*§ 2-2. Публіцыстычны стыль

Практыкаванне 13

Прачытайце размову з вядомым скульптарам, прафесарам, загадчыкам кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімірам Іванавічам Слабодчыкавым, аўтарам мемарыяльнага знака «Залаты фаліянт», які быў урачыста адкрыты ў верасні 2008 года ў парку культуры і адпачынку імя Горкага ў Барысаве (Мінская вобласць) да 15-годдзя святкавання Дня беларускага пісьменства.

Уладзімір Іванавіч, патлумачце, у чым арыгінальнасць задумкі «Залатога фаліянта».
— Мемарыяльны знак уяўляе сабой скульптуру ў выглядзе жанчыны, якая трымае над галавой кнігу. Такі ж самы выгляд мела аднайменная бронзавая статуэтка, якая ўручалася пераможцам 46-га рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі».
Жаночы вобраз — гэта сімвал жаночага пачатку і пачатку ўсяго ў прынцыпе. Але гэта жаночая постаць вельмі стылізавана. Гэта, хутчэй, проста сілуэт, які не павінен адцягваць ад галоўнага — ад фаліянта. Сам фаліянт уяўляе сабой аб’ёмны малюнак кнігі, дзе дакладна відаць дзве старонкі. На першай я зрабіў дакладную копію першай старонкі скарынаўскай Бібліі, вядомай усім, на другой — яшчэ адзін малюнак самага першага кнігавыдаўца Беларусі.
Такім чынам, пры стварэнні і бронзавай статуэткі, і памятнага знака вы адштурхоўваліся ад вытокаў беларускага кнігадрукавання.
— Сапраўды так. Мы вярнуліся да самай першай кнігі, выпушчанай на старабеларускай мове нашым суайчыннікам Ф. Скарынам. І тут усё становіцца вельмі сімвалічным: проста кніга, самая першая кніга і кніга за найлепшую кнігу (маецца на ўвазе ўзнагарода ў конкурсе). Мне гэта ідэя здаецца ўдалай, бо яна праверана часам і на працягу гадоў будзе актуальнай, хоць я дапускаю, што магчымы сякія-такія змены ці дапаўненні. У гэтай традыцыйнасці закладзена ўсё тое, што я хацеў выказаць...

Вызначце стыль і жанр маўлення. Назавіце характэрныя прыметы гэтага стылю, пацвердзіце свой адказ прыкладамі з тэксту. У чым асаблівасць будовы тэксту, створанага ў гэтым жанры?
Якое пытанне вы маглі б задаць аўтару бронзавай статуэткі і памятнага знака? Сфармулюйце і запішыце гэта пытанне.
Разгледзьце малюнак бронзавай статуэткі і памятнага знака (на вокладцы вучэбнага дапаможніка). Апішыце скульптуру з апорай на тэкст.