*§ 2-2. Публіцыстычны стыль

Практыкаванне 12

Прачытайце тэкст. На яго аснове раскажыце пра асаблівасці публіцыстычнага стылю.

Прызначэнне публіцыстыкі — паведамляць навіны штодзённага жыцця, культуры, навукі, растлумачваць грамадска-палітычныя пытанні. Гэтым выклікана, з аднаго боку, выкарыстанне грамадска-палітычнай тэрміналогіі, з другога боку — моўных сродкаў для выказвання настрою, пачуццяў, у прыватнасці эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. У публіцыстычным творы арганічна спалучаюцца лагічна-абстрактная, або навуковая, і эмацыянальна-вобразная, або мастацкая, формы адлюстравання рэчаіснасці. Разгледзім некаторыя стылёва-моўныя рысы наступнага тэксту:
Кніга — гэта вечны, незгасальны агонь людскога сэрца і розуму. На працягу вякоў яна была адным з самых поўных сродкаў перадачы вопыту з пакалення ў пакаленне. Яна адзіны жывы сведка чалавечага прагрэсу. Не зважаючы на новыя тэхнічныя сродкі фіксацыі і перадачы гэтага вопыту ў нашу эпоху, кніга і цяпер служыць і надалей будзе нязменна служыць чалавеку («Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»).
Тэкст вызначаецца актуальнасцю тэмы (значэнне кнігі, ведаў). Яму ўласцівы пафаснасць, узнёсласць; наяўнасць словазлучэнняў, характэрных для публіцыстычнага стылю: незгасальны агонь, жывы сведка, наша эпоха, нязменна служыць і г. д. З дапамогай гэтыхмоўных сродкаў перадаецца адкрытая ацэначнасць, эмацыянальнасць маўлення. Аўтарскаям пазіцыя адлюстроўвае пашыраны ў грамадстве пункт погляду (А. Каўрус).