Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-6. Стылістычны аналіз тэксту. Стылістычныя нормы. Памылкі, выкліканыя парушэннем стылістычных норм

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-6. Стылістычны аналіз тэксту. Стылістычныя нормы. Памылкі, выкліканыя парушэннем стылістычных норм
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 22:47

Практыкаванне 21-1

Прачытайце тэксты і ўзоры іх стылістычнага аналізу. Ахарактарызуйце паслядоўнасць аналізу тэкстаў.

І. Лексіка (ад грэч. lexikos — слоўнікавы) — сукупнасць усіх слоў якой-небудзь мовы або дыялогу. Лексікай называюць яшчэ кожны стылістычны пласт слоўнікавага складу мовы (напрыклад, нейтральная лексіка, размоўная лексіка, абстрактная лексіка), а таксама сукупнасць слоў, што ўжываюцца ў пэўнай сферы дзейнасці чалавека (напрыклад, ваенная лексіка, ганчарная лексіка) або выкарыстаны аўтарам у якім-небудзь творы (напрыклад, лексіка паэмы Я. Коласа «Новая зямля»). Лексіка бесперапынна змяняецца, папаўняючыся новымі словамі і трацячы пэўную колькасць устарэлых. Храналагічна адрозніваюць сучасную і гістарычную (архаічную) лексіку. Паводле паходжання лексіка падзяляецца на ўласную, запазычаную з іншых моў і інтэрнацыянальную — агульную для многіх моў (БелЭн).

Выпішыце з тэксту лінгвістычныя тэрміны. Раскрыйце іх сэнс.

Аналіз навуковага тэксту

Тэкст належыць да навуковага стылю. Мэтай яго з’яўляецца паведаміць дакладныя звесткі, якія маюць навуковае значэнне. У тэксце рэалізаваны асноўныя рысы навуковага маўлення: аб’ектыўнасць, абагульненасць, абстрактнасць. Выказванню ўласцівы строгі лаканізм у падачы лінгвістычных звестак, інфармацыйная насычанасць.
У прыведзеным тэксце шмат тэрмінаў з канкрэтнай галіны навукі — мовазнаўства: лексіка, дыялект, стылістычны пласт, слоўнікавы склад і інш. Ужываюцца словы з адцягненым значэннем: сукупнасць, колькасць, дзейнасць. Увогуле пераважае лексіка, характэрная для кніжнай мовы. У артыкуле прыведзены класіфікацыі паводле розных прынцыпаў, таму вылучана некалькі груп аднародных членаў: нейтральная, размоўная, абстрактная лексіка; сучасная, гістарычная (архаічная) лексіка і інш. Для выкладу характэрны паслядоўнасць (ад агульнага — да прыватнага), лагічнасць. Форма выказніка (3-я асоба множнага ліку — называюць, адрозніваюць) паказвае на аб'ектыўны характар звестак. Тэкст пазбаўлены эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі, словы ўжыты ў прамым значэнні (Паводле А. Каўруса).
ІІ.                                                                                                                            Летапісец
Ён быў геніяльны паэт. Яго звалі Максім Багдановіч. Усё жыццё ён думаў пра Беларусь, пра людзей, піянерам ішоў праз нетры, прасякаючы шлях, церабіў зараснікі дрымоты, адольваў гнілыя дрэвы хлуслівых аўтарытэтаў, каб яны не п́адалі на галаву Чалавеку.
Ён працаваў натхнёна, нават катаржна. Можа, таму і падарваўся. І адышоў, не пакінуўшы нам суцяшэння. І здаецца ён нам чымсьці далёкім (хаця і давеку блізкі), чымсьці такім, што даўно адышло ў небыццё (хаця грэе нас нязгасным праменнем бясспрэчнай геніяльнасці).
Якая прычына, што Багдановіч застаецца ледзь не самай сімпатычнай і роднай постаццю ў гісторыі літаратуры?
Па-першае, ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй: яны былі сузор’ем. Ён — самотнай зоркай, якая, вядома, бачыла святло ад вялікай галактыкі свайго народа.
Па-другое, гэты чалавек не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў свайго сумлення да згоды.
Па-трэцяе, ён пацвярджаў годнасць людскую, клікаў да міласэрнасці і на гэтай дарозе адступленняў не ведаў.
Па-чацвёртае, быў наскрозь гістарычным паэтам, абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар. За многія дзесяцігоддзі бяспраўя з людзей выбівалі памяць. Здавалася, маўчалі вякі, здавалася, у нас не было мінулага, а значыць, не было акрэсленай будучыні.
І вось з’яўляецца юнак і, падобна летапісцу з уласнага верша, раптам напамінае: «Падымі галаву! За табою — продкі! За табою — веліч! За табою — барацьба! Ты не бязбацькавіч! У цябе ёсць продкі, якімі трэба ганарыцца, і будуць легендарныя нашчадкі!» (Паводле У. Караткевіча).

У якім значэнні ўжыта слова піянер у тэксце?
Выпішыце сказы, ускладненыя адасобленымі акалічнасцямі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

Аналіз публіцыстычнага тэксту

Тэкст належыць да публіцыстычнага стылю. Яго мэта — вобразная, ацэначная перадача дакладнай інфармацыі з мэтай эмацыянальнага ўздзеяння на чытача. Тэкст увасабляе ўзор твора, у якім спалучаюцца лагічнасць, доказнасць і эмацыянальнасць, вобразнасць. Характэрнымі асаблівасцямі тэксту з’яўляюцца аўтарская стрыманасць, натхнёнасць і пераканальнасць тэзісаў-палажэнняў, што раскрываюць бясспрэчную геніяльнасць Багдановіча (гэтаму спрыяе прыведзеная сістэма доказаў, аформленых з дапамогай слоў па-першае, па-другое, па-трэцяе, па-чацвёртае).
З мэтай аказаць уздзеянне на розум і пачуцці чытача ў тэксце задзейнічаны разнастайныя пласты лексікі: тэрміны літаратуразнаўства і мастацтва (паэт, верш, гісторыя літаратуры, гістарычнае мысленне); агульналітаратурныя словы (аўтарытэт, Чалавек, асоба, геніяльнасць, постаць, сузор’е, зорка, галактыка, годнасць, памяць, кампраміс).
У тэксце актыўна выкарыстоўваюцца сродкі маўленчай выразнасці: мастацкія азначэнні (хлуслівыя аўтарытэты, сімпатычная постаць у літаратуры, самотная зорка, гістарычны паэт), інверсійны (адваротны) парадак слоў. Тэксту ўласцівы шматлікія словы з пераносным значэннем, нязбітыя метафарычныя спалучэнні, што дэманструюць арыгінальнасць мыслення і самабытнасць слова вялікага паэта (летапісец, бязбацькавіч, церабіць зараснікі дрымоты, піянерам ішоў, святло галактыкі свайго народа, выбіць памяць).
Сінтаксічны лад тэксту вызначаецца разнастайнасцю: апавядальныя і пытальныя сказы, рытарычныя пытанні, складаныя сказы рознай будовы. Паўната, гама пачуццяў пацверджана разгалінаванай сістэмай знакаў прыпынку.
Тэкст падаецца ў форме разважання, у якім пераплецены лагічныя і эмацыянальныя сродкі ўздзеяння на адрасата. Паводле формы тэкст маналагічны, аднак па сутнасці аўтар імкнецца да зваротнай рэакцыі, дыялогу з чытачом, няхай і апасродкаванага.

Практыкаванне 21-2

Самастойна падбярыце тэкст і зрабіце яго стылістычны аналіз па наступнай схеме.

1.Стыль, да якога належыць тэкст.
2.Мэта тэксту адпаведнага стылю.
3.Сфера выкарыстання.
4.Асноўныя стылёвыя рысы.
5.Форма зносін (вусная/пісьмовая, маналагічная/дыялагічная).
6.Характэрныя моўныя сродкі:
   а)лексічныя асаблівасці стылю;
   б)марфалагічныя прыметы;
   в)адметнасць сінтаксічных сродкаў.

Стылістычныя нормы і стылістычныя памылкі

Стылістычныя нормы — гэта складзеныя гістарычна і заканамерна развітыя агульнапрынятыя рэалізацыі стылістычных магчымасцей, абумоўленыя мэтамі, задачамі і зместам маўлення пэўнай сферы зносін; гэта правілы найбольш мэтазгодных у кожнай сферы зносін рэалізацый прынцыпаў адбору і спалучэння моўных сродкаў, што ствараюць пэўную стылістычна-маўленчую арганізацыю.
Моўныя адзінкі функцыянуюць у пэўных стылях, пры гэтым многія з такіх адзінак трывала замацаваліся за адпаведнымі стылямі і служаць іх прыметай. Замацаванасць моўных адзінак (марфем, слоў, фразеалагізмаў, марфалагічных форм, сінтаксічных канструкцый) за пэўнай стылёвай сістэмай стварае іх стылістычную афарбоўку. Нематываванае ўжыванне ў тэксце слоў іншай стылістычнай афарбоўкі выклікае стылістычныя памылкі.
Стылістычныя памылкі — гэта памылкі, звязаныя з парушэннем норм функцыянальных стыляў, г. зн. з ужываннем у адным стылі моўных сродкаў, тыповых для іншага стылю.
Стылістычна нарматыўным выступае тое, што з’яўляецца стылістычна дарэчным для пэўнай сферы зносін, функцыянальнага стылю, жанру. Напрыклад, выкарыстанне ў размоўна-гутарковым маўленні гутарковых, прастамоўных слоў, дыялектнай лексікі або жарганізмаў суадносіцца са стылістычнай нормай гэтай функцыянальна-стылістычнай разнавіднасці. Стылістычным нормам афіцыйнага дакумента адпавядае выкарыстанне ў ім тэрміналагічнай лексікі, штампаў, кніжнай лексікі. З другога боку, парушэннем стылістычнай нормы навуковага тэксту можна лічыць ужыванне ў ім вобразных сродкаў мовы, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі.
Каб пазбегнуць стылістычных памылак, варта адбіраць словы і канструкцыі ў адпаведнасці з выбраным стылем, асабліва ў пісьмовым маўленні.

Практыкаванне 21-3

Прачытайце каментарый майстроў беларускага слова пра мову некаторых твораў.

І. У п’есе … ёсць такая з’ява. Бяжыць сялянка і крычыць: «У чым справа? У чым справа?» Няўжо гэта крычыць сялянка? Не, гэта крычыць сам аўтар п’есы.
Вядома, што аўтар тут выказаў тое, што хацеў выказаць. Непаразуменне сялянкі паказана. Але выказана гэтакай мовай, што тып сялянкі, які, скажам, раней ужо пачаў уяўляцца гледачу, разбіўся і прапаў ад аднаго слова. Сялянка … устрывожылася і замест «што гэта робіцца?» або «што гэта там?» крычыць «у чым справа?» (Паводле К. Чорнага).
ІІ. Вось толькі некалькі прыкладаў канцылярска-бюракратычных штукарстваў:
«Ён перажываў, таму што сярод партызан доўга яму не было даверу. Яго правяралі доўга, ужывалі для гэтага розныя метады».
«Ён страціў зрок у выніку захворвання два гады назад. Як толькі палепшыўся стан здароўя, ён пайшоў на работу».
Давайце паспрабуем пашукаць, як бы гэта ўсё можна было сказаць іначай. Ці не пацяплеюць гэтыя радкі, калі зняць з іх квяцістае канцылярскае шумавінне:
«Ён перажываў, бо партызаны яму доўга не верылі… Яго правяралі ўсякімі спосабамі, як толькі маглі».
«Ён аслеп ад хваробы два гады назад і, як толькі паправіўся пасля аперацыі, пайшоў на работу» (Паводле Я. Скрыгана).

Практыкаванне 21-4

Прачытайце дыялог. Вызначце яго стыль, назавіце моўныя сродкі, не характэрныя для гэтага стылю. З якой мэтай яны ўжыты аўтарам у тэксце?

У паліклініцы.
— Здарова, Зойка. Што ты тут робіш?
— Я па пытанні зубоў.
Гэта не жартам: дзяўчына на кіруючай рабоце (Я. Брыль).

Практыкаванне 21-5

У прыведзеных прыкладах знайдзіце словы і выразы, якія адносяцца да афіцыйнага стылю, але ўжыты за яго межамі. Адзначце выпадкі змешвання стыляў. Зрабіце стылістычную праўку і запішыце сказы.

1) Спаборніцтвы прайшлі вельмі цікава, але пад канец матча гледачы вымушаны былі схавацца пад парасоны з-за ападкаў у выглядзе дажджу і снегу.
2) Мне вельмі не хочацца адмаўляць вам, але з прычыны неабходнасці завяршэння тэрміновай працы я не змагу прыехаць да вас у нядзелю.
3) Калі Васілёк убачыў, што маці ажыццяўляе пакупку трох плітак шакаладу, ён адчуў вялікае пачуццё радасці.
4) Мне захацелася большага ўзроўню камфорту, і гэта стала адным з рашаючых фактараў для куплі ложка.

Кантрольныя пытанні і заданні

1. Якая лінгвістычная дысцыпліна называецца стылістыкай?
2. Дайце азначэнне функцыянальнаму стылю.
3. Акрэсліце мэту і агульныя стылёвыя рысы навуковага стылю.
4. У чым заключаецца адметнасць лексічных, марфалагічных і сінтаксічных сродкаў тэкстаў навуковага стылю?
5. Якімі адзнакамі вылучаецца навукова-папулярны стыль?
6. Якую сферу грамадскіх зносін абслугоўвае публіцыстычны стыль?
7. Вызначце спецыфіку лексікі публіцыстычнага стылю.
8. Прадэманструйце на прыкладах марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці тэкстаў публіцыстычнага стылю.
9. Абгрунтуйце думку, што тэксты публіцыстычнага стылю арыентаваны на дыялог з чытачом (слухачом).
10. Ахарактарызуйце ролю газетных загалоўкаў.
11. Акрэсліце мэту тэкстаў афіцыйнага стылю.
12. Пакажыце спецыфіку афіцыйных тэкстаў на лексічным, марфалагічным і сінтаксічным узроўнях.
13. Назавіце асноўныя ўласцівасці тэкстаў гутарковага стылю.
14. Прывядзіце прыклады дыялогаў гутарковага стылю. Вызначце іх лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці.
15. Дакажыце, што мастацкі тэкст — гэта складаная эстэтычная сістэма.
16. Якія разнавіднасці інфармацыі выдзяляюцца ў мастацкім тэксце?
17. Раскажыце пра адметнасць стылю вашага любімага пісьменніка.
18. Тэксты якога стылю, на вашу думку, найбольш запатрабаваны сучасным грамадствам?