*§ 2-2. Публіцыстычны стыль

Публіцыстычны стыль

Публіцыстычны стыль абслугоўвае сферу грамадскіх зносін. Публіцыстычны характар маюць матэрыялы перыядычнага друку, жанры грамадска-палітычнай літаратуры (рэпартаж, інтэрв’ю, эсэ, замалёўка і інш.), аратарскія выступленні на сходах, мітынгах.
Мэта публіцыстычнага стылю — спалучыць дакладнасць інфармацыі і вобразнасць, ацэначнасць маўлення з мэтай эмацыянальна ўздзейнічаць на слухача (чытача), фарміраваць яго перакананні, погляды.
Лексіка тэкстаў публіцыстычнага стылю вызначаецца агульнаўжывальным характарам, паколькі іх змест разлічаны на масавага чытача, а не на вузкіх спецыялістаў (як, напрыклад, навуковыя тэксты). На фоне нейтральнай пашырана тэрміналагічная, гутарковая і дыялектная лексіка, выкарыстоўваюцца метафары, параўнанні, гіпербала, іншыя вобразныя сродкі мовы. Інфармацыйнасць публіцыстычнага стылю патрабуе дакладнасці ў выкарыстанні фактаў, дат, уласных назваў і г. д.
Публіцыстычны стыль разлічаны на эмацыянальнае ўздзеянне, таму марфалагічныя асаблівасці, як правіла, накіраваны на выяўленне асабістых адносін аўтара да падзей. Адпаведна шырока ўжываюцца займеннікі і дзеясловы ў форме 1-й асобы адзіночнага і множнага ліку. Эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць тэкстаў падтрымліваецца актыўным выкарыстаннем ацэначных форм, мастацкіх азначэнняў.
Сінтаксіс тэкстаў публіцыстычнага стылю характарызуецца пераважным ужываннем простых, няпоўных, намінатыўных сказаў, выкарыстаннем звароткаў, рытарычных пытанняў, пабочных канструкцый.
Тэксты публіцыстычнага стылю паводле формы маналагічныя, аднак па сутнасці яны арыентаваны на дыялог з чытачом, слухачом, гледачом.