*§ 2-3. Афіцыйны стыль

Паслухаем мовазнаўцаў

Штамп — шматразова паўтораны, механічна пазычаны, зашмальцаваны, надакучлівы выраз — з’яўляецца сур’ёзнай стылістычнай памылкай. Гэта сведчанне моўнай бездапаможнасці і ляноты думкі (В. Ляшук).
Ужыванне штампаў стрымлівае мысленне, накіроўваючы яго ў звыклае рэчышча, надаючы разнастайным праявам жыцця ненатуральную аднастайнасць, адвучвае чалавека ўяўляць і мысліць (Т. Тамашэвіч).
Штамп — гэта толькі прывід думкі. Ён нават можа маскіравацца пад унушальнасць. Але толькі знешне. Калі ў ім і была думка, дык яна выпырхнула, як ёй там стала цесна. Асталася адна ўпакоўка. Штампам часцей за ўсё спакушаюцца людзі, якія не паспелі выпрацаваць добрага густу (Р. Шкраба).