*§ 2-6. Стылістычны аналіз тэксту. Стылістычныя нормы. Памылкі, выкліканыя парушэннем стылістычных норм

Стылістычныя нормы і стылістычныя памылкі

Стылістычныя нормы — гэта складзеныя гістарычна і заканамерна развітыя агульнапрынятыя рэалізацыі стылістычных магчымасцей, абумоўленыя мэтамі, задачамі і зместам маўлення пэўнай сферы зносін; гэта правілы найбольш мэтазгодных у кожнай сферы зносін рэалізацый прынцыпаў адбору і спалучэння моўных сродкаў, што ствараюць пэўную стылістычна-маўленчую арганізацыю.
Моўныя адзінкі функцыянуюць у пэўных стылях, пры гэтым многія з такіх адзінак трывала замацаваліся за адпаведнымі стылямі і служаць іх прыметай. Замацаванасць моўных адзінак (марфем, слоў, фразеалагізмаў, марфалагічных форм, сінтаксічных канструкцый) за пэўнай стылёвай сістэмай стварае іх стылістычную афарбоўку. Нематываванае ўжыванне ў тэксце слоў іншай стылістычнай афарбоўкі выклікае стылістычныя памылкі.
Стылістычныя памылкі — гэта памылкі, звязаныя з парушэннем норм функцыянальных стыляў, г. зн. з ужываннем у адным стылі моўных сродкаў, тыповых для іншага стылю.
Стылістычна нарматыўным выступае тое, што з’яўляецца стылістычна дарэчным для пэўнай сферы зносін, функцыянальнага стылю, жанру. Напрыклад, выкарыстанне ў размоўна-гутарковым маўленні гутарковых, прастамоўных слоў, дыялектнай лексікі або жарганізмаў суадносіцца са стылістычнай нормай гэтай функцыянальна-стылістычнай разнавіднасці. Стылістычным нормам афіцыйнага дакумента адпавядае выкарыстанне ў ім тэрміналагічнай лексікі, штампаў, кніжнай лексікі. З другога боку, парушэннем стылістычнай нормы навуковага тэксту можна лічыць ужыванне ў ім вобразных сродкаў мовы, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі.
Каб пазбегнуць стылістычных памылак, варта адбіраць словы і канструкцыі ў адпаведнасці з выбраным стылем, асабліва ў пісьмовым маўленні.