*§ 2-6. Стылістычны аналіз тэксту. Стылістычныя нормы. Памылкі, выкліканыя парушэннем стылістычных норм

Практыкаванне 21-1

Прачытайце тэксты і ўзоры іх стылістычнага аналізу. Ахарактарызуйце паслядоўнасць аналізу тэкстаў.

І. Лексіка (ад грэч. lexikos — слоўнікавы) — сукупнасць усіх слоў якой-небудзь мовы або дыялогу. Лексікай называюць яшчэ кожны стылістычны пласт слоўнікавага складу мовы (напрыклад, нейтральная лексіка, размоўная лексіка, абстрактная лексіка), а таксама сукупнасць слоў, што ўжываюцца ў пэўнай сферы дзейнасці чалавека (напрыклад, ваенная лексіка, ганчарная лексіка) або выкарыстаны аўтарам у якім-небудзь творы (напрыклад, лексіка паэмы Я. Коласа «Новая зямля»). Лексіка бесперапынна змяняецца, папаўняючыся новымі словамі і трацячы пэўную колькасць устарэлых. Храналагічна адрозніваюць сучасную і гістарычную (архаічную) лексіку. Паводле паходжання лексіка падзяляецца на ўласную, запазычаную з іншых моў і інтэрнацыянальную — агульную для многіх моў (БелЭн).

Выпішыце з тэксту лінгвістычныя тэрміны. Раскрыйце іх сэнс.

Аналіз навуковага тэксту

Тэкст належыць да навуковага стылю. Мэтай яго з’яўляецца паведаміць дакладныя звесткі, якія маюць навуковае значэнне. У тэксце рэалізаваны асноўныя рысы навуковага маўлення: аб’ектыўнасць, абагульненасць, абстрактнасць. Выказванню ўласцівы строгі лаканізм у падачы лінгвістычных звестак, інфармацыйная насычанасць.
У прыведзеным тэксце шмат тэрмінаў з канкрэтнай галіны навукі — мовазнаўства: лексіка, дыялект, стылістычны пласт, слоўнікавы склад і інш. Ужываюцца словы з адцягненым значэннем: сукупнасць, колькасць, дзейнасць. Увогуле пераважае лексіка, характэрная для кніжнай мовы. У артыкуле прыведзены класіфікацыі паводле розных прынцыпаў, таму вылучана некалькі груп аднародных членаў: нейтральная, размоўная, абстрактная лексіка; сучасная, гістарычная (архаічная) лексіка і інш. Для выкладу характэрны паслядоўнасць (ад агульнага — да прыватнага), лагічнасць. Форма выказніка (3-я асоба множнага ліку — называюць, адрозніваюць) паказвае на аб'ектыўны характар звестак. Тэкст пазбаўлены эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі, словы ўжыты ў прамым значэнні (Паводле А. Каўруса).
ІІ.                                                                                                                            Летапісец
Ён быў геніяльны паэт. Яго звалі Максім Багдановіч. Усё жыццё ён думаў пра Беларусь, пра людзей, піянерам ішоў праз нетры, прасякаючы шлях, церабіў зараснікі дрымоты, адольваў гнілыя дрэвы хлуслівых аўтарытэтаў, каб яны не п́адалі на галаву Чалавеку.
Ён працаваў натхнёна, нават катаржна. Можа, таму і падарваўся. І адышоў, не пакінуўшы нам суцяшэння. І здаецца ён нам чымсьці далёкім (хаця і давеку блізкі), чымсьці такім, што даўно адышло ў небыццё (хаця грэе нас нязгасным праменнем бясспрэчнай геніяльнасці).
Якая прычына, што Багдановіч застаецца ледзь не самай сімпатычнай і роднай постаццю ў гісторыі літаратуры?
Па-першае, ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй: яны былі сузор’ем. Ён — самотнай зоркай, якая, вядома, бачыла святло ад вялікай галактыкі свайго народа.
Па-другое, гэты чалавек не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў свайго сумлення да згоды.
Па-трэцяе, ён пацвярджаў годнасць людскую, клікаў да міласэрнасці і на гэтай дарозе адступленняў не ведаў.
Па-чацвёртае, быў наскрозь гістарычным паэтам, абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар. За многія дзесяцігоддзі бяспраўя з людзей выбівалі памяць. Здавалася, маўчалі вякі, здавалася, у нас не было мінулага, а значыць, не было акрэсленай будучыні.
І вось з’яўляецца юнак і, падобна летапісцу з уласнага верша, раптам напамінае: «Падымі галаву! За табою — продкі! За табою — веліч! За табою — барацьба! Ты не бязбацькавіч! У цябе ёсць продкі, якімі трэба ганарыцца, і будуць легендарныя нашчадкі!» (Паводле У. Караткевіча).

У якім значэнні ўжыта слова піянер у тэксце?
Выпішыце сказы, ускладненыя адасобленымі акалічнасцямі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

Аналіз публіцыстычнага тэксту

Тэкст належыць да публіцыстычнага стылю. Яго мэта — вобразная, ацэначная перадача дакладнай інфармацыі з мэтай эмацыянальнага ўздзеяння на чытача. Тэкст увасабляе ўзор твора, у якім спалучаюцца лагічнасць, доказнасць і эмацыянальнасць, вобразнасць. Характэрнымі асаблівасцямі тэксту з’яўляюцца аўтарская стрыманасць, натхнёнасць і пераканальнасць тэзісаў-палажэнняў, што раскрываюць бясспрэчную геніяльнасць Багдановіча (гэтаму спрыяе прыведзеная сістэма доказаў, аформленых з дапамогай слоў па-першае, па-другое, па-трэцяе, па-чацвёртае).
З мэтай аказаць уздзеянне на розум і пачуцці чытача ў тэксце задзейнічаны разнастайныя пласты лексікі: тэрміны літаратуразнаўства і мастацтва (паэт, верш, гісторыя літаратуры, гістарычнае мысленне); агульналітаратурныя словы (аўтарытэт, Чалавек, асоба, геніяльнасць, постаць, сузор’е, зорка, галактыка, годнасць, памяць, кампраміс).
У тэксце актыўна выкарыстоўваюцца сродкі маўленчай выразнасці: мастацкія азначэнні (хлуслівыя аўтарытэты, сімпатычная постаць у літаратуры, самотная зорка, гістарычны паэт), інверсійны (адваротны) парадак слоў. Тэксту ўласцівы шматлікія словы з пераносным значэннем, нязбітыя метафарычныя спалучэнні, што дэманструюць арыгінальнасць мыслення і самабытнасць слова вялікага паэта (летапісец, бязбацькавіч, церабіць зараснікі дрымоты, піянерам ішоў, святло галактыкі свайго народа, выбіць памяць).
Сінтаксічны лад тэксту вызначаецца разнастайнасцю: апавядальныя і пытальныя сказы, рытарычныя пытанні, складаныя сказы рознай будовы. Паўната, гама пачуццяў пацверджана разгалінаванай сістэмай знакаў прыпынку.
Тэкст падаецца ў форме разважання, у якім пераплецены лагічныя і эмацыянальныя сродкі ўздзеяння на адрасата. Паводле формы тэкст маналагічны, аднак па сутнасці аўтар імкнецца да зваротнай рэакцыі, дыялогу з чытачом, няхай і апасродкаванага.