Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-3. Афіцыйны стыль

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-3. Афіцыйны стыль
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 20:53

Афіцыйны стыль

Афіцыйны стыль абслугоўвае сферу афіцыйных і дзелавых зносін людзей, устаноў. Гэта стыль дзяржаўных дакументаў, указаў, загадаў, законаў, дзелавых папер.
Мэта афіцыйнага стылю — рэгуляваць, наладжваць сацыяльныя, службовыя і дзелавыя адносіны. Асноўная форма бытавання гэтага стылю — пісьмовая.
Агульныя стылёвыя рысы афіцыйнага стылю: дакладнасць, адназначнасць, недвухсэнсоўнасць фармулёвак, устойлівасць, стэрэатыпнасць структуры дзелавых папер (аб’ява, даведка, заява, пратакол, аўтабіяграфія і інш. пішуцца па традыцыйнай, агульнапрынятай форме).
Лексіка тэкстаў афіцыйнага стылю характарызуецца стандартызаванасцю, уніфікаванасцю выразаў, адсутнасцю эмацыянальна-афарбаваных адзінак, ужываннем штампаваных і канцылярскіх зваротаў (вызначаецца заканадаўствам, дазваляецца законам, давесці да ведама, дагаворныя бакі і інш.). У афіцыйным стылі такія выразы дарэчныя, яны падкрэсліваюць афіцыйны характар папер. Ужыванне канцылярскіх зваротаў у гутарковым, публіцыстычным, мастацкім тэкстах апраўдана выключна стылістычнымі мэтамі.
На марфалагічным узроўні спецыфіку тэкстаў афіцыйнага стылю складаюць: пераважнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, актыўнае выкарыстанне дзеяслоўных інфінітыўных форм, дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных зваротаў.
Сінтаксіс тэкстаў афіцыйнага стылю характарызуецца прамым парадкам слоў, выкарыстаннем намінатыўных сказаў, а таксама адзінак, ускладненых адасобленымі зваротамі, аднароднымі членамі.

Практыкаванне 14

Запішыце тэкст па-беларуску.

Служебные документы обладают следующими обязательными качествами:
достоверность и объективность,
точность, исключающая двоякое понимание текста,
максимальная краткость, лаконичность формулировок,
безупречность в юридическом отношении,
стандартность языка при изложении типовых ситуаций делового
общения,
нейтральный тон изложения,
соответствие нормам официального этикета, которое проявляется
в выборе устойчивых форм обращения и соответствующих жанру слов
и словосочетаний, в построении фразы и всего текста (Г. Солганик).

Слоўнік
обладать — валодаць, мець
достоверность — дакладнасць
двоякий — дваякі
безупречность — бездакорнасць
изложение — выклад
краткость (сжатость) — кароткасць (сцісласць)

Практыкаванне 15

 Як вядома, заява — гэта пісьмовая просьба, напісаная паводле ўстаноўленай формы. Прааналізуйце ўзор заявы.

Заява
22.09.2020                                                                                                                           

Рэктару Беларускага дзяржаўнага
ўніверсітэта
прафесару Каралю А. Д.
выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі
новага і навейшага часу
Акуневіча В. У.
Прашу дазволіць выкарыстанне архіўных матэрыялаў бібліятэкі для афармлення выстаўкі, прысвечанай юбілею ўніверсітэта.
В. У. Акуневіч (подпіс)

Якая мэта напісанай заявы?
Назавіце часткі, на якія можна падзяліць тэкст заявы.
Вызначце асаблівасці дакумента, якія сведчаць пра яго прыналежнасць да афіцыйнага стылю.

Практыкаванне 15-1

 Прачытайце тэкст жартоўнай заявы.

                                                                                             

Рэктару ўніверсітэта
ад студэнта і паэта
Гілевіча Ніла

Заява

Няважная, таварыш рэктар, справа.

Каторы дзень не маю ні кап’я:
Звяліся грошыкі ў мяне дазвання.
Раней ніколі не было, каб я
На семінар прыходзіў без снядання.

А зараз… О, мой добры гаспадар!
Каторы дзень бадзяюся не еўшы!
Быццё нанесла мне страшэнны ўдар —
І здохла муза, і прапалі вершы.

Гаворка тут ідзе не пра душу:
Душы салжэш, а вось кішцэ — ніколі.
Таварыш рэктар, як айца, прашу:
Пазыч траяк, калі не маеш болей…

А доўг я са стыпендыі аддам.
Калі ж яшчэ падзарабіць удасца —
То нават процанты надбаўлю Вам,
А калі не, то, выбачайце, трасца!

О, выбачайце! Гэта ўсё — хлусня.
Хоць мне стыпендыі і недаволі,
Ды без яды я не сядзеў ні дня
І пазычаць не стану ў Вас ніколі.

А праўда вось — і тут я не хлушу,
Адно пранікніце ў маю задуму:
Я гэта верш на лекцыі пішу —
Каб не памерці ад нуды і суму.

1951, 26 кастрычніка  Ніл Гілевіч.

Ці адпавядае тэкст патрабаванням да напісання заявы?
Чаму ён не можа быць аднесены да афіцыйнага стылю? Пацвердзіце свой адказ прыкладамі з тэксту.

Практыкаванне 15-2

Прачытайце тэкст. Вусна перакажыце яго па-беларуску.

При обозначении автором заявления допустимы две формы: родительного падежа без предлога и с предлогом от. При употреблении родительного падежа без предлога подчёркивается принадлежность документа (чьё заявление), форма родительного падежа с предлогом от указывает на адресующий характер документа (от кого направлен документ). В настоящее время по канцелярской традиции предпочтителен вариант без предлога (Г. Солганик).

Слоўнік:
допустимый — дапушчальны
адресующий — адрасны
предпочтительный (желательный) — (самы) лепшы, найлепшы; пажаданы, жаданы; пераважны

Звярніце ўвагу!

Афіцыйны стыль выпрацаваў звароты, якія з-за частага выкарыстання ў іншых моўных сферах становяцца штампамі: вострая (рэзкая, справядлівая) крытыка, упартая барацьба, магутная (грозная) зброя, зацікаўленая (грунтоўная) размова, ударныя тэмпы, своечасовыя (неабходныя) меры і г. д.

Паслухаем мовазнаўцаў

Штамп — шматразова паўтораны, механічна пазычаны, зашмальцаваны, надакучлівы выраз — з’яўляецца сур’ёзнай стылістычнай памылкай. Гэта сведчанне моўнай бездапаможнасці і ляноты думкі (В. Ляшук).
Ужыванне штампаў стрымлівае мысленне, накіроўваючы яго ў звыклае рэчышча, надаючы разнастайным праявам жыцця ненатуральную аднастайнасць, адвучвае чалавека ўяўляць і мысліць (Т. Тамашэвіч).
Штамп — гэта толькі прывід думкі. Ён нават можа маскіравацца пад унушальнасць. Але толькі знешне. Калі ў ім і была думка, дык яна выпырхнула, як ёй там стала цесна. Асталася адна ўпакоўка. Штампам часцей за ўсё спакушаюцца людзі, якія не паспелі выпрацаваць добрага густу (Р. Шкраба).

Практыкаванне 15-3

Да прыведзеных канцылярызмаў і штампаў падбярыце сінанімічныя словы і выразы з нейтральнай стылістычнай афарбоўкай. Раскажыце пра сферу іх выкарыстання.

Давесці да ведама —
Праяўляць клопат —
Аказваць дапамогу —
Правесці вялікую работу па … —
Прыняць рашэнне —
Весці барацьбу за павышэнне паспяховасці —