*§ 2-2. Публіцыстычны стыль

Практыкаванне 12-2

Прачытайце ўрыўкі з артыкула беларускай даследчыцы Тамары Трыпуцінай.

Мова газетных загалоўкаў

Першы нумар газеты «Звязда» выйшаў у 1917 годзе. З 1927 года газета выдаецца на беларускай мове, а гэта значыць, што яна не толькі асвятляе пытанні грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця рэспублікі, але і выхоўвае любоў і павагу да роднай мовы.
Сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што любая газета вельмі рэдка прачытваецца цалкам, але загалоўкі, як правіла, праглядаюць усе. Загаловак з’яўляецца своеасаблівым компасам, які дапамагае засяродзіць увагу чытача на пэўных матэрыялах. Арыгінальны загаловак прыцягвае ўвагу нават да не вельмі патрэбнага чытачу матэрыялу, а сапраўды цікавы артыкул можа застацца незапатрабаваным толькі таму, што загаловак аказаўся няўдалым.
Як жа газета «Звязда» спраўляецца з гэтай задачай?
Пераважная большасць загалоўкаў адпавядае патрабаванням, што прад’яўляюцца да газетных загалоўкаў. Ні змест, ні іх мова не выклікаюць пярэчання. Такім загалоўкам уласціва належная інфармацыйнасць, дакладнасць, лаканічнасць, яны вызначаюцца нарматыўнасцю лексічных і граматычных сродкаў. Аднак часам сустракаюцца загалоўкі, мова (лексіка, фразеалогія, сінтаксіс) якіх выклікае шэраг заўваг.
«“Зёлкі” ідуць» — так называецца матэрыял, у якім паведамляецца пра перамяшчэнне праз мяжу Беларусі наркатычных рэчываў. У беларускай мове зёлкі — гэта лекавыя расліны, ніякага іншага значэння слова не мае. І нягледзячы на тое, што журналіст узяў слова ў двукоссе, тым самым як бы папярэдзіўшы, што назоўнік ужываецца не ў сваім прамым значэнні, загаловак не стаў зразумелым.
У беларускай мове ўжываюцца дзеясловы любіць і кахаць. Першы дзеяслоў мае некалькі значэнняў, другі — адно: ён ужываецца, калі гаворка ідзе пра адносіны асоб мужчынскага і жаночага полу, не звязаных сваяцтвам: кахаць нявесту, кахаць мужа. Ва ўсіх іншых выпадках ужываецца дзеяслоў любіць: любіць радзіму, любіць прыроду, любіць музыку, любіць пагаварыць. Крыўдна, што ў выніку элементарнай моўнай неахайнасці з’яўляецца назва «Крылы, якія нас кахаюць». Аўтара не збянтэжыла, што загаловак цікавага і пазнавальнага артыкула, у якім расказваецца пра птушак, што жывуць побач з чалавекам, нагадвае недарэчную галаваломку.
Каб загалоўкі адпавядалі зместу тэксту, акрэслівалі яго праблематыку, былі не толькі дакладнымі, лаканічнымі, але бездакорнымі ў моўных адносінах, патрэбна высокая моўная культура журналістаў.
Яна — найважнейшая ўмова фарміравання культуры мовы чытачоў.

Якая праблема хвалюе аўтара?
Што перадае загаловак тэксту: тэму ці асноўную думку?
Дайце тэксту загаловак, які перадаваў бы яго асноўную думку.
Сфармулюйце патрабаванні да газетнага загалоўка. Якую ролю ён выконвае?
Чым, на вашу думку, можна патлумачыць небездакорнасць мовы газетных загалоўкаў?
Складзіце ўласныя прыклады з дзеясловамі любіць і кахаць, улічыўшы розніцу паміж іх значэннямі. Запішыце іх.