленчых паводзін. Правілы і асноўныя сродкі арганізацыі эфектыўных маўленчых зносін. Маўленчы этыкет

Практыкаванне 1

Прачытайце. Растлумачце значэнне выдзеленых слоў. Адкажыце на пытанне, сфармуляванае ў загалоўку.

Ці зможа Беларусь стаць другім Сінгапурам?

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» скіраваны на развіццё Парка высокіх тэхналогій (ПВТ), інавацыйнай сферы і пабудовы сучаснай лічбавай эканомікі ў краіне. Сёння IT-сектар становіцца самай выгаднай галіной эканомікі, а яе будаўніцтва ў многіх краінах лічыцца прыярытэтным напрамкам. Беларусь мае рэальныя шанцы стаць пляцоўкай для развіцця высокатэхналагічнага бізнесу.
Тыя, хто пачынаў раней, сёння служаць прыкладам. Сінгапур — горад-дзяржава плошчай каля 720 квадратных кіламетраў. Штогод тут ствараюць прыкладна 2,5 тысячы стартапаў, выкарыстоўваючы больш за 1 мільярд долараў інвестыцый. Рэалізуецца праграма «Разумная нацыя»: краіна выступае пляцоўкай для тэсціравання новых тэхналогій.
Генеральны дырэктар групы кампаній «БелХард» лічыць, што Беларусь знаходзіцца на цікавым этапе:
— У Беларусі актыўна развіваюцца IT-кампаніі, якія сталі займаць сваю нішу на сусветным рынку. Патэнцыял у нас надзвычай вялікі. Нам трэба стаць пляцоўкай, дзе будуць праходзіць тэсціраванне не толькі айчынныя, але і сусветныя стартапы. І мы да гэтага ідзём (Паводле В. Гаўрушавай).

Прааналізуйце тэкст з улікам стылістычных, лагічных і вобразных характарыстык (карыстайцеся даведкай).
Назавіце ў тэксце просты няўскладнены, просты ўскладнены, складаназлучаны, складаназалежны і бяззлучнікавы сказы.

Д л я  д а в е д к і
Стылістычныя характарыстыкі тэксту:
гутарковы — неафіцыйны, непадрыхтаваны, эмацыянальны, вобразны;
мастацкі — вобразны, эстэтычны, экспрэсіўны, эмацыянальны, спалучае элементы ўсіх стыляў;
публіцыстычны — экспрэсіўны, ацэначны, лаканічны;
навуковы — лагічны, дакладны, паслядоўны, аб’ектыўны, абстрактны;
афіцыйны — дакладны, сціслы, стандартызаваны, нейтральны, лагічны.
Лагічныя характарыстыкі тэксту:
канкрэтны — абстрактны, канстатавальны — праблемны, лаканічны — шматслоўны, паслядоўны — непаслядоўны, лагічны — нелагічны.
Вобразныя характарыстыкі тэксту:
Нейтральны — вобразны, эмацыянальны — неэмацыянальны, экспрэсіўны — неэкспрэсіўны, ацэначны — безацэначны, неацэначны.

З дапамогай інтэрнэт-матэрыялаў падрыхтуйце паведамленне пра этапы развіцця Парка высокіх тэхналогій, на сайце ПВТ пазнаёмцеся з дадаткамі ў катэгорыі «Адукацыя».