*§ 2-3. Афіцыйны стыль

Афіцыйны стыль

Афіцыйны стыль абслугоўвае сферу афіцыйных і дзелавых зносін людзей, устаноў. Гэта стыль дзяржаўных дакументаў, указаў, загадаў, законаў, дзелавых папер.
Мэта афіцыйнага стылю — рэгуляваць, наладжваць сацыяльныя, службовыя і дзелавыя адносіны. Асноўная форма бытавання гэтага стылю — пісьмовая.
Агульныя стылёвыя рысы афіцыйнага стылю: дакладнасць, адназначнасць, недвухсэнсоўнасць фармулёвак, устойлівасць, стэрэатыпнасць структуры дзелавых папер (аб’ява, даведка, заява, пратакол, аўтабіяграфія і інш. пішуцца па традыцыйнай, агульнапрынятай форме).
Лексіка тэкстаў афіцыйнага стылю характарызуецца стандартызаванасцю, уніфікаванасцю выразаў, адсутнасцю эмацыянальна-афарбаваных адзінак, ужываннем штампаваных і канцылярскіх зваротаў (вызначаецца заканадаўствам, дазваляецца законам, давесці да ведама, дагаворныя бакі і інш.). У афіцыйным стылі такія выразы дарэчныя, яны падкрэсліваюць афіцыйны характар папер. Ужыванне канцылярскіх зваротаў у гутарковым, публіцыстычным, мастацкім тэкстах апраўдана выключна стылістычнымі мэтамі.
На марфалагічным узроўні спецыфіку тэкстаў афіцыйнага стылю складаюць: пераважнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, актыўнае выкарыстанне дзеяслоўных інфінітыўных форм, дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных зваротаў.
Сінтаксіс тэкстаў афіцыйнага стылю характарызуецца прамым парадкам слоў, выкарыстаннем намінатыўных сказаў, а таксама адзінак, ускладненых адасобленымі зваротамі, аднароднымі членамі.